Выбрать главу

– Закруцілі вы, нічога не скажаш, – паўтарыў ён, разам з дымам выпускаючы словы.

– Кіношны бог помслівы. Я сам казаў некалі. Вось мне і прыляцела. Расплата за тое, што халтуру пра вайну пісаў для Хрушчанкі!

– Нябожчыка Хрушчанкі, – машынальна паправіў рэжысёр, выкінуў у сметніцу амаль цэлую цыгарэту і саступіў убок, прапускаючы наперад старэйшага.

19

Камар прыйшоў дамоў позна. Марудна, як ганец, які нясе сумную вестку, падняўся па лесвіцы на свой другі паверх, адамкнуў дзверы. За клопатамі ён ледзь паспеў сказаць па тэлефоне пару слоў жонцы, што затрымаецца, і знарок не сказаў, што ён ад гэтага вечара ЧВАГ – часова выконваючы абавязкі гендырэктара. Яна яшчэ нічога не ведала, таму чакала яго з нецярпеннем. Дачка-студэнтка даўно спала.

Жонка, высокая хударлявая бландзінка, з куклай на галаве, кінулася да мужа. Ад нецярпення ў яе гарэлі вочы.

– Нарэшце! Ну, што?

– Нічога, – адказаў муж, хмурачыся, каб не паказаць адразу і так яўна, што ён у душы рады чужой смерці.

– Як нічога?! Ён памёр?

Але муж працягваў разыгрываць яе. Цягнуў, уздыхаў. Зняў і працёр акуляры. Палічыўшы, што досыць, нацешыўся, сказаў з уздыхам:

– Усё. Няма нашага імянінніка. Як і не было.

І тады раптам жончын твар надзіва пахарашэў, і ўся яна неяк папрыгажэла і падабрэла.

– Дык цябе можна віншаваць?

– Ага, віншаваць. Каб яшчэ перадачы насіць не давялося.

– Сплюнь! Вечна ты… Як можна? Ты што, не ведаеш, што словы матэрыяльныя? Іншае, сказанае не ў час, збываецца.

– У тым і справа. – Ён вытрымаў паўзу. – Я, як сумленны чалавек, перадумаў рознага. Чорт іх ведае. А раптам мяне западозраць? Мала што мог сказаць дзе-небудзь. Міжволі прыгадаеш усе грахі, яўныя і тайныя.

– Не хадзі ты кругамі вакол. Раскажы нармальна. Як ён памёр? Ад чаго?

Камар сказаў значна:

– Падобна на алергічнае атручванне. Можа, арахіс. Цукерку з’еў, казалі.

– Цукерку?! – жонка, аптэчны работнік, разбіралася ў гэтым куды больш за мужа. – Памерці ад алергіі? Гэта павінна быць слановая доза. І потым ён што, не ведаў? Не трэба шукаць таго, чаго няма. Я хутчэй паверу, што ён ад звычайнай старасці памёр. Ад такога жыцця, як вашае, кіношнае, хто хочаш памрэ. Тым больш, ты сам казаў, анёлам ён не быў…

– Пра нябожчыкаў нельга кепска.

– Чаму? Гэта пра жывых пажадана або добра, або нічога. А пра нябожчыка чаму б і не? На кім тады вучыцца, як не на іх?

– Бедны, – уздыхнуў Камар. – Як усё ў жыцці звязана. Адным гора, другім радасць.

– Цяпер усё будзе добра. Хутчэй за ўсё, ты цяпер пойдзеш на павышэнне. Можа, нават гендырэктарам станеш.

– Пакуль толькі “в.а” – выконваючы абавязкі, – сціпла пахваліўся муж. – Прызначэнне часовае.

– Вось бачыш! Праўду кажуць – смерць роўна дзеліць, адна яна вырашае ўсё справядліва.

– Я гэта да таго, бо думаю: ці бывае што-небудзь бязвоблачнае? Каб не прымешвалася трывога? Кшталту – ох, надта ж усё гладка! Не к дабру! Мабыць, каб я выйграў мільён, першая думка была б – чаму не два мільёны, а другая – як цяпер абараніцца ад зайздрасці суседзяў і знаёмых і адбіцца ад радні, якая набяжыць.

І праўда, было відаць, як ён стрымлівае сябе, нешта азмрочвае, атручвае яго радасць, не дае ёй вырвацца вонкі.

– Гэта ўсё ад таго, што ніводзін чалавек нават прыблізна не ведае, што яму трэба, каб ён супакоіўся, што ён павінен дасягнуць, каб сказаць сабе: усё, досыць.

Жонка, якая ведала яго як аблупленага, асцярожна прапанавала:

– Калі душа чыстая, жыць лёгка і цудоўна. Трэба будзе адзначыць…

– Пасля, пасля.

– Рэстаран заказаць. – Яна ведала аб мужавай беражлівасці, але ведала і тое, наколькі важная для яго гэтая падзея. – Не будзем эканоміць. Адзін раз жывем.

– Маю маці забярэм, – сказаў ён. – Хопіць ужо.

– Дом свой будаваць трэба. Дачка вось-вось замуж.

– Вечны клопат!

– Цяпер будзе лягчэй. Паможаш таму й таму – табе памогуць.

Яны абое, Камар і жонка, на поўным сур’ёзе лічылі, што ўлада на тое і дадзена, каб не марудзячы, адкрыта пачаць карыстацца ёю – для сваёй сям’і, блізкіх, сяброў і знаёмых. Самі не заўважылі, як перайшлі да складання спісу гасцей.

– Хросную абавязкова.

– Настаўніцу не забудзь. Шурына свайго…

– Твайго брата? Не, ніколі!

