І з той жа сілай, з якой Інга жадала пазбавіцца ад пасады – свайго месца, Камар з той жа сілай, толькі мацнейшай, жадаў, імкнуўся і ў снах бачыў, як бы гэтае месца вярнуць назад.
«Не для таго дабіўся я ўлады, каб камусьці яе аддаць! Не для таго заняў гэтае месца, каб хтосьці іншы на ім сядзеў!» Вось зноў – месца. “Трэба ж, як трапна назваў”, – пераскокваў ён да Лагуна. З чаго ж усё і пачалося. “Месца”, “Месца”… Харошая назва.
Камар увесь проста сыходзіў жоўцю. Яго рану нібыта пасыпалі соллю. І ва ўсім вінавата была Інга. Каб не яна, усё вырашылася б імгненна і на яго карысць. У каторы раз ён ліхаманкава абдумваў, вышукваў выйсце. Але замест логікі быў суцэльны адчай чалавека, заціснутага, загнанага ў кут. І толькі адзіны ратунак бачыўся яму. Хоць і страшна было нават думаць пра гэта, але – так, як лёгка вырашылася некалі з Хрушчанкам, таксама можа вырашыцца і з Інгай. Няшчасны выпадак. Чаму б не?
– Тым больш у Інгі таксама алергія, – разважаў ён уголас.
Упэўненасць, што толькі смерць усё можа вырашыць, падказвала яму ў фантазіях самыя смелыя спосабы ліквідацыі чалавека. Неяк, сам не разумеючы, навошта, пачаў набіраць у пошукавіку “яды і атручванні”, затым апамятаўся, спалохаўся, падумаў, што знойдуць – цяпер што хочаш знойдуць, потым супакоіўся: чорт з імі, скажу, для творчасці трэба; маўляў, пішу сцэнарый з забойствам, трэба дэталі. Творцам можна тое, чаго іншым нельга. Ужо смела лазіў па сайтах, вычытваючы выпадкі разнастайных атручванняў, і ўсе яны да аднаго здаваліся яму надзвычай хітрымі, талковымі і бяспройгрышнымі.
Адна гісторыя найбольш яго зацікавіла. Супрацоўнікі па службе, ён і яна, службовы раман. А дзе раман, там падман. Яны былі сябрамі. Але вось яе раптам павысілі па службе. Ён ледзь не памяшаўся ад крыўды і зайздрасці. Ведаючы, што ў яе алергія на арахіс, купіў яе любімы торт, нашпігаваў яго арахісам і пайшоў віншаваць яе з павышэннем. Яна ні аб чым не здагадалася. Калі яна пачала задыхацца, чатыры гадзіны не падпускаў яе да тэлефона, не даваў пазваніць. Яна пакутліва памірала ў яго на вачах. Калі яна перастала дыхаць, ён выцер адбіткі пальцаў, вымыў посуд, забраў недаедзены торт і пайшоў дамоў. І што б вы думалі? У яе аказаўся таемны палюбоўнік, малады чалавек, якога неўзабаве і ўзялі пад белыя рукі. Убіты горам, ён мала разумеў, што адбываецца, і з усім згаджаўся. Быў у яе ў той дзень? Быў. Так бы і скончылася, калі б забойца, які, дарэчы, атрымаў-такі запаветнае месца, пачаў ледзь не адкрыта расказваць каму папала, хваліцца, які ён спрытны і як здзейсніў ідэальнае забойства. І на тым пагарэў.
Нічога не скажаш. Вось выпадак, падобны да яго. Але Камар з жалем мусіў прызнаць, што гэты варыянт нікуды не варты. Ніякія сілы не прымусяць Інгу нават у рукі ўзяць нешта ад яго. Ды і не ведае ён, на што ў Інгі алергія. Можа, не на арахіс.
Ратавалі яго размовы з жонкаю. Яны былі і аддушынай, і псіхатэрапіяй. Жонка адна разумела і шкадавала яго, перажывала за яго. З жонкай ён мог быць самім сабою. Ён дзяліўся з ёю развагамі пра Інгу.
– Я хоць трымаюся знешняй прыстойнасці, – казаў. – А яна? Усе, уся кінастудыя ведае пра трохкутнік, пра тое, што малады сцэнарыст жыве ў іх. Я, вядома, са свечкаю не стаяў, але не здзіўлюся, калі яна здраджвае мужу з ім. Чаму не? Чым тады яна лепшая за мяне?
– Нічога, – суцяшала жонка. – Нічога, люба, – менавіта так яна пачала называць мужа апошнім часам, ад слова “любы”. – Ты ўсё адно лепшы за іх і больш за ўсіх заслугоўваеш.
– Яшчэ пытанне, як яна дабілася гэтага месца. Можа, не без крыміналу. Тады, на фуршэце, успамінаю, яна стаяла блізка ад небаракі Хрушчанкі, ці мала што магла яму сыпнуць. У яе самой алергія, і яна павінна ведаць усе доты і антыдоты.
– І ўсё дзеля чаго! – пагардліва азвалася жонка. – Вось яны, падводныя камяні мастацтва!
– Камяні, толькі не мастацтва, а брудных інтрыг, падседжванняў, падкопаў.
– Бедны ты мой, – спачувальна казала і з жалем глядзела на яго жонка. – Ну, нічога. Хутка ўсё скончыцца. Павер мне. Усё будзе добра, і зноў ты апынешся на вышыні.
Тое ж самае жонка казала і раней, калі Хрушчанка быў жывы. У прынцыпе, яна ўсё жыццё паўтарала банальныя сентэнцыі, кшталту “кожны каваль свайго шчасця”, “чалавек варты таго жыцця, якім жыве”, “хочаш быць шчаслівым, будзь ім”. Але цяпер Камар з прагнасцю, з падзякаю прымаў яе словы.