Выбрать главу

Ямачкі на шчоках, цёплыя жывыя вочы, прыгожыя ногі; аказваецца, і душа таксама. Ад яе прыемна пахла надзвычай ахайнай, здаровай, пажадлівай чалавечай самкай. Гэты пах прабіваўся праз ледзь улоўныя духі, якімі яна карысталася ў вельмі рэдкіх выпадках.

– Вы мне паможаце?

– Я дзеля гэтага прыехала.

А калі ён пачаў дзякаваць, яна нечакана закрыла даланёй яму рот і пагладзіла па мокрай галаве. Тады ён, зноў шырока ўсміхнуўшыся, прыцягнуў яе да сябе, даволі ўмела і вопытна для таго хлопчыка, які склаўся ў яе ўяўленні. Яна не паспела ні пакрыўдзіцца, ні абурыцца, як яго рука ўжо ссоўвала набок яе трусікі, і ўсё, што ёй заставалася, гэта прашаптаць:

“Ну не цяпер жа… Дзверы! Замок!”

Пазней, успамінаючы ўсё, яна не магла ўзяць у толк: што гэта было? Насланнё? Нейкі памарак? Вясна? Радасць ад жыцця, энергія, якая ўзнікае пасля хваробы і падвойвае сілы? Гулкая цішыня на калідоры, веданне, што ўсе на занятках, перанос у студэнцтва, настальгія па ім? Ці, можа, наадварот, менавіта таму, што вакол поўна небяспекі, усё забаронена, кожную хвіліну маглі пастукаць, увайсці; нават тое, што дзе-небудзь можа аказацца прыхаваная відэакамера – усё гэта толькі абвастрала памкненне і, можа, менавіта таму так хацелася гэтую небяспеку паспрабаваць на смак?

Ці гэта быў той выпадак, калі нешта адбываецца без прычыны, бяздумна; нібы загадвае нехта, штурхае чорт пад руку, – так баязлівец у пэўныя хвіліны робіць тое, што сам пасля не можа вытлумачыць, напрыклад, скача ў ледзяную ваду, каб выратаваць тапельца, ці ўбягае ў ахоплены агнём дом, і наадварот – моцны, рашучы чалавек дранцвее ад страху, убачыўшы мыш, і гэтак жа сама не можа пазней даўмецца, чаму.

А можа, яшчэ прасцей. Мо Інга адчула да яго тое самае, што і іншыя асобы жаночага полу: аднакласніца, і дзяўчына з поўдня, і настаўніцы, і дама з прыёмнай камісіі, і выкладчыцы на сесіі, і камендантка інтэрната, і начальніца па кошыках у гіпермаркеце – гэта было пачуццё шкадавання, ці то пяшчоты, ці спакуса яго безабароннасцю (падманнае пачуццё!), адпаведна, і адчуванне ўласнай бяспекі – такі нічога нікому не раскажа.

Папугай сціх, прыслухоўваўся, нахіліўшы лімонную галоўку, і, здавалася, уважліва сачыў за тым, што адбываецца.

“Ён не раскажа?” – прашаптала Інга. А потым, прыводзячы сябе ў парадак, строга казала:

– Цяпер паслухай. Тое, што здарылася, не павінна было здарыцца. Але гэта нічога не значыць. Раз ужо адбылося, першае – маўчаць. Не ўздумай нікому хваліцца.

– Я і не збіраўся.

Але яна паўтарала:

– Не будзеш хваліцца? Хаця я ўпэўнена, што будзеш. І, канечне, табе не павераць.

Села, падабраўшы пад сябе нагу, гледзячы ў люстэрка смартфона, паправіла валасы. Лагуну прыйшло ў галаву, што ён не павінен маўчаць, што нешта ж робіцца і кажацца ў такіх выпадках. Падзякаваць, ці што. Ён выціснуў з сябе:

– А я вас даўно ведаю, – сказаў і не схлусіў.

– Як даўно?

– Тры гады, шэсць месяцаў і тры дні. Вы прыязджалі да нас на здымкі.

– Не, не памятаю, – паціснула яна плячом. – Хаця здымкі, канечне, помню. Прыроду. Потым – няшчасны выпадак нейкі, з маланкай і з тэлефонам звязаны.

Лагун застыў, баючыся паварушыцца. Ва ўсе вочы глядзеў на яе, каб злавіць кожнае слова, чакаючы, што яна скажа і зробіць далей. Яна сказала:

– Цяпер – муж.

– А што… муж?

– Як усе яны – раўнівы. Ведаеш, як мы пазнаёміліся? У Піцундзе.

Мы, студэнты, здымалі там дыпломны фільм. У мяне быў закаханы рэжысёр, аднагрупнік. А ён, будучы муж, адпачываў там. І аднойчы здарыўся няшчасны выпадак. Рэжысёр разбіўся, сарваўшыся са скалы, пры нявысветленых, дзіўных абставінах.

– Не можа быць, – жахнуўся Лагун.

Інга не схлусіла ні слова, рэжысёр сапраўды разбіўся; проста яна крышку па-свойму перайначыла – так бы мовіць, расставіла патрэбныя знакі прыпынку.

– Вось так, адным махам, расправіўся з невінаватым чалавекам. Выключна ад рэўнасці. – І спакойна, як ні ў чым не бывала, працягвала: – Някепска было б вам пазнаёміцца.

– Нашто?