– Памірыцеся вы ўжо. Даруй ты яму, – ласцілася жонка.

Ён спахапіўся.

– Аднак мы дзелім скуру незабітага мядзведзя. І потым – рэжым ніхто не адмяняў, – сказаў ён важна.

У яго быў на кожны дзень графік: дзве гадзіны ў дзень, незалежна ад настрою, часу сутак і надвор’я, аддаваць прагляду новых фільмаў, сачыць за навінкамі, збольшага чытаць хаця б кароткі змест і каменты, каб не тое што быць у курсе – гэта немагчыма, а хаця б не надта адстаць. Часцей за ўсё ён проста глядзеў усё падрад.

– Які ты ў мяне працаўнік.

Жонка ледзь не малілася на яго. Усё, што яе турбавала, гэта быў муж, яго камфорт, яго праца. Калі ён зачыняўся ў сваім пакоі, яна хадзіла па кватэры на дыбачках, нібы побач за сцяной вялася рэлігійная служба. І дачку з малых гадоў прывучыла да цішыні: тата працуе!

Камар пайшоў да сябе ў пакой, які з’яўляўся адначасова кабінетам. Там, акрамя прагляду фільмаў, мелася ў яго таемнае хобі. Употай ад усіх, хвалюючыся, перажываючы, ён спрабаваў ствараць мастацкія тэксты, якія падпісваў прыгожым, рамантычным псеўданімам Максім Рамонка – анаграма ад Максіма Комара. Усё, што ім было напісана, вельмі падабалася яму самому. Больш ён нікому не паказваў. Тэмы ў яго былі аднастайныя, толькі пра фальклорную містычную Беларусь: улетку пра Купалле і пошукі Папараць-кветкі, узімку – пра Каляды і цуды, звязаныя з гаданнем і вывернутым кажухом. Усе героі ў яго абачліва гаварылі толькі на рафінаванай рускай мове.

Сёння не працавалася. Узбуджэнне не давала ні на чым засяродзіцца. Напружанае чаканне новага не праходзіла, яшчэ і ўзмацнялася. Галоўнае, што яго ўсхвалявала і не адпускала, гэта вельмі простая думка – як жа лёгка, у адзін момант і самым надзейным чынам можа вырашыцца ўсё, што здавалася невырашальным, развязка чаго павінна была расцягнуцца на гады, дзе варыянт простай анатамічнай смерці стаяў на апошнім месцы і ўсур’ёз не ўспрымаўся.

І вось табе маеш!

Не трэба больш планаў, прыкідак, цярпення, інтрыг, этапаў, а галоўнае – чакання, бо чаканне насамрэч нялёгкая праца. Міжволі прыйдзе ў галаву, што хтосьці – нейкі Вялікі Сцэнарыст, які ўсё бачыць і ведае наперад, піша свой тэкст, а Нябачны Рэжысёр здымае па гэтым тэксце-сцэнарыі фільм.

Камар быў не малады. Ззаду было вясковае нялёгкае дзяцінства, увесьчасная праца і невялікія плады яе, тым больш каштоўныя, бо даваліся вялікай цаною. З таго часу, як ён скончыў у Маскве кінакурсы і вярнуўся на радзіму, кожную кар’ерную прыступку, нават самую маленькую, яму даводзілася браць ледзь не штурмам, з крывёй і потам. Ён заўсёды ведаў свае межы. Таму, дасягнуўшы пасады галоўрэда, зразумеў, што гэта, хутчэй за ўсё, самае большае, што на гэтым этапе яму наканавана, а наступны калі яшчэ будзе. Але тое, што кар’ёра не скончыцца, ён ведаў дакладна, таму так спакойна і ўспрымаў сваё месца.

Інстынктам селяніна з глыбіні стагоддзяў ён адчуваў – цяпер для такіх, як ён, самы лепшы, самы спрыяльны час. Ніколі, нават шэптам на кухні, ён не крытыкаваў вышэйшае начальства, тым больш – сістэму, бо быў упэўнены, што ад уласна чалавека нічога ў жыцці не залежыць. Не нікчэмны чалавек, а толькі абставіны і іншыя людзі з’яўляюцца кавалямі чужога шчасця. Шчасце ж у яго разуменні было: грошы, кар’ера, слава, – не шумная, невялікая, хаця б у сваім вузкім сямейна-сяброўскім асяродку. Хтосьці за адзін дзень набывае і траціць мільёны, – гэта не яго; ён спакойна адыдзе ўбок. Так надзейней. Яго любімымі жыццёвымі слоганамі-дэвізамі былі:

“Кура па зярнятку дзяўбе і наядаецца”.

“Абавязкова трэба хваліць кагосьці, тады ў адказ пахваляць цябе”.

“Баяцца – значыць паважаюць”.

Яго любімы герой быў Герман з “Пікавай дамы”, які ставіў сабе мэту не гнацца за большым, каб не страціць меншае. У яго, у Камара, і праўда ў параўнанні з іншымі ўсё было як бы паменшаным, нават крышку непаўнацэнным.Быў “мерсэдэс”, але не новы, які ён сам насмешліва называў – мерын. Кватэра вялікая, але няўклюднай планіроўкі і ў старым доме. Было лецішча, але ў нізіне, ад чаго там нічога не расло, а вяліся то краты, то камары. Нават у адносінах да жонкі і дачкі ён быў абыякавы, мала пра іх клапаціўся; яны павінны былі спрыяць дасягненню яго мэтаў, укладваць у яго свой, так бы мовіць, жыццёвы капітал – будзе яму добра, адпаведна і ім.