– З чаго пасмяешся, таму паслужыш, – пачаў ён. – Мы ўсё нечага чакаем. Нам падавай дык падавай. Пісаць – дык адразу “Вайну і мір”, здымаць – дык “Гульню тронаў”. У выніку ў нас поўна геніяльных шэдэўраў (ён паказаў пальцамі двукоссе), мы ўжо не ведаем, дзе іх дзяваць, гэтыя шэдэўры, што з імі рабіць. Бяда ў тым, што ў нас не стала проста нармальных мастацкіх тэкстаў.
Затым чарадою пайшлі выступленні іншых сяброў журы: акцёр, лаўрэат, празаік, паэт, рэжысёр. Сэнс іх слоў зводзіўся да таго, што, сапраўды, раптам некуды прапалі гэтыя лёгкія, добрыя, лірычныя і светлыя камедыі ў разанаўска-гайдаеўскім стылі, якія не неслі дыдактыкі і маралі, не ставілі глабальныя пытанні, ні на што не прэтэндавалі, але менавіта ў тым, як ні парадаксальна, была іх каштоўнасць.
Словам, сцэнар спадабаўся ўсім. Журы было адзінадушным. І толькі Інга Міхалевіч-Яравая, намесніца галоўнага рэдактара кінастудыі, яна ж намесніца старшыні журы Сцэнарнага конкурсу (старшынёй быў сам шэф, гендырэктар Хрушчанка, але ён ні ў што не ўмешваўся і цалкам давяраў шаноўнаму журы) – яна адна не спяшалася. Яе мастацкая, а больш жаночая інтуіцыя падказвала, што нешта тут не так. Надта ж малады, дужа ранні быў аўтар, у той час, як адчувалася вопытная рука. Пашукаўшы па ключавых словах і асноўных сказах у Інтэрнэце, пакруціўшы іх так і сяк, яна нічога нават прыблізнага не знайшла і чамусьці з палёгкаю ўспрыняла гэта. Не плагіят? А раптам дзіва? І гэты студэнцік сапраўды аўтар? Чаго ў жыцці не бывае. Заходзіла на яго профіль у Фэйсбук, чытала скупыя звесткі, углядалася ў наіўную рудабельскую фізіяномію. Сінія вочы, белыя валасы. Падобны на Брэда Піта, толькі вушатага. Інга ўспамінала сваю паездку ў гэты Акцябрск-Рудабельскі, калі здымалі славуты фільм. Яе ніколькі не здзівіла супадзенне, што Лагун адтуль. Звычайна заўсёды ў тых месцах, дзе адбываліся здымкі, праз нейкі назіраўся прыток у тэатральна-мастацкія ўстановы, на акцёрскія, рэжысёрскія, сцэнарныя факультэты і курсы.
Увогуле, Фэйсбук студэнцік амаль не вёў. І гэта яна адзначыла плюсам. Усё ж не такі, як усе. Як мінімум, не балбатун. Або скрытны, або прадбачлівы, а значыць, разумны. Разумны не будзе вывальваць усё пра сябе. Так яна ні да чога не прыйшла. Тады, парушаючы ўсе магчымыя конкурсныя нормы і правілы, яна патэлефанавала яму. Ціхі, сарамлівы, нават як бы спалоханы голас, хвалюючыся, з выбачэннямі заявіў, што ў бліжэйшы час не можа сустрэцца, бо працуе па зменах пасля абеду. (Вось як – працуе.) А да абеду? Таксама заняты. Дамовіліся, што як толькі будзе вольны, няхай адразу пад’едзе, “важная размова”, – папрасіла яна. Час ішоў. Ён не адклікаўся. Ні назаўтра, ні паслязаўтра. Між тым трэба было нешта вырашаць, бо яна затрымлівала журы. Людзі залежалі ад яе марудлівасці.
– Здарылася што? – спытаў муж, які любіў быць у курсе жончыных спраў ад адсутнасці сваіх.
– Нічога, – адказала яна. – Хаця… Хочаш глянуць адну рэч? – Калі-небудзь яна выкарыстоўвала яго ў якасці своеасаблівага эксперта, “свежага вока”. – Цікава, што скажаш.
– Ахвотна. Але ты ж ведаеш мой густ, – прамовіў ён крыху какетліва, нібы набіваючы сабе цану. – Мне цяжка дагадзіць.
