5
Самае цікавае, што Скіндзер, дзякуючы сваёй рэжысёрскай інтуіцыі, амаль не памыліўся. Іван Лагун сапраўды быў не такі просты, як магло падацца. У свае няпоўныя васямнаццаць ён меў ужо даволі пакручастую біяграфію, дзе прысутнічала і кіно, і каханне, і шантаж, і тайна, і нават крэўная помста. Праўда, бацька яго ні ў якіх фільмах не здымаўся і ні з якога цягніка не скакаў – яго забіла маланка, калі ён вудзіў рыбу ў лодцы на ўласным возеры. Здарылася гэта акурат у тое лета, калі прыязджала кіназдымачная брыгада і падстрыжаны Іван іграў маладзенькага салдаціка-чырвонаармейца ў масоўцы. А да гэтага яны, сям’я – бацька, маці, Іван-падлетак, дзве малодшыя сястрычкі пяці і шасці гадоў – спакойна і шчасліва жылі сабе ў ваколіцах Рудабелкі. Бацька займаўся аграбізнесам, меў ва ўладанні ўзяты ў арэнду, а потым выкуплены вялікі ўчастак зямлі разам з лесам, полем, возерам. Была свая крамка на базары, дзе ён круглы год прадаваў гародніну. Бізнес ішоў паспяхова. Бацька вазіў сына ў адзіную ў горадзе элітную гімназію. Сястрычкі падрасталі. Маці збольшага памагала мужу, але не перапрацоўвалася. Ва ўсім панаваў лад і згода, і здавалася, так будзе заўсёды і па-іншаму быць не можа.
Але ж гэта калі б людзі ўмелі задавальняцца тым, што маюць. Як і ў кожнага нармальнага чалавека, у бацькі была мара. Ён, беларус, паляшук, цвярозы, разумны, бацька траіх дзяцей, у душы быў летуценнікам. Трызніў Поўднем, цяплом, белым дамком. Яму так і ўяўлялася вінаградная лаза, сіняе мора, пунсовыя ветразі. Ён мог гаварыць на такую, паўднёвую, тэму бясконца. Вочы ў яго тады загараліся, а голас пачынаў дрыжаць. Ён ужо нават знайшоў пакупніка сядзібы, чалавека родам з Поўдня, але які, у адрозненне ад яго, наадварот, хацеў перабрацца падалей ад абрыдлага мора на кантынент, менавіта – у Беларусь. Ужо нават дамова была гатова. Заставалася толькі падпісаць. Рыхтаваліся да пераезду. І вось так недарэчна ўдар маланкі перакрэсліў планы, ушчэнт усё спапяліў.
На пахаванні было многа людзей, мясцовых і з горада. Звычайна багатых у нас не вельмі любяць; пра каго іншага абавязкова пашапталіся б, сказалі б, маўляў, вось кара яму за грахі. Але бацька нікому зла не зрабіў. Яго шкадавалі. Асабліва ўбіваўся нейкі рыжы мужчына. Ён так гараваў, што яго насілу адцягнулі ад труны. Іван яго раней не бачыў і нават не ведаў, што ў бацькі ёсць такі адданы сябар. Потым маці сказала, што гэта і ёсць той самы пакупнік сядзібы, па прозвішчы Отчык.
Усё пакацілася пад адхон пасля няшчаснага выпадку. Была сярэдзіна лета. У парніках, на гародах усё расло, спела, налівалася. Ніхто не ведаў, што з гэтым рабіць. Стаяла спёка. Някормленыя куры шчыпалі мурог каля плота. Маці паняцця не мела, як весці гаспадарку, бо ніколі гэтым не займалася. Адна, без радні, зусім не падрыхтаваная да суровага жыцця, яна была ў адчаі. Іван, адзіны мужчына ў сям’і, павінен быў браць усё на сябе, станавіцца гаспадаром, рабіцца сястрычкам за бацьку. Але яму самому ледзь стукнула пятнаццаць. Усё было б зусім кепска, каб не той самы спагадлівы пакупнік, Отчык. А яшчэ кажуць, часы добрых людзей мінулі. Спачатку ён прапанаваў купіць участак за невялікую, сімвалічную цану. Калі ж высветлілася, што гэта немагчыма – юрыдычныя рагаткі выключалі, паперы былі складзеныя так, што толькі гаспадар мог распараджацца маёмасцю, – тады ён, гэты Отчык, выключна ад спачування няшчаснай удаве і сіроткам узваліў на сябе важкую ношу: бясплатна ўзяўся весці справы нябожчыка-сябра, а неўзабаве і ўсю гаспадарку аформіў сабе ў арэнду на год. Хоць гэта, як ён прызнаваўся, прынесла яму нямала клопатаў, расходаў і нязручнасцяў. Ён нават вымушаны быў перабрацца з горада, дзе пасяліўся на перыяд куплі-продажу ў гатэлі, у іхні маленькі гасцявы флігель, які трымалі для знаёмых паляўнічых і рыбаловаў.
Для сям’і пачалося новае жыццё. Прыйшла восень. Працы хапала. Отчык, які сам працаваць не мог з-за нейкай хваробы, пільна сачыў, каб у іншых пастаянна былі занятыя рукі. Амаль кожны дзень у любое надвор’е можна было бачыць кранальную сцэну: Іван, маленькія сёстры, маці гарбацяцца на агародзе. Людзі з замілаваннем адзываліся аб працавітай сямейцы, Іван жа адчуваў сябе катаржнікам. Пры бацьку яны не ведалі ні ў чым адмовы. Раслі, гадаваліся на волі, сярод прыроды, здаровымі дзецьмі. Для іх увогуле не існавала такога паняцця, як голад, толькі апетыт. Скупаваты Отчык хутка прывучыў іх да, як ён казаў, “эканомікі”, так, што калі-небудзь і чорны хлеб з цыбуляю быў за шчасце. Отчык, здавалася, вёў падлік кожнай цыбуліне на градах і кожнаму гурку ў цяпліцах. Любімая прымаўка ў яго была: “хто рубель не шануе, той капейкі не варты”, а любімае слова – эканоміка. “Трэба ва ўсім трымацца экономікі”. Хутка, праўда, высветлілася, што пад эканомікай ён мае на ўвазе эканомію, інакш – звычайную ашчаднасць.