“Так проста прозвішчы не мяняюць. Значыць, ад нечага ці ад некага хаваецца. Каб заблытаць след пасля цёмных спраў. Можа, гэта бізнес яго – шукаць прадаўцоў зямлі, потым гаспадары загадкавым чынам знікаюць, ён жэніцца на ўдовах. А зямлю потым перапрадае. А можа, ён кінуў каго, сядзеў у турме і менавіта таму памяняў прозвішча. Можна вызначыць па наколках. У яго ёсць?”
Лагун успомніў абліванні Отчыка халоднай вадою.
“Няма, здаецца”.
“А можа, яшчэ прасцей, – працягваў разважаць матацыкліст. – Пад скурай льва хаваецца ліса. Мо ён толькі тым і займаецца, што жаніцьбамі. Гэта яго хлеб. Адзін мужчына, у якога трое дзяцей ад розных жонак, уцёк і залёг на дно, каб не плаціць аліменты, і яго пачалі лічыць зніклым без вестак. Не ведаю, наколькі праўда”.
Лагун слухаў і дзівіўся з такой нястрыманай фантазіі. Яму ў навіну была гэтая непадробная зацікаўленасць чужымі справамі, так уласцівая рускім, якая павінна раскрыць, паказаць славутую шырыню душы, разрыванне на грудзях кашулі дзеля блізкага свайго.
“Так і тут. Ты ўпэўнены, што ён у паліклініку ходзіць, а не да палюбоўніцы? Можа, ён ужо нагледзеў іншы ўчастак зямлі. Так што глядзі, каб неўзабаве твая маці і сёстры не апынуліся на вуліцы”.
“Што ж рабіць?”
“Я навучу”.
7
Ужо вечар лёг, цені сталі доўгімі, а яны ўсё сядзелі за столікам. Уладальнікі кіёскаў і латкоў згортваліся, Отчык таксама. Ён пазіраў на іх, чакаючы Лагуна, але паклікаць не асмельваўся. У матацыкліста былі адказы на ўсе да адзінага пытанні. Лагун не паспяваў задаваць іх. Матацыкліст ведаў літаральна ўсё, у тым ліку і тое, як далей Лагуну жыць.
“Вучыцца трэба. Выбірацца адсюль. З’язджаць. З такім характарам, з такой знешнасцю можна стаць, ну, не ведаю – знакамітым кінаакцёрам. Ніколі не думаў? Любіш кіно?”
“Люблю. Але не паступлю. Там конкурс вялізны”.
“А ты паступі на любое аддзяленне, дзе недабор. Цяпер жа не праблема – падаў дакументы і паступіў. Каб замацавацца. А там пяройдзеш на кінематаграфію”.
У яго так проста было ўсё.
“А грошы? На вучобу?”
“У яго возьмеш”.
“Не дасць”.
“Намякні, што ведаеш, куды ён ходзіць. Каб ён быў у тваіх руках. А як інакш? Толькі так”, – шчыра, з абсалютнай перакананасцю ў сваёй праваце вучыў матацыкліст.
“А калі не дасць?” – паўтарыў Лагун.
“А я на што? Я ўмею гаварыць з такімі. Спасылайся ва ўсім на мяне”, – і махнуў Отчыку рукой.
“А як з вамі звязацца, праз ВК?” – спытаў Лагун.
“Ніколі яго не меў, – адказаў матацыкліст. – Хрэнь поўная. Вось… набяры мяне, адбі нумар. Калі што, звяртайся. Толькі не цягні, хутка мы з’язджаем”.
Яны развіталіся сябрамі. Так Лагун пазбегнуў вялікіх непрыемнасцяў, акрамя таго нечакана, на голым месцы, набыў апекуна, заступніка, настаўніка, які падказаў, што яму рабіць далей.
Пасля таго Лагун добра падумаў. Увосень яму будзе васямнаццаць. Нічога больш яго тут не трымала. Падраслі сёстры, сталі памочніцамі маці, маглі замяняць яго. Ды і маці ўжо акрыяла. У сярэдзіне лета, нікому нічога не сказаўшы, ён паехаў у сталіцу. Выбраў прыборабудаўнічы факультэт – адзіны, дзе былі вакансіі. Яго 208 балаў хапіла з запасам – пры прахадным 169. У прыёмнай камісіі зноў былі пушчаны ў ход яго правераныя сродкі: чырвань, ціхі голас, апушчаныя вочы плюс слова “сірата”, хоць яго за язык ніхто не цягнуў.
Заставалася яшчэ адно, апошняе, дзеля чаго патрабавалася пэўная адвага – здабыць грошы. Хутчэй за ўсё, шантажом, як і вучыў матацыкліст. Але іншага шляху не было. Лагун не сумняваўся, што проста так Отчык не дасць яму ні капейкі. Ён прыдумаў тэкст і паўтараў яго сам сабе, як школьнік, якому трэба вывучыць на памяць верш, пракручваў у галаве, бы заклінанне:
1) хачу атрымаць разлік за лета (а тое лета было шчодрае на садавіну-гародніну, і Отчык някепска зарабіў);
2) я ведаю, куды вы ходзіце. І ўвогуле, што вы не проста так змянілі прозвішча – вы датычны да гібелі майго бацькі;
3) інакш я вымушаны буду паставіць у вядомасць… папрасіць самі ведаеце каго… паклічу сябра, ён прыедзе.