Ён быў старэйшы за яе на 15 гадоў. Высокі, мажны, непаваротлівы. Лысы, што, праўда, толькі маладзіла яго. Круглатвары, у акулярах з круглымі шкельцамі, за якімі плавалі цікаўныя шэрыя вочы. У шырокіх джынсах і белай сарочцы. Гэта знешне, а вось унутрана ён нібы перанёсся з ХХ, калі не з ХІХ стагоддзя, у наша дваццаць першае. Яго густы, калі яму верыць, застылі, закасцянелі гадоў 30 назад і больш не развіваліся. Усё, што стварылася за гэты час у літаратуры, музыцы і кіно, патрапляла пад яго з’едлівую крытыку. Ён сам прызнаваўся, што не ўспрымае нічога новага.
– Гэта не для майго сярэдняга розуму, – любіў казаць. І дадаваў: – Лепш быць ва ўсім дылетантам. Тады больш будзеш здзіўляцца, спазнаваць, і любіць жыццё.
Але Інга ведала, што гэта не так. Начытаны, адукаваны, з чэпкай памяццю, ён хутчэй быў эрудыт, чым невук, і насамрэч стараўся хаця б у асноўным не адставаць ад жыцця, быць у курсе ўсяго новага. Арыгінал, з дзівацтвамі, з заскокамі, па характары ён быў дабрак-сангвінік. Яго звычка, якой ён не толькі не саромеўся, а культываваў, была святая лянота. Да ўсяго ён з’яўляўся прыхільнікам малавядомага руху slow life: жыві марудна, спяшайся паволі; лепш не дарабіць, чым перарабіць.
Да 45 гадоў ён узначальваў прыватную турфірму, дзе не столькі працаваў, колькі бавіў час. Але пакрысе яму надакучыла нават гэта, і ў мінулым годзе ён вырашыў кінуць усё і не займацца нічым. Логіка была простая: на пенсію трэба выходзіць, пакуль малады адносна, здаровы, поўны сілы.
Так у 45 гадоў, не абцяжараны матэрыяльна, ён ператварыў сваё жыццё ў бязбеднае існаванне. Гэта была поўная матэрыяльная і духоўная незалежнасць ні ад кога і ні ад чога. Тым больш, весці такі лад жыцця было яму лёгка і проста – сродкі дазвалялі. Яму само ўпала ў рукі тое, чаго іншыя так упарта і такім вялікім коштам дабіваюцца. Яго бацька, вядомы ў свой час архітэктар Яравы, які, праўда, не столькі набудаваў, колькі наламаў, прынёс больш шкоды, чым карысці, і гэтым пакінуў пасля сябе нядобрую памяць, што, аднак, зусім не перашкодзіла яму геніяльна спраектаваць уласны дабрабыт. Дзвюм жонкам, дзвюм дочкам (адна цяпер жыла ў Аўстрыі, другая ў Аўстраліі) і адзінаму любімчыку-сыну ён пакінуў спадчыну: дом, дзве дачы, тры кватэры, а таксама кругленькую суму, якую паспеў перагнаць у валюту і вывесці за межы радзімы ў надзейны еўрабанк, паспяхова абмінуўшы дэфолты і інфляцыі. Менавіта за гэтую суму паміж сёстрамі цяпер вяліся звады, ішлі нейкія бясконцыя суды і разборкі. Аўстрыйка ніколі тут не з’яўлялася, а аўстралійка з перыядычнасцю раз у год прылятала са свайго зялёнага кантынента. Гэта была сапраўдная аўстралійская змяя. Калі яна, не міргаючы, холадна глядзела на Інгу, тую паралізоўвала, як гіпнозам. Сам Яравы ў разборках не ўдзельнічаў, бо, па-першае, стаяў вышэй за мышыную мітусню, а па-другое, яго доля ў завяшчанні была абумоўлена персанальна, і яму нічога не пагражала.
Інга пазнаёмілася з ім 5 гадоў назад у Піцундзе. Яны, студэнты-выпускнікі Белдзяржакадэміі мастацтваў, у якой тады ўпершыню з’явілася спецыяльнасць “Кінатэлезнаўца. Сцэнарыст. Рэдактар”, здымалі ў гарах дыпломны дакументальны фільм, а Яравы прыехаў лячыцца ад захворвання правага лёгкага – дактары параілі не ў сухі Крым, а сюды, дзе ў містычных ваколіцах возера Рыца быў сусветна вядомы рэліктавы сасновы бор з гаючым, лекавым паветрам.