– Я часта думаю: хай бы ўжо заставаўся Хрушчанка. Пры ім лепш было.
– Ты, галоўнае, ні аб чым не думай. Лягай спаць і ні аб чым не турбуйся, – казала жонка з інтанацыяй жабкі-царэўны. – Пераначуем – больш пачуем.
Ён паслухмяна лягаў спаць. Сны цяпер яму (мо таму, што пачаў ужываць снатворнае) сніліся каляровыя, выпуклыя, выразныя, з дыялогамі – як выпісаныя сцэнкі ў кінасцэнарыі. І часта сніўся Хрушчанка. Калі Камар сустракаўся з ім у сне, яго заўсёды ўражвала, што былы гендырэктар намнога лепш выглядае, чым калі быў жывы. Здаровы, бадзёры, памаладзелы – нібыта выкупаўся спачатку ў вадзе халоднай, затым – у гарачай і ў канцы – у кіпячым малацэ.
– Ну што? – пытаў Хрушчанка. – Як вам без мяне? Лёгка без бацькі?
– Ох, нялёгка!
– Будзеце ведаць, як крытыкаваць начальства. Запомніце: пакуль ёсць я, мяне хоць паслаць можна. Усё можна валіць на мяне. Я ваш громаадвод.
– Дык вы ўваскрэслі?!
– Я і не паміраў. Я проста вырашыў сысці ад праблем. Саскочыць, як кажуць. Даволі распаўсюджаны прыём.
– Як жа ў вас гэта так спрытна атрымалася?
– Ад духаты мне сапраўды стала блага. І тады я скеміў, што маю выдатную магчымасць адпачыць, адляжацца ў санаторыі, а заадно даць вам волю і паглядзець збоку, што з гэтага атрымаецца. Самаўхіленне. Ляжы і глядзі – памятаеш такі фільм?
– Але як жа дактары? Як вы іх падманулі?
– Дактароў, аказваецца, падмануць яшчэ лягчэй, чым даверлівых гледачоў і чытачоў. І ўсё гэта я сам прыдумаў. А вы казалі, я бяздарны, далёкі ад мастацтва, косны, тупы, кепскі сцэнарыст.
– А як жа провады, пахаванне, памінкі? Вы, атрымліваецца, падманулі ўсіх! – гарачыўся ў сне Камар. – Сімулявалі смерць!
– У пэўным сэнсе так. Нікому неахвота быць мёртвым.
– Хіба не было іншага, менш радыкальнага спосабу сысці ад праблем?
– У тым і справа, што не было. Вы, можа, не ведаеце, што кінастудыя наша ўсё роўна цю-цю. Асуджана на знікненне. Але тады разам з вамі пайшоў бы на дно і я, як капітан тонучага карабля. Я непазбежна апынуўся б у гушчыні падзеяў, замазаны і запэцканы. Інтрыгі, падкопы – тонкая рэч! А так атрымліваецца, што я ні пры чым, і ніхто не здагадваецца, што я шморгаю за нітачкі і ніколі нават не аслабляў сваёй улады.
Адчуваючы, што сон вось-вось скончыцца, Камар ірваўся паспець задаць яму пытанні:
– Як на тым свете?
– Горш, чым на гэтым.
– Што самае страшнае ў жыцці?
– Дабіцца ўсяго, чаго хацеў, аб чым марыў – і памерці сваёй смерцю. Хаця мне гэта не пагражае. Не ў маіх правілах хваліцца, але я вас усіх перажыву.
Камар у сне пішчаў з захапленнем і слязамі:
– Вы вечны!
– Так, я вечны.
«Вечны, вечны», – усхліпваў Камар. А калі прачнуўся, дык не змог успомніць адказаў Хрушчанкі. Пытанні свае помніў, а адказы вылецелі з галавы ці, лепш сказаць, круціліся на языку, блыталіся, але, як ільдзінкі ў Кая, у словы складвацца не хацелі.
– Да чаго сняцца нябожчыкі? – спытаў Камар у жонкі.
– Да перамен, люба, – адказала яна.
– Надвор’я?
– І надвор’я таксама. Вунь якая хмара насоўваецца!
34
Было каля дзесяці раніцы, а цёмна. Збіралася навальніца, хмарыла. Міхалевіч сядзеў на тэрасе і глядзеў тэлевізар. Інга звычайна яшчэ спала ў такі час; ён часта кпіў з яе: маўляў, “ты ў нас ранняя птушка”, выдатна ведаючы, што Інга птушка позняя – сава. Але сёння сапраўды з самага ранку яна паехала на кінастудыю ўтрэсваць бюракратычныя фармальнасці наконт звальнення.
Інга цяпер увесь час знаходзілася ў раздваенні, якое пачалося пасля прыезду мужа з поўдня, з яе раптоўнай здагадкі, што паміж яго змораным выглядам і кроплямі для носа існуе сувязь. Яна жахнулася ад гэтай здагадкі і, тым не менш, купіла мужу новы флакон. Вось тады і пачалося раздваенне, якое проста разрывала яе папалам. То, калі яна не бачыла мужа, ёй хацелася бегчы, ехаць, ляцець дамоў, ратаваць яго, крыкнуць: спыніся! – усё яму расказаць, ва ўсім прызнацца; яна не сумнявалася, што ён даруе ёй што можна і чаго нельга, выбачыць мінулае, цяперашняе і будучае, і яна адчувала палёгку, як чалавек, які п’е ў сне і напіваецца, – але, прачнуўшыся, пакутуе ад яшчэ большай смагі: дастаткова было ёй толькі ўбачыць мужа, блізка стаць, пачуць яго голас, як ёй нібыта сшывалі вусны, счаплялі іх замком і замыкалі на ключ. Яна не магла вымавіць ні слова, нібы камянела, і ў вачах яе чыталася ўпартае цярпенне і зацятае чаканне. Тым больш нешта падказвала ёй, што цярпець і чакаць засталося нядоўга.
Хмарыла, цямнела, парыла. Міхалевіч пацёр левую грудзіну, дзе сэрца. Пасля Поўдня яно чамусьці забалела і пачало шчымець, асабліва на перамену надвор’я. Знаёмы сардэчнік расказваў, што пры навальніцы лягае на падлогу на жывот і так ратуецца: боль адцягвае ад сэрца. Міхалевіч ўспомніў і засмяяўся. Калі не лічыць гэтага шчымлення, ва ўсім астатнім ён адчуваў сябе зусім здаровым – і ад таго шчаслівым. Раптам успомніўся ні з таго ні з сяго Хрушчанка. Вось каму не пазайздросціш… З іншага боку, каб не было такіх небаракаў, хіба адчувалі б мы так востра ўласнае шчасце? Простае шчасце ад таго, што жывем, існуем, дыхаем.