Выбрать главу

– А цяжка стаць сцэнарыстам?

– Як табе сказаць. Трэба, па-першае, проста нарадзіцца творчым чалавекам. Затым стаць літаратарам. Для гэтага пажадана гадоў дзесяць чытаць адну класіку, вучыць на памяць, потым выкінуць яе з галавы, яшчэ гадоў пяць ездзіць, хадзіць, вандраваць па Беларусі і па ўсім свеце, слухаць, запамінаць, запісваць. Пажадана пасядзець у турме, адпачыць на Багамах, пабыць багатым, затым жабраком, выйграць у латарэю і прайграць у рулетку, як Дастаеўскі. Жаніцца, развесціся, нарадзіць дзіця, калі зможаш. І вось тады, як застануцца жаданне і сілы, успомніць усё, што чытаў, перамяшаць з тым, што бачыў і перажыў, дадаць тое, што яшчэ хацелася б убачыць і перажыць, – і ўжо тады са спакойнай душой засесці за пісанне. Хоць і сцэнарыяў, бог з імі.

– А я б, здаецца, усё гэта з радасцю прайшоў бы, – вырвалася ў Лагуна. Выпітае віно і вялікі кавалак смажанага мяса разняволілі яго язык і думкі.

– Ты так моцна любіш кіно?

– Ага, – Лагун зглынуў. Што павінна было азначаць – больш за ўсё на свеце.

– І хочаш навучыцца пісаць сцэнары?

– З дзяцінства, можна сказаць, марыў.

– Ну што ж. Можа, сам лёс паслаў мне цябе. Падумаем, што можна зрабіць, як табе памагчы.

Лагун пасля нядоўгага маўчання спытаў:

– А нашто гэта вам? Ну, памагаць мне? Што вам з гэтага?

– Хачу проста дабро зрабіць табе. Харошы ты вельмі хлопец.

– Але з мяне няма чаго ўзяць. Я нічым не змагу вам адплаціць.

– Нічога не трэба. Я ўжо ў такім веку, калі трэба збіраць як мага больш добрых спраў. Мо і спатрэбяцца на апошняй таможні.

Лагуну гэтыя словы былі і незразумелыя, і падазроныя. Як праз сон, даносіліся гукі. А дзед працягваў.

– Першую частку жыцця атрымліваеш радасць, калі ўсё робіш для сябе. Другую – для сям’і, для дзяцей. А вось трэцяя, апошняя частка – і я акурат у ёй знаходжуся – радасць ад таго, што робіш дабро зусім чужым, незнаёмым.

У Лагуна галава хілілася на грудзі. Ён ужо амаль спаў. Якія перыяды якія часткі, калі жыццё неверагодна доўгае, яно бясконцае, а можа і ўвогуле вечнае. Назаўтра раніцай ён атрымаў каву на падносе ў ложак. “Сняданак на стале, пад ручніком”, – ці то іранічна, ці ўсур’ёз сказаў Вечка, Лагун ужо ведаў, як яго завуць. Дзед сядзеў каля ложка, падпёршы галаву рукой, з цікавасцю і з жалем пазіраў, як Лагун п’е каву. А потым працягнуў учарашнюю размову:

– Я за ноч усё абдумаў. У мяне прапанова. Хочаш мне памагчы?

– Гледзячы як.

– Не, не! Не падумай, што гэта якая афера!

– Я і не думаю.

– Мне сумленне не дазволіць, ты такі несапсаваны, чысты, наіўны, добры. Не магу ўявіць, у каго рука падымецца і язык павернецца пакрыўдзіць цябе.

– Тады што? – даволі бесцырымонна перапыніў яго Лагун.

– Ды справа няцяжкая. У мяне даўно задуманы адзін сцэнарый… Сцэнар для конкурсу. Ён хоць і абдуманы, але ў галаве пакуль. Я не надта сябрую з кампутарам. Я буду дыктаваць, а ты набіраць. Заадно і вучыцца. Згодзен? Хочаш?

– Вельмі хачу. Толькі як гэта будзе? Прыязджаць да вас, ці што?

– Не, не прыязджаць. Ты жыві ў мяне на гэты час. Кватэра, стол – усё маё. Як бы бонус табе. Я цябе не пакрыўджу. – І дадаў: – Толькі пры адной умове. Калі жонка прыедзе, табе давядзецца сысці.

9

Так Лагун пачаў жыць у дзеда – як сабака ў вядомым мультфільме, толькі нават яшчэ лепш. Хаця і ездзіць на рэдкія лекцыі па-ранейшаму было далекавата, затое за кватэру плаціць не трэба. Суха, цёпла, кормяць і зусім блізка да гіпера, да сваіх кошыкаў-вазкоў, якія ён не збіраўся кідаць, бо гэта былі лішнія 150-200 даляраў. Першых некалькі дзён ён проста адсыпаўся, адлежваўся ў цішыні. Гартаў ноўтбук ці смартфон, глядзеў абы-што: старонкі жыцця “зорак”, дзівіўся на будынкі, машыны, адзенне.