Лагун зайшоў у пакой. Отчык стаяў спінай да яго. Але Лагуну здавалася, што айчым бачыць яго нават спінай, прычым наскрозь; ён адзін ведае, да чаго знешнасць Лагуна падманлівая. Ад гэтага было яшчэ больш не па сабе. Лагун ужо адкрыў рот, каб пачынаць, як Отчык павярнуўся і пільна пачаў глядзець на яго. Усе падрыхтаваныя словы вылецелі з галавы. Лагун пачаў мямліць пра паступленне. Тады Отчык раптам пасвятлеў тварам. Было відаць, што сам ён і марыць не мог пра такі варыянт.
“Паступаць? Малайчына! – але тут жа асадзіў сам сябе. Яму не верылася, што так можна, што гэта так лёгка. – Куды ты можаш паступіць? У школе вучыўся ніжэй за сярэдняга. Дарэмна толькі грошы праездзіш”.
“А я ўжо”, – не без гонару паведаміў Лагун. – Паступіў. Цяпер не праблема. Падаў дакументы, і ўсё”.
“Вось як?!” – зноў узрадаваўся і зноў зараз жа астыў Отчык. Было відаць, як ён разрываецца паміж жаданнем пазбавіцца ад непрыемнага, абрыдлага яму пасынка і нежаданнем плаціць за гэта. А яшчэ больш яму не хацелася страчваць амаль дармовую рабсілу.
“Нават калі паступіў, першакурснік – гэта яшчэ не студэнт, – знайшоўся ён. – Пасля першай сесіі, памяні маё слова, будзеш ты тут, без капейкі, а можа і без штаноў. Ты ведаеш, што такое Сталіца?”
Лагун маўчаў, Отчык таксама памаўчаў і пагладзіў рыжыя бакенбарды.
“Зрэшты, не маю права затрымліваць”.
“Трэба грошы”, – сказаў Лагун пераселым голасам, пераступаючы.
“Грошы! Так я і ведаў! Што ж. Магу даць… вось, сто пяцьдзясят даляраў. Гэта вялікая сума”.
Лагун сказаў, што яму трэба мінімум тысяча. Як плата за ўсё лета.
“Тысяча?! – усклікнуў Отчык. – Гэта вельмі вялікая сума. А калі дам пяцьсот? І то толькі з павагі перад памяццю пра майго сябра, твайго бацькі (успомніў нарэшце)”.
“Тысяча”, – смялей сказаў Лагун.
Сам здзіўляўся, адкуль бралася смеласць. Отчык, хутчэй за ўсё, гатовы быў ужо даць. Але Івана, падбадзёранага поспехам, панесла. Словы паліліся з яго, як плаціну прарвала. Усе прадуманыя ім пункты змяшаліся ў кучу.
“Інакш я буду вымушаны… я звярнуся да сябра… а сябар ведае, куды вы ходзіце… бо вы датычныя да гібелі майго бацькі… калі не дасце разлік за лета…”
Кажучы ўсё гэта, Лагун пільнасці не губляў, стаяў напаўпаварота, кожнае імгненне гатовы даць драпака.
Тут адбылося тое, чаго ён не чакаў. У вачах у Отчыка адбіўся самы сапраўдны страх. Дык вунь яно што! Меў рацыю здагадлівы матацыкліст-псіхолаг: страшны монстр з крывавай тайнай аказваўся ўсяго толькі дробным аферыстам, жаночых спраў майстрам і баязліўцам у дадатак. Отчык адвёў вочы, адвярнуўся, дастаў з кішэні грошы, не паварочваючыся, кінуў на стол. Лагун адразу згроб іх.
“Дык вось ты які, Іван, удовін сын”.
Ён сказаў яшчэ нешта пра яблык і яблыню. Але Лагун ужо не чуў, бо быў далёка. Яго ўразіла, наколькі ўсё лёгка і проста вырашылася. Аж да расчаравання. У далоні храбусцелі жаданыя купюры. Аб адным толькі ён шкадаваў – што не папрасіў больш.
8
Лагун з такой лёгкасцю патрапіў у ВНУ, што думаў: унутраныя іспыты здаць – таксама раз плюнуць. Але гэтак жа лёгка заваліў першую сесію і апынуўся на мяжы адлічэння “ў сувязі з акадэмічнай непаспяховасцю”. Неяк надта хутка пачало збывацца прадказанне Отчыка. Ён ужо хацеў вяртацца. І куды? – зноў да Отчыка ў парабкі. Ён быў упэўнены, што калі вернецца, там і загіне. У дэканаце ён пачаў мямліць звыклае: сірата, няма куды вяртацца – і зноў падзейнічала. Гэтае яго спадзяванне на невядома што, на цуд, ужо столькі разоў спраўджвалася, што стала ледзь не заканамернасцю. Яго пашкадавалі, махнулі рукою і пакінулі з умовай – толькі на паўгода, да летняй сесіі, а там і армія.
Самае непрыемнае, што скончыліся грошы. Пакуль яны былі, Лагун гуляў па сталіцы, апранаўся, ад’ядаўся. Грошы раставалі, і разам з імі канчалася надзея дзе-небудзь іх зарабіць. Ні пра якую дапамогу ніадкуль не магло быць гаворкі. Ён гатовы быў на ўсё, акрамя як прасіць у сваіх. Ды і не пройдзе ў другі раз такое з Отчыкам.