Выбрать главу

У Лагуна тым часам загоіліся плечы і ногі, злезла скура, і таму можна было загараць колькі ўлезе. Нібы назло Міхалевічу і каб не слухаць яго, ён увесь час валяўся на пляжы, упітваў у сябе сонца, разглядваў пляжных дзяўчат або проста драмаў. Твар яго загарэў, уменне чырванець цяпер было яму без патрэбы, але гэта пазбавіла яго абаяльнасці, – нібы з белай скураю ён быў чысцейшы, а цяпер загар накрыў не толькі яго скуру, а і душу. Ён зусім асмялеў і ледзь не паплаціўся за страту пільнасці. Неяк ляжаў на жываце, загараў, як яму на плячо і на спіну ўпалі халодныя кроплі. Лагун адмахнуўся, думаючы, што гэта Міхалевіч.

– Братан, ты ці не ты? Што ты тут робіш? Адпачываеш?

Лагун ускочыў, сеў, працёр вочы. Перад ім стаяў матацыкліст з базара ў Акцябрскім уласнай персонай. Той жа гопніцкі выгляд, тыя ж спартыўныя штаны з лампасамі. Пацерты, няголены, пакамечаны твар. Толькі шлем на руцэ не вісеў.

– Ты някепска ўладкаваўся. Бачу, спрацавала мая навука. Ты здольны вучань. Даў айчым грошай? Дарэчы, паступіў? У тэатральны?

Лагун не ведаў, на якое з пытанняў адказваць, таму не адказваў ні на адно. Ліхаманкава ён прыкідваў, што рабіць, як ад яго пазбавіцца.

– А я патрапіў у гісторыю, – паведаміў матацыкліст. – Прыехаў спаганяць доўг, а ў выніку сам вінен застаўся. Так атрымалася. Матацыкл забралі. Добра, што цябе сустрэў. Я табе памог некалі, цяпер ты мне памагай. Купі паесці для пачатку.

Еў ён прагна, хутка. Кавалачкам лаваша беражліва падбіраў з талеркі кетчуп з цыбуляю. Піва цякло па губах, ён здзьмухваў пену і заадно праганяў асу, якая набівалася ў кампанію. Лагун, гледзячы на яго, сам захацеў есці. Ён саромеўся матацыкліста, пазіраў па баках, ці не бачыць хто са знаёмых.

– Дык што ты казаў пра грошы? – спытаў, наталіўшы голад, выціраючы пальцы і вусны сурвэткай, матацыкліст. Хаця Лагун нічога пра іх не казаў. – Мне трэба грошы. На адваката, каб выцягнуць сяго-таго з суда. Аднаго чалавека, не абыякавага табе. Не чужога. Маю сястру. Памятаеш? Яна патрапіла ў гісторыю…

Лагун паспрабаваў рыпнуцца, выкруціцца, растлумачыць, што ён сам на птушыных правах:

– Выпадкова тут апынуўся…

– Э-э, братан. Вось які ты стаў. Забранзавеў. Заганарыўся.

– Я паспрабую…

Дамовіліся сустрэцца на гэтым жа месцы, каля піва і грылю. У час абеду Міхалевіч пацікавіўся: “З кім ты размаўляў? Хто гэта?”

– Ніхто, – адказаў Лагун. – Памылка.

А пасля абеду проста ўцёк, пайшоў гуляць у сасновы рэліктавы лес. Хадзіў між дрэў, адпачываў на палянках, удыхаў родныя пахі смалы і чарнічніку. Нібы апынуўся дома, у беларускім лесе. Калі па яго разліках даўно мінуў час прызначанай сустрэчы, пачало цямнець, людзі сыходзілі з пляжа, акрамя рамантыкаў і закаханых, Лагун падабраўся да катэджа – і пачуў знаёмы голас з балкона. Нізкі і так, сам па сабе, увечары ён аж гудзеў, здавалася, слаўся па зямлі і даходзіў да самага мора.

– Зу-зу-зу… Бу-бу-бу… Усё гэта я так, з мужчынскай салідарнасці… Каб паставіць вас у вядомасць, – даносілася да Лагуна. – Не ў маіх правілах умешвацца ў чужыя справы… не такі я чалавек… не маю такой звычкі… не такі ў мяне характар… Зу-зу-зу…

Лагун мог разабраць толькі палавіну таго, што казаў матацыкліст.

– Бу-бу-бу… Я не прывык пляткарыць… вышэй гэтага… але закрануты гонар маёй сястры… выключна дзеля таго, каб акупіць адваката… а ён, гэты Лагун… Зу-зу-зу…

Лагун стаяў у цемры, якая надта ж хутка, па-паўднёваму згусцілася, і думаў: вось і ўсё. Вось так і яго сувязь з Інгай выкрыецца. І тады – бывай, дом, бывай, кінастудыя, фільм, а можа, і маё жыццё. Дачакаўшыся, калі матацыкліст нарэшце пайшоў, ён з цемры наблізіўся да светлага балкона і, хоць усё ў ім трымцела, рашуча набраў паветра ў грудзі.

– Я ўсё чуў… Так, я не ўсё сказаў вам… Але гэта таму, каб зберагчы вашы нервы! Так як вы зберагаеце вашай жонцы… Я вас вельмі цаню, каб увязваць у свае…

– Не хвалюйся.

