Хмара падыходзіла бліжэй і злавалася. Пацямнела амаль як уночы. Ужо чуўся пошум ветру і строкат першых, пакуль рэдкіх кропляў дажджу ў голлі. Завіс кадр у тэлевізары. Міхалевіч паляпаў каля сябе рукою, шукаючы пульт. Ён нязграбна павярнуўся і змахнуў з канапы на падлогу ўсё: тэлефон, пульт, флакончык з кроплямі. Міхалевіч нагнуўся іх падымаць. У гэты момант бліснула сляпучая маланка, затым трэснула неба, гахнуў гром, і адначасова нешта лопнула ў яго галаве і адарвалася. Ён адкінуўся на спінку канапы. Кроў у ім паднялася аднізу, пацямнела ўваччу, затым цёплая хваля роўна заліла яго твар.
Калі Інга дабралася да дома, навальніца бушавала як на канец свету. Сярод касога дажджу, маланак і грому яна, пакуль дабегла па сцежцы да тэрасы, прамокла да ніткі. Дождж заліваў падлогу каля ганка. Муж спакойна сядзеў спінай да яе на канапе перад тэлевізарам, які сняжыў.
– Што там робіцца!.. – пачала яна, але падавілася словам. Бо як толькі ўбачыла гэтую спіну, патыліцу, знаёмую лысую макаўку з вушамі абапал, так не магла адвесці ад іх вачэй, як ад безаабароннай, такой заманлівай мэты. Бог ведае, да чаго б яна дадумалася, куды б гэта яе прывяло, каб не ненатуральнасць сцэны: муж не варушыўся, не адказваў, не павярнуўся. Было ў гэтым нешта насцярожваючае; жывыя так не сядзяць. Яна агледзелася больш уважліва і толькі цяпер убачыла раскіданыя каля канапы па падлозе рэчы: пульт, навушнікі, тэлефон, флакончык з кроплямі, нядаўна куплены, толькі пачаты. Яна абышла іх, робячы мокрыя сляды, і зазірнула мужу ў твар. Міхалевіч сядзеў з адкрытымі ашклянелымі вачамі. На пасінелым твары застыла абсалютна шчаслівая ўсмешка. Але калі Інга прыгледзелася, то зразумела, што гэта грымаса болю. Каб не ўскрыкнуць, яна аберуч закрыла сабе рот. Потым, перамагаючы страх і агіду, дакранулася да яго пляча. Ён споўз уніз, як мех, і распластаўся на падлозе. Інга прысела перад ім на кукішкі. Памацала пульс на руцэ. Пашукала вену на шыі. Нагнулася і прыклала вуха да яго грудзей. Сэрца білася моцна, пругка, роўна, пакуль яна не зразумела, што гэта яе ўласнае сэрца. Перад ёй на падлозе ляжаў мярцвяк, труп. Яна прысела на канапу. На твары яе нічога не адбілася. Можна было падумаць, што менавіта гэтага яна і чакала.
Сцякала з абутку і з адзення вада. Сняжыў тэлевізар. На дварэ святлела, хмара сплывала, лівень перайшоў у роўны дождж. Інга сядзела і адчувала, акрамя неверагоднай палёгкі, якая бывае пасля вялікай утомы, яшчэ і нейкую спакойную заміранасць. Вось і ўсё. Нікому нічога не трэба было даказваць, як і баяцца больш не было каго. Вялікі Сцэнарыст усё вырашыў сам, і так, як лепш для ўсіх.
Пасядзеўшы даволі доўга – больш, чым трэба, яна паднялася, асцярожна, стараючыся не парушыць размяшчэння рэчаў, падняла пульт, выключыла тэлевізар, паклала пульт на месца. Дацягнулася на дыбках і спыніла стрэлкі гадзінніка на сцяне. Перавярнула тыльным бокам і завесіла ручніком авальнае люстра на шарнірах. Падушачкамі пальцаў закрыла мерцвяку халодныя павекі. І толькі тады дастала з сумачкі тэлефон.
35
Так закончыўся эксперымент са стварэннем нацыянальнай кінастудыі. Але сама гісторыя яшчэ мела працяг і нават кароткі эпілог. Пачаць з таго, што прычына смерці беднага Міхалевіча раскрыта была не адразу. Яе, як і некалі ў выпадку з Хрушчанкам, таксама хацелі спісаць на няшчасны выпадак з дыягназам “адрыванне тромба”, і так, хутчэй за ўсё, і зрабілі б, каб не сястра нябожчыка, якая тэрмінова прыляцела з Аўстраліі. Звышэнергічная, апантаная жаданнем чаго б ні каштавала выкрыць, як яна лічыла, злачынцаў, хітрую нявестку з палюбоўнікам, аб якіх паспела паведаміць ёй чыясь добрая ананімная душа. «Усіх мярзотнікаў пазнаходжу і выведу на чыстую ваду! Ніхто не схаваецца пад плінтусам!»
Запахла міжнародным скандалам. На гэты раз экспертыза спрацавала хутка і якасна. Кароткае заключэнне было як удар бліскавіцы – гвалтоўная смерць. Наступіла ў выніку спынення сэрца. У кроплях для носа, якімі карыстаўся Міхалевіч, была выяўлена павышаная канцэнтрацыя сасудазвужальнага рэчыва. Калі капаць яго рэгулярна, смерць можа наступіць праз кароткі тэрмін, а галоўнае, чалавек сам забівае сябе. Так што сястра-аўстралійка не памылілася. Гэта было прадуманае, загадзя спланаванае забойства, прычым, цалкам верагодна, двайное, бо надта ж падобнымі былі і самі сабой супастаўляліся дзве смерці: Хрушчанкі і Міхалевіча.