– Паказаць, што сумленне чыстае. Што нам няма чаго баяцца. Можа, прыдумаць, што ты гей? Старая штука, ды раптам спрацуе. З тваёй непасрэднасцю і, трэба прызнаць, рашучасцю можа і атрымацца. Калі не перайграваць, не перагінаць палку, а проста пусціць слова, яно можа патрапіць у мішэнь. Бо часта ўсё губіць залішняе паляпшэнне – чым больш хлусіш і апраўдваешся, тым больш верагоднасці, што цябе раскусяць.

Ён спалохана слухаў яе.

– Дай мне слова – паводзіць сябе нібыта нічога не адбылося. Як бы цябе ні прыціскалі да сцяны, адмаўляй усё на свеце, самае відавочнае. Ніколі нікому ні ў чым не прызнавайся. Пад страхам смяротнага пакарання, ведаючы, што маўчанне цябе губіць, што злавілі цябе на месцы злачынства, знялі на камеру, зафоткалі, прывялі сотню сведкаў, калі ўсе і ўсё супраць цябе – стой на сваім, тупа, упарта сцвярджай: не, нічога не было, я не вінаваты, усё падман, фэйкі, усё падстроена, сведкі падкуплены. Дамовіліся?

І, бачачы, што зусім запалохала яго, паспрабавала супакоіць:

– Ды не бойся, да гэтага не дойдзе. Я пастараюся, каб вы з ім не перасекліся. У любым выпадку я заўсёды буду побач.

Дома, апярэджваючы роспыты мужа, яна кінула на хаду: “Угаварыла. Усё атрымалася”. Але мужа цікавіла ўсё: падрабязнасці, развіццё, дэталі. Давялося прысесці, падрабязна расказаць, як ён, гэты аўтар, жыве, нават пра вахцёра і папугая.

– Я ўсё чакаю, калі ты нас пазнаёміш.

– Хіба я абяцала?

– Не. Але муж я ці не муж? Я маю права ведаць, чаму ты ім так апякуешся? Гэта наводзіць на падазрэнні. Ты не закахалася?

– Што за глупства. Неверагоднае, – сярдзіта бліснула яна вачамі. А сама ўся сціснулася. І адразу ж перавяла размову на Хрушчанку. – Сёння, уяўляеш, пазваніў і запрасіў на дзень нараджэння, на фуршэт. Пасля ўсяго, што адбылося! Як так і трэба!

– Калі фуршэт? – дзелавіта спытаў муж.

– Заўтра. У яго кабінеце.

– Пойдзеш?

– Трэба ж сказаць, што аўтар перадумаў.

– А сам аўтар будзе?

– Перастань. Нікога не будзе. Чаму ён там павінен быць?

– Табе відней.

Інга прапусціла гэта міма вушэй і працягвала пра Хрушчанку:

– Іншы на яго месцы пасаромеўся б, а з яго як з гусі вада.

– Ну, так робіць не адзін Хрушчанка.

– У сэнсе?

– Не адзін Хрушчанка кажа адно, а робіць другое.

Яна ўнутрана сцялася. Муж паводзіў сябе так і гаварыў так, нібыта ўсё ведае. Ён нібы чытаў яе думкі, і хоць, дзякаваць богу, пакуль рабіў з гэтага прачытання не тыя высновы, але ўсё адно. Яна злавіла сябе на тым, што баіцца крамольна нават падумаць і адчувае сябе, як распранутая.

І дзіва дзіўнае, усе словы, якія яны маглі сказаць адно аднаму яшчэ сёння раніцай і якія тады былі самымі звычайнымі, цяпер набывалі нейкі падтэкст, намёк, падвойны сэнс; нават нейкай пагрозай дыхала ад іх.

Раптам да яе дайшло, што цяпер, з гэтага вось часу, яна не зможа быць сама сабою, што не будзе ёй супакою, давядзецца ёй ламаць сябе, падстройвацца, хітрыць, і што яна сама, уласнымі рукамі, без прычыны, на ідэальна роўным месцы стварыла гэтую сітуацыю. Яна зразумела, што цяпер, пачынаючы вось ад гэтага вечара, ніводнае слова ад яго яна ўжо не зможа ўспрымаць, як раней, і будзе заўсёды мучацца пытаннем: ён ведае ці яшчэ не?

“Што я нарабіла?” – падумала яна самае банальнае, што можна падумаць у такіх выпадках.

15

Лагун паспеў забыць словы і папярэджанні Інгі, таму з неўразуменнем утаропіўся на мужчыну, які на другі дзень прыкладна ў абед узнік у дзвярах пакоя. Мужчына быў мажны, у шырокай белай сарочцы, у джынсах, у якія ўлезлі б два з паловаю Лагуны. Узнік і, не вітаючыся, з цікавасцю агледзеў сцены, ложкі, тумбачкі, клетку з папугаем. Нагледзеўшыся, толькі тады перавёў вочы на Лагуна і прамовіў:

– Значыць, так жывуць пачынаючыя сцэнарысты?

Пасля чаго з годнасцю прадставіўся:

– Муж нашай агульнай знаёмай. Міхалевіч. Вас я ведаю.

Ён паляпаў рукой па ложку, акурат, як Інга, нібы правяраючы трываласць яго. Без дазволу прысеў, ад чаго ложак заскрыпеў і прагнуўся.

– Начуты, начуты. І начытаны. Даўно хацеў з табой пазнаёміцца. Нічога, што на ты? Улічваючы тое, што нас звязвае, можна і на ты.