– Тут больш, чым трэба, – сказала яна. – Так ты ўсё раздасі і зноў будзеш пазычаць.
– А можа, мне хочацца часцей цябе бачыць.
– Не, на мяне не разлічвай. Я больш не змагу пазычыць. Звальняюць. Па сканчэнні кантракту.
– Як? З малой? Хіба гэта законна?
– Якія законы, пакуль ён тут, – адказала Рыта, маючы на ўвазе гендырэктара Хрушчанку. – Тут не да законаў. Ён робіць што хоча.
Тут Скіндзер успомніў, якія плёткі хадзілі, што пагаворвалі (а ў такіх выпадках і ў такіх установах заўсёды ўсе пра ўсіх “пагаворваюць”), што гендырэктар, усё той жа злашчасны Хрушчанка, і ўзяў Рыту на працу ў сцэнарны аддзел з адной-адзінай мэтай – каб яна, 22-гадовая, стала яму, 75-гадоваму, палюбоўніцай. Тое, што яе звальняюць, сведчыла аб адным - не стала. Вось і кантракту канец.
Рыта сказала:
– Зрэшты, я не перажываю. Грошы маленькія. Я б даўно сама зволілася, калі б не ведала, што паўсюль адно і тое.
– Нічога, – ён пагладзіў яе па плячы. – Не прападзем. Мой сябра напіша сцэнарый, а мяне запрасілі, – пахваліўся з важным выглядам, – быць рэжысёрам. Сцэнар, праўда, так сабе. Слабенькі. Вярнуцца ў мінулае, каб выправіць віну. Але я пастараюся зрабіць з яго цукерку.
– Пакуль ён будзе сядзець, нічога ніхто не выцягне і не зробіць. Усё гэта без толку. Самае большае – так і будзеш карміцца з рускіх серыялаў.
– Ды што серыялы. У серыялах няма чароўнага падману, а адно прамое дзеянне.
Рэжысёр ажывіўся і сам не заўважаў, як пачаў гаварыць чужымі словамі. Скаваны з дзедам, ён цяпер нібы памяняўся з ім месцамі: гаварыў безупынна, а Рыта слухала. Яна абаперлася на край балкона і глядзела ўніз. Унізе, над пад’ездам казырок, галіны грушы. Рыта, збіваючы попел з цыгарэты, нахілілася. Амаль перавесілася. Ён інстынктыўна выкінуў руку, каб утрымаць.
– Глядзі, упадзеш калі-небудзь.
– Не ўпаду.
Дзе гэта ўжо было? Падобныя словы і нават такая ж інтанацыя? Успомніў – калі ён сказаў дзеду: “глядзіце, абчысціць кватарант”, а той у адказ: – “Не абчысціць”.
– Слухай, Рыта. Ёсць гатовая кінааповесць. Аддаю бясплатна. Прыязджае кінастудыя на здымкі. Набірае мясцовых для масоўкі. Выбралі сына і бацьку. Сын граў чырвонаармейчыка, а бацька павінен быў скакаць з цягніка, які партызаны пускалі пад адхон. І загінуў. Сын падрос, патрапіў на кінастудыю і пачаў помсціць кіношнікам. Яны паміраюць па чарзе адзін за адным.
– Пачакай, – Рыта сапраўды зацікавілася. – Пачакай. Гэта ж мы ездзілі на здымкі. Я таксама. Нешта не памятаю такога.
– Ты і не можаш памятаць. Гэта я толькі што, вось цяпер, прыдумаў.
– І ў чым ідэя?
– У двух планах. Першы, павярхоўны – матыў помсты. Сын ідзе за бацьку. А другі, глыбокі – помста за здзек з мастацтва, у прыватнасці, з кіно. За тое, што з ім зрабілі і працягваюць рабіць. Ёсць жа недзе кіношны бог, і цярпенне яго не бязмежнае.
– Нічога сабе.
– У гэтым соль. Помсціць не хлопчык, а кіношны бог. А хлопчык – яго сляпая зброя. Помсціць за пошласць, нажыву, манетызацыю святога, за халтуру, кан’юнктуру, за серыялы…
– Глыбока капнуў.
– Не забывай таксама, – падбадзёраны, працягваў рэжысёр, – што адбылося гэта на здымках кан’юнктурнага фільма пра вайну. Таго самага, дзе “мажь лоб зелёнкой”. Гэта значыць, дзеля голай суцэльнай кан’юнктуры ў аднаго адабралі жыццё, а другому яго зламалі.
– А някепска было б, – раптам прамовіла Рыта задумліва. – Хаця, з іншага боку, тут у нас такое, што і помсціць не трэба.
– Уяўляю!
– Не ўяўляеш. Любы калектыў не падарунак. Але кіношны – па-за канкурэнцыяй. Аддзел рэдактуры асабліва. Гэта павукі ў слоіку, як тарантулы ў адной ямцы. Самі перагрызуць адно аднаго. Інга Яравая-Міхалевіч таксама… Там адзін Камар чалавек.
Рыта напала на любімую тэму. Але развіваць не стала. Спытала:
– Ну, а ты як? Зноў скакаў з электрычкі?
– З электрычкі, – гмыкнуў рэжысёр. – Бяры вышэй! Я ўпершыню сыграў ролю ў рускім серыяле. Эпізадычную, праўда, але ўсё як належыць, з грымам, прымеркай. Так што можаш павіншаваць з дэбютам…
Ён ажывіўся і расказаў, як яго грыміравалі (спойлер – ніяк: прыпудрылі нос, два мазкі пэндзлікам, і ўсё), затым адправілі на прымерку (якая не спатрэбілася, бо здымаўся ў сваім адзенні), як рэжысёр (той самы, што праводзіў кастынг; тады яму хапіла пяці секунд, каб Скіндзера зацвердзіць) захацеў палепшыць кадр здымак у рэстаране. “Трэба задыміць крыху тут”. – “У нас жа дым-машыны няма. Можа, пакурым усе?” Знялі вечаровую сцэну, перамясціліся на ранішнюю – у той самай лакацыі. Рэжысёр: “Чаму раніцаю на стале ў келіхах учарашні каньяк? Зрабі хаця б гарбату”. – “Можа, проста пераліць у кубкі?” Так і знялі.