– Гэтыя нібыта брат з сястрою, – хутка, пераканаўча гаварыў Лагун, – чым яны займаюцца… Гэта ў іх сямейны бізнес… ён падстаўляе яе і затым шантажом выманьвае грошы…

– Не хвалюйся. Я заплаціў яму.

– Вы? Заплацілі? Нашто? – ускрыкнуў Лагун, нібыта гэта былі яго грошы. – А калі ён зноў захоча?

– Паабяцаў, што не захоча. Але ты… Як ты мог? Не сказаў ні пра айчыма, ні пра сясцёр. Ні пра маці. Гэта ж лёгка было вырашыць – памагчы тваёй сям’і хаця б матэрыяльна…

Лагун не паспеў адкрыць рот, як Міхалевіч зрабіў знак, каб не перабіваў:

– Я разумею – гонар, шчырасць, сумленне і гэтак далей. Але ж нельга быць такім… цнатлівым у наш час!

Лагун выдыхнуў з палёгкаю. І гэтая непрыемнасць абышла яго бокам, закранула толькі ўскосна. Ён ужо быў паспадзяваўся, што так усё нічым і не скончыцца. Але дарэмна. Пасля гэтага выпадку нібы трэшчына прайшла паміж імі. Спачатку ледзь заўважная, а потым неяк пакрысе Міхалевіч пачаў ад яго аддаляцца, вочы ў яго больш не гарэлі, а ўсмешка не кранала вуснаў. Ён нязвыкла многа маўчаў і ўсё часцей задумваўся. Пад канец яны настолькі перасыціліся адзін адным, так прагнулі адпачыць ад поўдня і адзін ад аднога, што не маглі дачакацца дня ад’езду, а калі ён надышоў, не хавалі радасці.

31

Прыезд мужа быў раптоўны, без званка. Як толькі Інга ўбачыла яго, пачула знаёмы, прастуджаны голас, сэрца ледзь не выскачыла з грудзей, ёй стала блага. Як жа, аказваецца, моцна яна чакала, як спадзявалася, што здарыцца нешта, якісь няшчасны выпадак, і цяпер адчула расчараванне, змешанае са страхам: да чаго яна дайшла, як яна такое можа ўвогуле дапускаць.

Што да мужа, ён, узіраючыся ў Інгу, быў прыемна здзіўлены. Жонка ўразіла яго. Ён пакідаў яе разбітай, спалоханай, разгубленай, і вось, пабыўшы адна, у тлумным горадзе, яна пахарашэла і паздаравела, а ён на курорце ля мора, у сваім “унікальным клімаце”, толькі зблажэў. Але галоўнае, за гэты месяц з жонкаю адбыліся перамены ўнутраныя. Гэтага нельга было не заўважыць. З’явілася ўпэўненасць у вачах, рашучасць у словах і рухах. Такой ён яе ніколі не бачыў.

– Ты паздаравела, – адзначыў ён не без зайздрасці. – І пахарашэла. Як табе гэта ўдалося?

– А ты чаго такі стомлены? Як бы і не адпачываў. Прастуджаны, мала загарэлы.

– Яшчэ і тэмпературны. Акліматызацыя зацягнулася. Ты ж ведаеш, так заўсёды са мной на поўдні. Каб не твае кроплі… Прабач, я без дазволу забраў твой флакончык.

– Я нават не заўважыла, што яго няма.А ў мяне прайшла алергія, уяўляеш? Зусім, – сказала яна значна.

– На мяне перакінулася. Добра, кроплі памаглі. Я выкарыстаў увесь флакончык. Але як ты? Чаму так рэдка званіла? Не адказвала. І гэты дзіўны апошні званок…

– Я ўсё растлумачу, – яна паглядзела на яго і спакойна сказала: – Я звальняюся. Не хачу больш. Здароўе даражэй.

– Ну, і правільна. Я такі вінаваты перад табой. Што ўцягнуў цябе туды. Цяпер сам не разумею, нашто гэта рабіў? Нашто мне здаўся той сцэнарый? Нашто трэба быў той Лагун? Сорамна прызнавацца, але я цябе раўнаваў да яго.

– Дзе ён, дарэчы? – спытала Інга.

Муж махнуў рукой невядома куды.

– Да сябе паехаў. У інтэрнат. Прыляцелі разам, потым раз’ехаліся.

– Што так?

– Інга, нам трэба сур’ёна пагаварыць. Я ведаю, ты будзеш супраць. Але гэтыя маладыя геніі… З імі, аказваецца, так цяжка.

Інга памкнулася нешта сказаць, муж не даў:

– Не! Я нічога не маю супраць! Я ведаю, ён – цудоўны хлопец! Сарамлівы толькі, нясмелы вельмі. А ўжо ў адносінах да супрацьлеглага полу… Як ён будзе далей жыць? Ён жа не ведае, з якога боку падысці да жанчыны. І потым, гэтыя геніі, аказваецца, бываюць такімі занудамі. Ды і я – я ўжо адчуваю сябе з ім адсырэлым, несучасным, старым…

– І? – спытала Інга.