– Ён падобны на вясковага дзядзьку, – ціха падхапіла Рыта, – які прыехаў у госці ў горад і засядзеўся.
– Адзін палец адначасова тры клавішы на ноўтбуку разам захопіць.
– Нізашто не паверу, што ён можа нешта людскае стварыць.
– Асабліва калі ведаеш, якая таленавітая цяпер моладзь. Узяць хоць бы гэтага Лагуна. Уся біяграфія – школа ды паездка ў цягніку. А як піша!
– Не кажы. Я неяк…
Так яны ціха пляткарылі, а чарговы выступоўца важна і важка казаў:
– …Такая дата бывае раз у жыцці! – і, пачаўшы з гэтага глупства, бо нібыта любая іншая дата бывае некалькі разоў у жыцці, працягваў: – Наш дарагі… не толькі падняў на новую вышыню… але і ўнёс свой вагомы ўклад… аб чым сведчаць такія рэчы, як… магутны, толькі ў апошні час раскрыты талент выдатнага сцэнарыста…
– Охо-хо, – ціха ўздыхнуў Вечка. Скіндзер пачуў і нахіліўся да яго.
– А вы паслядоўны чалавек, – сказаў ён. – Ваш пратэжэ паказвае поспехі.
– Прашу цябе, не трэба, – спалохаўся дзед. – Я ў ім так расчараваўся!
– Не бойцеся, я нікому не скажу. Аднак як ваш план? Як рухаецца справа з трыма зайцамі?
– Ніяк, – адказаў Вечка. – Хочаш насмяшыць Сапраўднага Сцэнарыста, раскажы яму пра свае планы.
Яму было сорамна, што яго, старога, вопытнага, разумнага, якім ён сябе лічыў, чалавека, так лёгка і прымітыўна падманулі. Лагун абяцаў “прадаць ідэю”, ды не прадаў, а ўрэшце і зусім перастаў адказваць на званкі. Тым часам падняўся з чаркаю ў руцэ імяніннік, сам Хрушчанка, чырвоны, абсыпаны кропелькамі поту.
– Сябры, – расчулена прамовіў. Хацеў сказаць яшчэ нешта – не змог, паспрабаваў зноў – і зноў не змог, як чалавек, які без паперкі забывае тэкст. Паглядзеў тужліва на вокны, паправіў гальштук на шыі і раптам, выгнуўшыся ўсім целам, як акцёр у кіно, споўз пад стол на падлогу. Як пасля ўспаміналі тыя, хто стаяў блізка і ўсё бачыў, найбольш іх уразіла, што, падаючы, Хрушчанка не выпусціў чарку з рукі і не разбіў яе. Усчаўся пярэпалах.
– Кепска чалавеку!
– Душна! Вокны адчыніце!
А вокны і так расчыненыя.
– Ён мёртвы! Не дыхае!
– Не, ён жывы.
Перанеслі непрытомнае цела з пасінелым тварам да вакна на канапку, выклікалі хуткую. Госці не разыходзіліся. Гаварылі амаль шэптам. Хадзіць стараліся ціха, каб не стукаць нагамі. На дальнім канцы стала сёй-той, карыстаючыся момантам, выпіваў і закусваў. Вельмі хутка прыбыла брыгада медыкаў з трох чалавек, у бурачковага колеру камбінезонах, схіліліся над целам. На руцэ, пальцы якой нарэшце разагнулі і выслабанілі з іх чарку, пульс не прамацваўся.
– Ну, што, доктар? – нецярпліва спытаў нехта.
Доктар разагнуўся:
– Усё.
Як толькі гэтае слова прагучала, на некалькі хвілін усталявалася мёртвая цішыня. Парушыў яе доктар.
– Падобна на атручванне, – сказаў ён. – Усе сімптомы. У яго была алергія?
– Была, была!
– Яшчэ як была!
– Я б вам параіў нічога не чапаць на стале, – сказаў доктар.
Узніклі насілкі, цела, накрыўшы казённай прасціной, вынеслі. Тут і пачалося. Рыта заўважыла, як Інга пабялела і прыклала да рота насоўку. Ззаду пачуўся шэпт: “Гэтую с… даўно трэба было атруціць”. Рыта хутка азірнулася. Усе стаялі панурыўшыся, з сумнымі сур’ёзнымі тварамі. Няўжо пачулася, няўжо гэта яна сама падумала ці, яшчэ горш, вымавіла ўслых? Ды не – ціхія галасы ледзь чутна луналі ў паветры.
“Добра, што ён ужо нічога не чуе”. – “Ён і пры жыцці быў глухі як пень. Да мастацтва”. – “Якія мы ўсё ж цынікі”. Галоўны рэдактар Камар раптам гучна сказаў:
– Вось дык фокус. Я не думаю, каб у каго-небудзь быў зуб на нашага гендырэктара.
Усе прыціхлі і нават як бы працверазелі. Спадылба пачалі паглядваць адно на аднаго. Кожны сам пра сябе ведаў, што ён не вінаваты, але ведаў, што і іншыя думаюць таксама, падазраючы суседа. Кожны ліхаманкава ўспамінаў, ці не сказаў што лішняе ў кабінеце, каля кава-аўтамата, у курылцы, на вуліцы, і калі сказаў, дык якія могуць быць наступствы?
– Не чапайце нічога на стале! – зноў пачуўся тонкі голас Камара. Ён яўна забіраў ініцыятыву ў свае рукі.
