– Не трэба, каб ён больш хадзіў сюды. І так бог ведама што пра нас думаюць і кажуць. Як пісалі ў старых раманах, я хачу адмовіць яму ад дома.
О, калі б гэта прагучала месяц назад, калі Інга так дабівалася гэтага! Як бы яна ўзрадвалася! Але цяпер гэтыя словы пакінулі яе абыякавай. Нічога не адазвалася ў ёй.
– Калі шчыра, гэты малады ды ранні сцэнарыст мне самой надакучыў, – толькі і сказала яна. – Вось толькі як ты збіраешся гэта зрабіць? Каб ён не пакрыўдзіўся. Няветліва атрымліваецца.
– Можа, ты пазвоніш, пагаворыш? Ён цябе так паважае.
– Ах, не, – адмахнулася яна. – Я яго сюды не прыводзіла, не прывучала і з ім не сябравала. Разбірайся сам.
Так праблема, якая яшчэ паўгадзіны назад здавалася Інзе невырашальнай – пазбавіцца ад Лагуна, развязалася раптам так лёгка і натуральна, як вузел, калі яго пацягнуць за “хвост” у патрэбным месцы. Ёй на міг падалося, што ўвогуле ўсе яе пакуты былі лішнімі, што можна было б пазбегнуць многіх непрыемнасцяў і бедаў, калі б своечасова проста па-дзіцячы ва ўсім прызнацца. Цяпер нібыта акурат і быў спрыяльны момант, каб, як кажа Лагун, “паставіць у вядомасць” мужа. Яна нерашуча паглядзела на яго і нават пачала:
– А ты не баішся… Што ён можа расказаць табе сёе-тое… Нафантазіраваць. Глядзі.
– З чаго гэта?
– Ад страты месца. Ад адчаю, ад помсты.
– Не перажывай. Я дастаткова вывучыў яго і ведаю ўсе яго штучкі. І потым, няўжо ты можаш дапускаць, што я камусьці паверу больш, чым табе?
Мо калі б не яго апошнія словы, яна прызналася б вось зараз. А так зноў, як і ў выпадку з маці, заклініла яе. Некалькі разоў яна збіралася з духам. спрабуючы вымавіць патрэбныя словы, але яны так і не зляцелі з вуснаў. Трохкутнік рассыпаўся, але лягчэй не стала. А стала нават крышку цяжэй. Яна ў думках яшчэ паспрабавала пераканаць сябе, што не ўсё адразу, спроба прайшла ўдала і далей трэба дзейнічаць паступова, паэтапна. Але ўжо сама адчувала, што гэта слабыя перакананні.
І тады яна зразумела, што марна стараецца. Ні цяпер, ні пазней не зможа яна – як не змагла сказаць маці, так не скажа і мужу, бо выдатна ведае, што нават калі першым імпульсам будзе ёй дараванне, дык гэта пратрымаецца пяць хвілін, а затым пачнецца пекла, якое будзе да канца жыцця. Значыць, і далей давядзецца хлусіць, хаваць, баяцца.
Адчай і безвыходнасць апанавалі ёй. Але больш за ўсё было неразуменне: за што яна апынулася ў такой сітуацыі? Хто ў гэтым вінаваты? Раптам новае, няведамае раней пачуццё ўзнікла ў ёй. Гэта была варожасць да мужа. Упершыню менавіта ён убачыўся ёй галоўнай, сапраўднай крыніцай яе бедаў. І адразу нібыта пасвятлела, як бы заслона спала з вачэй. Інга нават усміхнулася сама сабе ціха – як чалавек, якога даўно даймаў боль і які нарэшце знайшоў прычыну яго. «Дык вось што мяне мучае!»
Але і гэта было яшчэ не ўсё. Раптоўная здагадка скаланула яе.
– Пачакай, – сказала яна, правёўшы далоняй па лбе. – Пакажы мне флакон.
– Я яго выкарыстаў і выкінуў. Купі мне новы.
– Новы? Ты глядзі, да яго прывыкаюць.
– Не прывыкну.
32
Не паспеў Лагун развітацца ў аэрапорце з Міхалевічам і прыехаць у інтэрнат, як адразу пачаў чакаць званка. Ён думаў, што вось зараз ажыве тэлефон, запросяць яго ў госці, і будзе ён весці тое самае жыццё, якое было да паездкі. Усё стане як раней, калі пазіралі яму ў рот і выконвалі кожнае яго жаданне, і ён зноў стане жыць з гэтым неверагодна салодкім адчуваннем сваёй улады над дарослымі людзьмі. А эпізод з матацыклістам у Піцундзе забудзецца, гэта так, маленькае воблачка, якое набегла і сплыло, кропля ў лагодным цёплым бяспечным моры (мора яму вельмі спадабалася).
Аднак ніхто не званіў, нікуды не запрашаў, а сам ён званіць баяўся, каб не пачуць у адказ нешта кшталту: “Забудзь гэты нумар і ніколі больш…” – і тады ўжо дакладна ўсё скончыцца, і застанецца ён адзін, у інтэрнаце, з усімі сваімі цяперашнімі і будучымі праблемамі, незразумелай вучобай, немавед якой працай, з арміяй на носе.
Час ішоў. Лагун нібы апынуўся ў нейкай дурной пустаце. Ён ужо не сумняваўся, што здарылася нешта для яго нядобрае. Ён адчуваў, як яго ўлада над Інгай і яе мужам знікае, выпараецца, пяском высыпаецца праз пальцы. А ён жа яшчэ нічога не паспеў, ён нават не разблытаў справу з тым званком і да гэтага часу не ведае, ці вінаватая Інга ў смерці яго бацькі.
