Выбрать главу

– Дык што ты казаў пра грошы? – спытаў, наталіўшы голад, выціраючы пальцы і вусны сурвэткай, матацыкліст. Хаця Лагун нічога пра іх не казаў. – Мне трэба грошы. На адваката, каб выцягнуць сяго-таго з суда. Аднаго чалавека, не абыякавага табе. Не чужога. Маю сястру. Памятаеш? Яна патрапіла ў гісторыю…

Лагун паспрабаваў рыпнуцца, выкруціцца, растлумачыць, што ён сам на птушыных правах:

– Выпадкова тут апынуўся…

– Э-э, братан. Вось які ты стаў. Забранзавеў. Заганарыўся.

– Я паспрабую…

Дамовіліся сустрэцца на гэтым жа месцы, каля піва і грылю. У час абеду Міхалевіч пацікавіўся: “З кім ты размаўляў? Хто гэта?”

– Ніхто, – адказаў Лагун. – Памылка.

А пасля абеду проста ўцёк, пайшоў гуляць у сасновы рэліктавы лес. Хадзіў між дрэў, адпачываў на палянках, удыхаў родныя пахі смалы і чарнічніку. Нібы апынуўся дома, у беларускім лесе. Калі па яго разліках даўно мінуў час прызначанай сустрэчы, пачало цямнець, людзі сыходзілі з пляжа, акрамя рамантыкаў і закаханых, Лагун падабраўся да катэджа – і пачуў знаёмы голас з балкона. Нізкі і так, сам па сабе, увечары ён аж гудзеў, здавалася, слаўся па зямлі і даходзіў да самага мора.

– Зу-зу-зу… Бу-бу-бу… Усё гэта я так, з мужчынскай салідарнасці… Каб паставіць вас у вядомасць, – даносілася да Лагуна. – Не ў маіх правілах умешвацца ў чужыя справы… не такі я чалавек… не маю такой звычкі… не такі ў мяне характар… Зу-зу-зу…

Лагун мог разабраць толькі палавіну таго, што казаў матацыкліст.

– Бу-бу-бу… Я не прывык пляткарыць… вышэй гэтага… але закрануты гонар маёй сястры… выключна дзеля таго, каб акупіць адваката… а ён, гэты Лагун… Зу-зу-зу…

Лагун стаяў у цемры, якая надта ж хутка, па-паўднёваму згусцілася, і думаў: вось і ўсё. Вось так і яго сувязь з Інгай выкрыецца. І тады – бывай, дом, бывай, кінастудыя, фільм, а можа, і маё жыццё. Дачакаўшыся, калі матацыкліст нарэшце пайшоў, ён з цемры наблізіўся да светлага балкона і, хоць усё ў ім трымцела, рашуча набраў паветра ў грудзі.

– Я ўсё чуў… Так, я не ўсё сказаў вам… Але гэта таму, каб зберагчы вашы нервы! Так як вы зберагаеце вашай жонцы… Я вас вельмі цаню, каб увязваць у свае…

– Не хвалюйся.

– Гэтыя нібыта брат з сястрою, – хутка, пераканаўча гаварыў Лагун, – чым яны займаюцца… Гэта ў іх сямейны бізнес… ён падстаўляе яе і затым шантажом выманьвае грошы…

– Не хвалюйся. Я заплаціў яму.

– Вы? Заплацілі? Нашто? – ускрыкнуў Лагун, нібыта гэта былі яго грошы. – А калі ён зноў захоча?

– Паабяцаў, што не захоча. Але ты… Як ты мог? Не сказаў ні пра айчыма, ні пра сясцёр. Ні пра маці. Гэта ж лёгка было вырашыць – памагчы тваёй сям’і хаця б матэрыяльна…

Лагун не паспеў адкрыць рот, як Міхалевіч зрабіў знак, каб не перабіваў:

– Я разумею – гонар, шчырасць, сумленне і гэтак далей. Але ж нельга быць такім… цнатлівым у наш час!

Лагун выдыхнуў з палёгкаю. І гэтая непрыемнасць абышла яго бокам, закранула толькі ўскосна. Ён ужо быў паспадзяваўся, што так усё нічым і не скончыцца. Але дарэмна. Пасля гэтага выпадку нібы трэшчына прайшла паміж імі. Спачатку ледзь заўважная, а потым неяк пакрысе Міхалевіч пачаў ад яго аддаляцца, вочы ў яго больш не гарэлі, а ўсмешка не кранала вуснаў. Ён нязвыкла многа маўчаў і ўсё часцей задумваўся. Пад канец яны настолькі перасыціліся адзін адным, так прагнулі адпачыць ад поўдня і адзін ад аднога, што не маглі дачакацца дня ад’езду, а калі ён надышоў, не хавалі радасці.

31

Прыезд мужа быў раптоўны, без званка. Як толькі Інга ўбачыла яго, пачула знаёмы, прастуджаны голас, сэрца ледзь не выскачыла з грудзей, ёй стала блага. Як жа, аказваецца, моцна яна чакала, як спадзявалася, што здарыцца нешта, якісь няшчасны выпадак, і цяпер адчула расчараванне, змешанае са страхам: да чаго яна дайшла, як яна такое можа ўвогуле дапускаць.

Што да мужа, ён, узіраючыся ў Інгу, быў прыемна здзіўлены. Жонка ўразіла яго. Ён пакідаў яе разбітай, спалоханай, разгубленай, і вось, пабыўшы адна, у тлумным горадзе, яна пахарашэла і паздаравела, а ён на курорце ля мора, у сваім “унікальным клімаце”, толькі зблажэў. Але галоўнае, за гэты месяц з жонкаю адбыліся перамены ўнутраныя. Гэтага нельга было не заўважыць. З’явілася ўпэўненасць у вачах, рашучасць у словах і рухах. Такой ён яе ніколі не бачыў.

– Ты паздаравела, – адзначыў ён не без зайздрасці. – І пахарашэла. Як табе гэта ўдалося?

– А ты чаго такі стомлены? Як бы і не адпачываў. Прастуджаны, мала загарэлы.

– Яшчэ і тэмпературны. Акліматызацыя зацягнулася. Ты ж ведаеш, так заўсёды са мной на поўдні. Каб не твае кроплі… Прабач, я без дазволу забраў твой флакончык.