Вечка пачаў заходзіць да яго ў пакой кожны вечар, калі Лагун быў не на кошыках. Прыносіў 1-2 старонкі тэксту. Лагун адкрываў выстаўленую ў “Вордзе” “рыбу”-схему: экстэр’ер, інтэр’ер, сцэна першая, другая, трэцяя. Дзед пачынаў дыктаваць, Лагун механічна набіраць.  Тое, што ён набіраў, здавалася яму страшэннай лухтой, немагчымай, у сон хілячай нудотай. Нейкія словы, словы. Ніякага дзеяння. А сцэнар павінен быць вось як баявік, кароценькія сказы і дзеянне. Мала таго, што тэкст складаны, дык ён да ўсяго быў задуманы дзедам Вечкам і запісаны на аркушыках па-беларуску. Дзед чытаў сказ, Лагун перакладаў у галаве ці пры дапамозе скарніка на рускую, вымаўляў уголас. Дзед узрадавана ківаў галавою: “Так, выдатна, усё правільна!” – і далей дыктаваў сказ па-руску зусім інакш, чым было ў Лагуна.

– А па-руску нашто? – спытаў Лагун.

– Там ніводзін чалавек па-беларуску не прачытае, – адказаў Вечка з некаторай грэблівасцю. – А калі прачытае, дык не зразумее. Затое яны шукаюць нацыянальны код. Яны шукаюць! Ім і ў галовы не прыходзіць, што яго і шукаць не трэба, яны топчуцца па ім.

На маўклівае пытанне Лагуна патлумачыў:

– Так, так, тая самая шматпакутная мова. Якая адначасова і код, і нацыянальная ідэя, і паветра, якім дыхаеш. Але яны будуць вынахо­дзіць мільёны складаных, абыходных шляхоў, толькі каб не ісці па адзіна правільным, дарэчы, і самым лёгкім, які найбліжэй і найхутчэй вядзе да мэты. Я, праўда, даўно зарокся не чапаць гэтай тэмы. Але калі-небудзь цярпення не хапае. Ну, шукайце далей.

Надыктаваўшы староначку, дзед адрываўся, прыносіў каву, бутэрброды, яблыкі. Хацеў пагаварыць, паслухаць Лагуна, які разумеў, што гэта і ёсць яго плата за жытло. Але атрымлівалася, што Вечка сам пачынаў гаварыць, ды так, што не мог спыніцца.

– Дык ты кажаш, – пачынаў ён (хоць Лагун нічога яшчэ не казаў), – працоўнае дзяцінства, вёска, прырода. Што можа быць лепш!

У яго загараліся вочы, цяплеў голас, па ўсім відаць, у яго ў галаве ўзні­каў вобраз яго самога малога, толькі перанесенага ў цяперашні час. Ва ўсім мінулым яму бачылася адна толькі настальгічная лірыка.

“Я больш за 30 гадоў патраціў на разгадку пытання: чаму толькі ў раёне 12-13 гадоў меў поўнае, шырокае, глыбокае, усеабдымнае шчасце, і дзе яно потым згубілася, растрэслася? Хоць у тыя гады быў бессярэбнікам і меў адны штаны, а потым займеў сёе-тое – не горш за іншых – матэрыяльнае? Што ж там такое было? І зразумеў: любіў тады (лепш сказаць, само любілася) не канкрэтыку, а агульнае, не дэталі, а панараму. Не было ні чалавека, ні дрэва, ні жывёліны, ні рэчы – словам, нічога таго, што можа знікнуць, сысці, што могуць адабраць, – да чаго б я моцна прывязваўся. Дрэва спілуюць, чалавек памрэ, каханая кіне, дзіця вырасце… А хто можа адабраць неба, ваду? Паветра, сонца, месяц, туман і зоры? Мары і летуценні? Ніхто і ніколі”.

Іншым разам расказваў, што шчасце і радасць часта маюць прыроднае, фізічнае тлумачэнне.

“Калі малымі бегалі па грыбы, яшчэ зацемна, бывала, што лягаў пад хвойку, каб хоць пяць хвілінак падрамаць. Але потым расходжваўся, разам з узыходам сонца, якое промнямі рассейвала туман і праганяла начныя цяжкія лясныя пахі. Сасновы лес напаўняўся тады чыстым кіслародам, і ўзні­кала радасць, якая пакрысе рабілася ўсё большай, проста ненармальнай – як бы выпіў ці прыняў лёгкі наркотык. А чысты кісларод ім жа і ёсць!”

“Тое самае, калі летнім днём лез з топняй у рэчку лавіць уюноў, з-пад ног, як толькі ўлазіў у ваду, падымаліся занізкі бурбалак – і зноў тая самая лёгкасць і ненатуральная, беспрычынная радасць! Толькі потым, дарослым ужо, даведаўся, што балотны газ – таксама наркатычны. Усё было ў самой прыродзе на радасць чалавеку, усяго ўдосталь хапала ў нашых беларусках вёсках. Іншая справа, што самі вёскі як пачалі душыць яшчэ з канца 19 стагоддзя, так не супакоіліся, пакуль не прыкончылі дарэшты ў пачатку 21-га, і саму назву знішчылі, навязаўшы замест вёскі аграгарадкі, а замест вяскоўцаў – “сваты”: хамаватыя, гарластыя, па-цыганску шумныя, якія суткамі не вылазяць з-за стала”.

Даліся яму гэтыя сваты. Лагун слухаў і думаў: знайшоў аб чым плакаць. Нічога харошага ў той вёсцы, як цяперашняй, так і ранейшай, не было і няма, акрамя жадання хутчэй уцячы адтуль. Разумнікі. Дайце мне грошы і кватэру, я б не плакаўся па грыбах і ўюнах. І чаму так заведзена: хто ўмее распараджацца грашыма, той бедны, а ў каго яны ёсць, той дурны?