Следчы найперш, канечне, узяўся за гаспадыню флакончыка, Інгу. Яго цікавіла, як кроплі патрапілі да яе мужа. Інга адказала, што даўно імі не карыстаецца, флакон набыла ў маленькай аптэцы каля кінастудыі, а муж, калі ездзіў на Поўдзень, па сваёй звычцы ўсё “пазычаць”, забраў, потым папрасіў купіць новы. На пытанне, чаму не карысталася, Інга, у жалобна-чорным адзенні, сумная, прыгожая, адказала: не карысталася, бо не было патрэбы, алергія прайшла. І, цнатліва апусціўшы вочы, патлумачыла – прайшла, бо яна цяжарная, і арганізм актыўна перабудоўваецца. Тут, само сабой, усе пытанні адпалі; стала ясна, што ў Інгі не было ніякіх матываў жадаць мужу смерці; толькі на развітанне следчы яшчэ спытаў, ці не заўважыла яна на ўпакоўцы або на самім флаконе чагось падазронага, можа, слядоў ускрыцця?
«Не, – адказала Інга, – я яго нават не распакоўвала. Як купіла ў аптэцы, так і забраў муж».
Вопытны, адзін з лепшых у сваёй справе следчы, прадчуваючы хуткую развязку, адразу ж адправіўся ў названую аптэку, невялікую, на два вакенцы. Прагледзеў запісы відэакамер. Затым надышла чарга аптэкаркі, жонкі Камара, якую зафіксавала камера ў момант продажу Інзе злашчаснага флакона. Яна і не думала адпірацца. «Так, гэта зрабіла я. Аб адным толькі шкадую – не давяла да канца!»
Што тычыцца Хрушчанкі, заявіла яна, ён памёр сваёй смерцю, яна тут ні пры чым. Але менавіта той выпадак навёў яе на думку прыбраць з дарогі чарговую канкурэнтку. А так як яна працавала ў аптэцы, мела доступ да лекаў, ведала, што менавіта купляе Інга, у яе і выспеў хітры план. Асцярожна, акуратна яна ўскрыла ўпакоўку, тонкім шпрыцам напусціла ў флакон смяротнае рэчыва, запакавала і спакойна прадала Інзе. «Каб не займала чужое месца. Яны ўсе не варты мізінца майго мужа!» – «Але як вам удалося? Гэта ж вельмі складана!» – «Прасцей простага, – пасміхнулася яна. – Было б уменне і жаданне».
Пры вобшуку ў яе дома знайшліся доказы: сасудазвужальнае рэчыва і шпрыц з танюсенькай, ледзь бачнай, танчэй за камарыны нос іголкай. Жонка Камара ні ў чым не раскайвалася, ні аб чым не шкадавала. На заўвагу, што загінуў бязвінны чалавек, адрэзала: «Ад памылак ніхто не застрахаваны».
Так раскрылася злачынства, матывам якога была звычайная зайздрасць, банальнае прыбіранне канкурэнтаў у выніку барацьбы за месца. Нічога новага, акрамя таго, што адбылося ўсё ў творчым асяродку, ды яшчэ ў нібыта нацыянальна-арыентаваным калектыве. З гэтай прычыны, ці з іншай, але справа з побытавага ўзнялася на грамадска-палітычны ўзровень.
«…Цяпер відавочна, – паведамляла неабыякавая асоба, – як усё гэтак званае «нацыянальнае» дзе ні з’явіцца, там дыскрэдытуе сябе. Людзі, прызначаныя ствараць патрэбны грамадству кантэнт, у нашым выпадку – кінапрадукт, самі сталі дзейснымі асобамі якогась фільма, і за імі можна было назіраць, як праз шкло акварыума ці, хутчэй, тэрарыума. Хай гэта паслужыць урокам для асноўнай кінастудыі, якую ў хуткім часе таксама чакае сур’ёзная рэфармацыя. Час, нарэшце, перастаць пераводзіць грошы падаткаплацельшчыкаў на сумнеўныя нац. праекты і нац. эксперыменты, а ўсе сілы, усе людскія і матэрыяльныя рэсурсы кінуць на падтрымку братняй кінаіндустрыі, усяляк спрыяць яе далейшаму росквіту, папулярызаваць і несці ў масы яе дынамічныя серыялы, у якіх выразна размежавана дабро і зло і глыбока прапісаны жывыя дыялогі…»
Такім чынам лёс «Filmbell’a» быў вырашаны. Як баявая адзінка, якая страціла сцяг, кінастудыя падлягала неадкладнаму расфармаванню. Зрэшты, ніхто асабліва з гэтай нагоды не перажываў. Жыццё ішло, пакрысе забылася ўсё, нават тое, што такая кінастудыя некалі існавала. Пасля яе ліквідацыі сябры, Іван Барысавіч Вечка з рэжысёрам Скіндзерам, вярнуліся на асноўную кінастудыю – падпрацоўваць на серыяльнай ніве: адзін па-ранейшаму статыстам і каскадзёрам; другі – ажыўляць дыялогі. Акрамя таго Вечка І.Б. нарэшце скарыстаўся магчымасцю пісаць пад сваім іменем і стварыў сцэнарый – на ваенную тэму, які імгненна быў прыняты, адобраны і запушчаны ў вытворчасць. Рэдактаркай яго была ніхто іншая, як Рыта. Яна таксама знайшла сябе на асноўнай студыі. У чат маці-адзіночак яна ўжо амаль не піша, затое рэгулярна пасылае лісты Лагуну, які служыць у войску. Смерць Міхалевіча так яго напалохала, думка, што яго могуць палічыць забойцам ці нават толькі падазраваным у забойстве (менавіта ж ён ездзіў з Міхалевічам у Піцунду, яны сябравалі, разам бавілі час), так на яго падзейнічала, што ён сам пабег у ваенкамат і папрасіўся, каб яго хутчэй прызвалі. Так ён у чарговы раз выйшаў сухім з вады. Праўда, раптоўная смерць апекуна адбіла ў яго ахвоту шукаць вінаватых у гібелі бацькі; больш ён нават не ўспамінаў пра званок на бацькаў тэлефон, з якога ўсё пачалося, і зразумела, чаму: бо на ўласнай скуры адчуў, якая тонкая мяжа аддзяляе вінаватага ад невінаватага. Так што разгадка званка яшчэ наперадзе; тым больш, у лістах Лагун абяцае пазнаёміць Рыту са сваёй маці і з айчымам, а значыць, у Рыты ёсць усе шансы сустрэць чалавека, які некалі ёй здрадзіў і якому яна збіралася адпомсціць.