– Сам можаш пераканацца, – Вечка працягнуў яму тэлефон. – Зайдзі на яе старонку, паглядзі профіль. Інфармацыя адкрытая. Ёсць там і пра дачку Інгу з кінастудыі. Яна мне зямлячка. Яна з Гомеля, і бацькі яе, а я – з вёскі з-пад Гомеля.
– Так не бывае, – сказаў рэжысёр.
– Яшчэ не так бывае. Я спісаўся з ёю. Яна адказала. Пацвердзіла, што сапраўды была ў тым паходзе. Сама прызналася. Цяпер разумееш, якімі я прыкуты тут ланцугамі? Каб увесь час быць бліжэй да Інгі. Памагаць ёй. Гэта адзіны спосаб, каб, памагаючы ёй, выпрасіць дараванне ў яе маці.
– А Інга ў курсе? Вы сказалі ёй?
– Не, канечне.
Развіталіся. Спускаючыся ў ліфце, рэжысёр прыгадаў словы Вечкі пра творчы падман і, усміхнуўшыся, падумаў, што хітры дзед наглядна прадэманстраваў яму выпадак чароўнага мастацкага падману; ну, можа, не зусім чароўнага і не зусім мастацкага, але – падману дакладна. Ён не сумняваўся, што і гісторыя з пакрыўджанай дзяўчынкай, і яе сувязь з Інгай, і гэты кватарант таксама – усё розыгрыш, прыдумка, напрацоўка творчага замыслу; стары фантазёр-выдумшчык проста водзіць яго за нос, а насамрэч ужывую, на яго, рэжысёра, вачах праводзіць эксперымент – стварае свой сцэнарый.
Тое, што ён так лёгка разгадаў чужы намер, зусім супакоіла і нават развесяліла рэжысёра. І ён з лёгкім сэрцам адправіўся даводзіць да канца свае справы – аддаваць пазыкі.
4
На вуліцы свежы вецер адразу абняў яго. Папраўляючы шалік на шыі, ён затрымаў позірк на неверагодна сінім лапіку неба. Вось харошы ракурс, не забыць бы. Падсвечаныя знізу дамы рабілі вуліцу казачнай. Як пахне блізкай вясной. Як рытмічна працуюць лёгкія і сэрца, поўныя кіслароду і алкаголю. У кішэні ёсць грошы. Наперадзе ў запасе яшчэ з паўсотні гадоў. Цудоўна жыць!
Скіндзер зайшоў у бліжэйшы гіпермаркет. Стоячы перад батарэяй бутэлек і выбіраючы, пашукаў вачамі камеру відэаназірання. Знаёмы ахоўнік з гіпермаркета па сакрэце расказваў, дзе мёртвая зона, куды не дасягаюць камеры, і адзін раз на безграшоўі Скіндзер ледзь пазбег спакусы сцібрыць дарагое віскі. Цяпер нават ва ўяўленні такога не ўзнікае. Вось яна, прамая карысць ад Вялікага Брата. Гэтак сапраўды неўзабаве выправяць характары, адвучаць ад дрэнных звычак. Ён выбраў невялікую пляскатую бутэльку, падкінуў яе на далоні, злавіў, падміргнуў чырвонай кропцы камеры і накіраваўся да касы. Яшчэ праз некаторы час ён пад’язджаў на таксоўцы да дома сяброўкі. Было пазнавата, каля дзевяці вечара. З якім іншым даўжніком можна было адкласці на заўтра. Але не з Рытай. Яна жыла без мужа, з маленькай двухгадовай дачкой, не асобна, а ў бацькоў, і, канечне, з ёй трэба было разлічвацца ў першую чаргу.
Гэтай Рыце было 22 гады. Раней яна працавала на здымках фільмаў “хлопушкой”– па-руску, ці “ляпалкай”– па-беларуску: выходзіла перад кінакамерай з невялікай дошчачкай, агучвала непрыстойнае слова: “Записьдубля!” і ляпала маленькім шлагбаўмікам. Таксама ў яе абавязкі ўваходзіла ўносіць нумары дубляў у журнал, каб потым не заблытацца ў тонах матэрыялу. Калі спехам пачаў стварацца “FilmBell”, яе аўтаматычна (бо не хапала людзей, а па-другое, так ці інакш была звязана з кінематографам) перавялі ў сцэнарны аддзел, хоць яна сама прызнавалася, што не мае ні таленту, ні схільнасці да гэтай прафесіі. У кітайскай іерархіі сцэнарнага аддзела яна займала самае нізкае месца – малодшы рэдактар.
Для Скіндзера яна з’яўлялася больш-менш надзейным спонсарам і ўвогуле карысным чалавекам. Праз яе рукі праходзілі сцэнарныя працы так званага ўнутрыстудыйнага конкурсу, і калі-небудзь, бывала, Скіндзер забіраў у яе са стала якуюсь цікавую карацельку малавядомага ці зусім невядомага аўтара і пасля касметычнай перапрацоўкі, пад сваім ужо імем, прадаваў у РФ за невялікія грошы. А аўтару казалі: не пайшло, пішыце новыя рэчы.
І быў яшчэ адзін момант. Скіндзер хоць і падсмейваўся з яе і часта называў “яжемаць” (так яна і запісана была ў тэлефоне – “рыта#яжемаць”), яна проста падабалася яму як дзяўчына.
Падыходзячы да пад’езда, ён маякнуў па тэлефоне, Рыта спусцілася і адчыніла дзверы. І гэты ракурс ён запомніў: у святле лямпачкі над пад’ездам чырвоны пухавік і белыя валасы. Падняліся на яе паверх, прайшлі на агульны шырокі, доўгі балкон. Сюды даставала святло ад вулічнага ліхтара.
У кутку стаяла старая гавайская гітара без струн і дзіцячыя саначкі. Рэжысёр адкрыў пляшку і каўтнуў. Рыце нават не прапаноўваў – ведаў, што яна не дакранецца. Як прызналася яна неяк: аднойчы ўжо выпіла, і вунь вынік, сапе носам у ложку пад коўдрай. Яна мела на ўвазе маленькую дачку. Курыць стараліся асцярожна і размаўляць ціха. У Рыты ззялі вочы. Усмешка не сыходзіла з яе твару. Рэжысёр ведаў, што яна крыху не ад гэтага свету. Па-дзіцячы пунсовыя вусны прагна абхоплівалі фільтр цыгарэты. І за гэта хацелася даць ёй па руках. Рэжысёр дастаў з кішэні грошы.