Выбрать главу

– Не.

– Дык спытай. І акажацца, што яна ні сном, ні духам, ні ў чым не вінаватая. Хаця, – журчэў Рыцін голас, – я б табе не раіла чапаць яе. Асабліва цяпер. Увогуле, табе трэба трымацца ад іх далей.

– Чаму?

– Якія ж вы, мужчыны, сляпыя і нездагадлівыя, – Рыта ўздыхнула. – Ну сам падумай, чаму яна так сябе паводзіць.

– У яе алергія, – сказаў Лагун.

– Алергія… Як жа! – пасміхнулася Рыта.

Які б ні быў Лагун тугадумны, але і да яго нарэшце пачало даходзіць. “Дык вунь яно што! Цяпер усё ясна. Усё зразумела!” Зноў нядобрыя думкі ажылі і заварушыліся ў ім. А Рыта, нібы не заўважаючы гэтага, заманліва шаптала:

– Пакінь ты іх у спакоі. Бо гэта ўжо далёка зайшло. Нашто табе лішнія праблемы? Ты хочаш непрыемнасцяў? Дык ты іх атрымаеш. Хай яны жывуць сабе. Усё, што мог, ты ад іх ужо ўзяў, а што не паспеў, тое, можа быць, змагу даць табе я. З тваім талентам…

Але ён ужо не слухаў. Усё ж такі перахітрылі, абвялі вакол пальца, пакінулі ні з чым. Скарысталіся яго дабрынёй. Ён яшчэ таксама! Як можна было ўмудрыцца нічога не ўзяць з такой сітуацыі?

– Гэта што ж – так і скончыцца? Гэта ўсё? – разгублена пытаў ён, невядома да каго звяртаючыся. З усіх бакоў ён адчуваў сябе абдзеленым, несправядліва пакрыўджаным. – Ну, не! Ну, не! – З кожным паўторам яго голас набіраў абурэння, надзімаліся шчокі і нават вусны пачыналі трымцець ад крыўды. – Я маўчаць не буду… Не на таго напалі! Са мной нельга так… Я аўтар, малады, таленавіты, пачынаючы… Я…

Рыта моўчкі, насмешліва глядзела на яго.

33

І яшчэ адзін чалавек у гэты час пакутаваў і лічыў сябе абдзеленым. Гэта быў Максім Камар. Можа, калі б не яго раптоўны, такі яскравы ўзлёт, ён бы змірыўся і цягнуў бы лямку звычайнага, працавітага, але не крэатыўнага, сярэдняга кар’ерыста далей. Але ўспамін пра той свой зорны час пасяліўся ў ім і не даваў супакою, не пакідаў ні днём, ні ноччу, даводзячы яго да пакутлівых бяссонніц. Надта ж цудоўным, падобным на казку ці на чароўны сон, было яго ўзвышэнне. З болем і захапленнем Камар успамінаў імгненні таго кароткага перыяду, чым толькі яшчэ больш развярэджваў сябе. Пераглядваў кавалак відэа – пачатак заказанага ў рэстаране з прычыны ўступлення ў новую пасаду банкета, на якім прысутнічалі, акрамя ганаровых гасцей, яго маці, яго старэнькая першая настаўніца, выкладчык ВНУ, два школьныя і тры ўніверсітэцкія сябры; як звінелі чаркі і бакалы, адусюль нёсся ап’яняючы шум пахвальбы і ліслівасці, з усіх куткоў гучалі ціхія і адначасова аглушальныя кампліменты. Яны і цяпер стаяць у вушах. Якія словы гаварылі! Якія тосты! Вось яна, слава. Дзеля гэтага варта жыць. І сам ён, Камар, расчулены, з вільготнымі вачамі, усім дзякаваў, кланяўся, прыціскаючы руку да грудзей.

Разам з гэтым успаміналася і тое, чым усё скончылася. У самы разгар банкета, на вышэйшай кропцы яго ўзлёту, узнік малады, але важны чыноўнік, якога даўно чакалі, папрасіў дазволу на хвілінку забраць віноўніка ўрачыстасці, вывеў пад руку ў калідор.

«Вы ведаеце, адбылося нешта звышнепрадбачанае. Там, наверсе, раптам зацвердзілі іншую кандыдатуру. Міхалевіч-Яравую».

«І яна згадзілася?» – спытаў Камар і не пазнаў уласнага голасу.

«Так. Сама захацела».

«І як цяпер быць? – разгублена спытаў Камар. – Адпусціць гасцей? Рабіць выгляд, што нічога не адбылося? Што вы параіце?»

Чыноўнік развёў рукамі, паказваючы, што ён у такія сітуацыі не трапляў, так што выкручвайцеся самі як можаце. Госці прыціхлі. Затым папоўз між імі шэпт, пачало перадавацца, што здарылася нешта нядобрае, скандальнае. У Камара быў бледны твар, яго трэсла, і ўсе бачылі гэта. І маці, і настаўніца, і жонка, і дачка. Крыўда, злосць, прыніжэнне – усяму гэтаму тады не было краю. Усё ён перажыў і вярнуўся на ранейшае месца вонкава такім самым, як і быў, ветлівым, інтэлігентным, ціхім. Але ўсярэдзіне боль не думаў аціхаць. Смылела аж да гэтай пары, калі ўсё ўжо больш-менш пачало забывацца. Да ўсяго ён адчуваў амаль фізічныя пакуты, калі бачыў, або нават толькі ўяўляў, Інгу ў сваім ранейшым кабінеце – кабінеце, які за кароткі час так паспеў абжыць, за сталом, які паспеў так палюбіць. Варта было яму заплюшчыць вочы, як перад ім усплывалі стол, столь, вокны, крэслы паўз сцены. Ён быў такі гатовы да гэтага месца, так чакаў яго, так хацеў.

Калі б яго замяніў чалавек, лепшы за яго, яшчэ можна было б цярпець. Але Інга! Вось гэта было самым крыўдным. Камар уражваўся чалавечай несумленнасці. Ён хоць свой сцэнарый, сваё сімпатычнае, хоць і без прэтэнзій, “Рамонкавае поле” прапаноўваў. А Інга? Першае, што зрабіла, – прыцягнула пратэжэ, ці палюбоўніка, ці хто ён ёй там. Адкрыта! І цяпер усе носяцца з хлапчуком, які яшчэ нядаўна кошыкі ў гіпермаркеце збіраў, а цяпер усюды заходзіць, ледзь не нагамі дзверы расчыняючы.