Пасля гэтых слоў усе моўчкі пачалі разыходзіцца.
17
На двары Рыта з рэжысёрам Скіндзерам спыніліся непадалёк ад ганка пад старой таполяю, дзе было самавольнае месца для курэння. “Жах нейкі”, – сказала Рыта і пацепнула плячамі, нібы холадна ёй было. Яна правяла вачамі Інгу, якая сядала ў свой аўтамабіль.
– Чаму жах? Наадварот, я б сказаў, мудрае рассяканне гордзіева вузла. Быў дэспат – няма дэспата. Пры ўмове, канечне, што ён сваёй смерцю памёр.
– Ну, што ты вярзеш?
– А што? Многія жадалі, каб ён апрастаў гэты свет. Таму надта падазрона такое хуткае выкананне.
– Ну, што ты пляцеш?
– У тым ліку і ў цябе. У цябе былі няпростыя адносіны з Хрушчанкам… нябожчыкам Хрушчанкам, – паправіў сам сябе рэжысёр.
– Калі гэта жарт, дык зусім нясмешны.
– Прынамсі, цяпер цябе ўжо не звольняць.
– А ў цябе? У цябе былі з ім простыя адносіны?
– У мяне – так. Я выключэнне. Мне трэба быць рахманым, добрым да ўсіх. Як цяляці, каб смактаць больш матак. Я залежны ад усіх: ад рэдактара, аператара, гукавіка, дырэктара…
– Сцэнарыста, – падказала Рыта. Яна старанна прытушыла акурак, раструшчыўшы яго аб шурпаты ствол таполі.
– Ад яго ў першую чаргу.
– А дарэчы, – успомніла Рыта. – Памятаеш, у канцы зімы? У мяне на балконе? Ты казаў пра хлопчыка, які з’явіцца на кінастудыі, каб адпомсціць за бацьку?.. Яшчэ разважаў пра кіношнага бога.
– Абсалютна не памятаю, – адказаў Скіндзер.
– Як дзіўна, што ўсё пачынае спраўджвацца. Хрушчанка – першая ластаўка? Адкуль ты ведаў? – не сунімалася Рыта. – Ты ўжо тады ведаў пра гэтага маладога сцэнарыста!
– Выпіўшы быў. – Скіндзеру яўна не хацелася гаварыць на гэтую тэму. – А калі і сказаў, менш слухай і лягчэй забывай. Цяпер такія людзі і такія часы…
На ганак выйшаў Вечка. Рэжысёр махнуў яму рукою.
– Пабягу. Прабач!
“Сябры”, – падумала Рыта з рэўнасцю, але і з палёгкаю. Хай ідзе. Бо інакш напросіцца правесці, а ёй трэба пабыць адной. Хацелася прыйсці ў сябе ад усяго гэтага. Пакуль дабіралася дамоў, яна ўсё думала, думала, і было ў тых думках добрае, не вельмі добрае і проста дрэннае. У тым ліку нават трывожнае.
“Каб сапраўды яшчэ мяне не прыплялі”, – думала яна.
Тым больш ёсць падставы. Усе ведаюць, што ў яе з Хрушчанкам былі, мякка кажучы, нацягнутыя адносіны. Пра нябожчыкаў нельга кепска, але Рыта апроч як з нядобрым пачуццём думаць пра яго не магла. Прыставанні яго, а ён на самой справе прыставаў, потым гэты загад на звальненне. А галоўнае, што здуру, хай сабе іранічна, яна пісала пра ўсё гэта. Рыта – у рэальным жыцці ціхоня, шэрая мыш, у жыцці віртуальным рабілася смелай, дасціпнай, з’едлівай, знаходлівай на патрэбнае, часта вострае слоўка. У іхнім закрытым чаце маці-адзіночак, дзе яна актыўнічала, пад нікам, канечне, яна давала кароткія і трапныя характарыстыкі сваім супрацоўнікам, апісвала кінастудыйныя справы і плёткі, распавядала пра закрытыя і адкрытыя сцэнарныя конкурсы і выцякаючую з іх міжвідавую барацьбу. Гэта дарэмна яна рабіла. Магла напісаць і лішняе. Цяпер яна моцна шкадавала аб гэтым.
“Трэба хутчэй пацерці ўсё!”
Праскоквала ў яе думках і харошае. Нядаўняя падзея, калі можна так назваць смерць чалавека, гарантавана захоўвала ёй месца. Калі не прызначаць гендырэктарам чужога, што малаверагодна, ім стане добры Камар, і тады яна дакладна застанецца на кінастудыі. Магчыма, узнікне рух, пачнуцца ўнутраныя перасоўванні па кар’ерных лесвіцах, павышэнні-перамяшчэнні, і тады Інга зойме месца Камара, а Рыта – месца Інгі. Вось і харошае.
Харошае? Дакладна? А яно сапраўды лепш, гэтае чаплянне за працу? Ці не пагубіць яно яе? Лёс сам падштурхоўвае да абнаўлення, дае ёй такую магчымасць, такі шанс памяняць жыццё, вырвацца з гэтай пасткі, з вечнай барацьбы за месца і залежнасці ад яго. Дайшло да таго, што яна ў свае маладыя гады перастае марыць, амаль змірылася з наканаванасцю, пачынае ледзь не любіць уласную клетку, гэтае месца.