– Не, ну так жа не робіцца, – мармытаў ён сабе пад нос, і сусед, думаючы, што гэта Лагун рэпеціруе кінаролю, каб не перашкаджаць яму, ціха выходзіў з пакоя. Апошнім часам ён вельмі пачаў паважаць Лагуна. – Падабралі, прыгрэлі, прыручылі, а цяпер? Так добра было, і вось…
Узнікла настальгія па тых часах; захацелася апынуцца ў скуры таго непрыкаянага студэнціка, які быў нікім і якога падабраў некалі ў калядны мароз дзед Вечка. Лагун не вытрымаў, сабраўся і паехаў на кінастудыю. Яму хацелася адкруціць назад час. Зайшоў у гіпермаркет. І праўда, неяк шчымліва, соладка стала на душы. Успомніў, як хадзіў вакол студыі, уцягнуўшы шыю ў плечы, рукі ў кішэнях, не адважваючыся зайсці. Цяпер яшчэ горш. Ён і хацеў, і баяўся сустрэцца з Інгай. Што яна скажа, што падумае? Зайшоў у кінастудыю, пабадзяўся па калідоры, убачыў на адных дзвярах аркуш паперы з надпісам “Месца”. Ён стаяў перад ім і любаваўся, пакуль ззаду Рыта не аклікнула яго.
– Разам працуем у адной сферы, а ніколі не пагаворым.
Лагун узрадаваўся ёй. А яна разглядвала яго з непрыхаванай цікавасцю – загарэлага, памужнелага, статнага.
– Як справы ў маладога талента?
Лагун адказаў, што так сабе, у прынцыпе, добра.
– Добра? – усклікнула Рыта, і вочы ў яе загарэліся, як у паляўнічага, які наляцеў на лёгкую здабычу. – Дык ты, можа, яшчэ нічога не ведаеш?
Выйшлі на двор, сталі пад таполю каля аптэкі. Беларускае сонца пасля паўднёвага было такім лагодным. З таполі ляцеў белы пух. Непадалёк вераб’і дзялілі з галубамі кавалак булачкі. Рыта між тым расказвала пра звальненне Інгі, што фільм замарожаны і хутчэй за ўсё не пойдзе, а паперка на дзвярах нічога не значыць. Здавалася б, гэтыя навіны павінны былі яшчэ больш увагнаць Лагуна ў паныласць. Але не ўвагналі. Наадварот, яму неяк лёгка было з Рытай. Лагун слухаў не столькі яе словы, колькі інтанацыі голасу. Усё, што з ёю звязана, было прыемным. Яна мяккая, хатняя, прыгожая, разумная. Яна ўпэўнена, што ён аўтар.
– …Дзіўна, што ты не ведаў, – казала Рыта. – Ты ж нібыта жывеш у іх. Ты някепска ўладкаваўся.
Лагун ужо столькі разоў ад столькіх людзей чуў пра гэтае ўладкаванне, што ледзь не агрызнуўся: “Нідзе я не жыву!” Але стрымаў сябе і сказаў з вінаватай усмешкай, як кажуць у кінафільмах:
– Гэта не тое, што ты думаеш.
– Чаму тады ты ў іх? Што цябе там трымае?
– Мне… трэба… – пачаў ён. – Карацей, трэба адпомсціць. Аднаму чалавеку, – сказаў, і ўпершыню яму стала па-сапраўднаму сорамна; чамусьці ўсё, чым ён да гэтага займаўся і чым цяпер займаецца, падалося яму глупствам, і ўся задумка яго – дзіцячай, несур’ёзнай забаўкай.
Аднак Рыта нечакана і тут падтрымала яго.
– О, помста. Я цябе разумею. У мяне падобная сітуацыя. Таксама ёсць чалавек, якому хацелася б адпомсціць. Мы можам аб’яднацца. Але што за чалавек? Калі не сакрэт.
– Інга.
– Ну што ты, – здзівілася яна. – За што ёй помсціць?
– Яна хутчэй за ўсё… здаецца… магла быць палюбоўніцай… аднаго чалавека. Блізкага мне.
– Яна? Такая маралістка? Не можа быць. Нізашто не паверу. Інга не здрадзіць мужу ніколі, ні з кім, ні пры якіх абставінах. Няма на зямлі мужчыны, з якім бы яна здрадзіла мужу, – казала Рыта, а ў самой смяяліся вочы. – Але дапусцім. Нават калі так. І што? Помсціць за гэта?
– Не за гэта. Хутчэй за ўсё яна вінавата ў смерці таго чалавека.
– Што за жахі ты расказваеш.
– Яна пазваніла ў навальніцу. І тым самым забіла яго. Тэлефон прыцягнуў маланку.
Некаторы час яны моўчкі глядзелі адно на аднога.
– Пачакай, калі тое было?
– Калі здымалі фільм. У Акцябрскім.
– Гэта лухта, – хутка загаварыла Рыта, дастаючы новую цыгарэту. – Гэта немагчыма, так не бывае.
– Яе нумар адбіўся.
– Ну і што? – усклікнула Рыта. – Тэлефон не прыцягвае маланку! Па-другое, можа, яна зусім нікуды не званіла. Ты не дапускаеш, што нехта мог без дазволу скарыстацца яе тэлефонам? Проста ўзяць яе тэлефон і пазваніць. Пакуль яна, напрыклад, душ прымала. Дарэчы, яна сама ў курсе? Ты пытаў у яе?