Адно, калі ласка, без лакіроўкі! За культуру ў нас трэба нарэшце пачынаць змагацца пасапраўднаму, трэба нават біць у званы!..
Найбольш, здаецца часамі, актуальная праблема ў многіх — "дзе дастаць дражджэй?". Самагонка, "Сталічная", нават каньяк. П'юць вельмі многа.
У мястэчку перад "забягалаўкай" наглядаў сварку настаўніцкай пары.
Ен, п'яны, яшчэ ўсё рваўся да чаркі i груба лаяўся — прывычна ўжо, нават здаволены сабой.
Яна крычала, як звяглівая баба, выварочваючы "перад усёй грамадскасцю" хатні, сямейны бруд.
А дзве дзяўчынкі, што за чатыры кіламетры прыйшлі сюды па сшыткі, прагна прыглядаліся, прыслухоўваліся да гэтай "педагагічнай дыскусіі"...
Былы падпольшчык, адукаваны, сімпатычны рабацяга, таксама настаўнік, зусім сур'ёзна даводзіў мне, што алкаголь... карысны.
У старшыні калгаса, перадавога, раструбленага на ўвесь свет, нос сіні i ў цяпле. Прыкмета сімвала веры.
Спіс гэты можна прадоўжыць, хапіла б толькі ахвоты.
Трэба штосьці рабіць!.. А я яшчэ думаю: ці варта даць месца гэтай балючай i вельмі сучаснай праблеме ў артыкуле, які мяне прасілі напісаць пра новае ў вёсцы...
Як здорава мы прывучаны загладжваць!..
1957
АСТРАВОК
На хутары, дзе садок, i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.
Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду ca студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы... Малодшы брат, гаспадар, вазіў летась яблыкі прадаваць — з Наваградчыны ў Маскву — i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася — салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хусту.
Увечары "дурань" зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў аберуч — як карону.
— Куды ты, Іване? — пытаецца цярплівая i ціхая жанчына — маці.
— У кіно.
— Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.
— А пад канец яшчэ цікавей.
Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..
— Малому дарогу саступіць,— кажуць пра хлопца сямейнікі.
I шкадуюць яго ўсе — i брат, i братавая, i сястра-школьніца, i дзед.
Дзед — цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. І вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту.
— Як на свет нарадзіўся, сынок! — расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся.— А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: "Дзеду, лявей! Дзеду, правей!.."
Дзед есць зацірку толькі з хлебам i злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая:
— Сама, відаць, хадзіла па ваду!..
Увечары выпіў з намі — цэлую шклянку самагону — i пачаў успамінаць. Ну, спачатку — бліжэйшае. Як ён на ўнукавым вяселлі "ўзяў" трошкі не літар i нават яшчэ "барыню" паскакаў. Як сын яго, Лёўка, насіў у млыне на другі наверх па два шасціпудовыя мяхі зараз, узяўшы пад пахі, а потым — булава, царства яму нябеснае, напіўшыся п'яны, прастудзіўся за ноч у канаве i памёр... Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк трошкі вусцішна. Што памятае жывы чалавек!.. У другой палавіне дваццатага веку — успамінае пра турэцкую вайну!.. Праўда, на Шыпцы сам ён не быў — па пашы бегаў яшчэ, але ж палонных туркаў бачыў многа. У графскім маёнтку.
— Шапкі высокія, чырвоныя. Снапоў накладуць у параконныя кары — толькі ў драбіны, не болей, палягуць туды шасцёх i паехалі!.. Яшчэ, кажуць, пазвальваемся! Ха-ха-ха!..— рагоча, аж хіхікае, як малы.
Уранні папрасіў мяне зняць яго на картачку — пад яблыняй, з маленькім праўнукам на каленях. Табурэтку паставілі ў бульбе, якая цвіце.
1958
ПАД СУРГУЧОМ
Вярнуўшыся з Баранавіч у леснічоўку, іду пакупацца. Каля Свіцязі — легкавік i тры paённыя начальнікі. Ляжаць пад ліпай наўкруга разасланай газеты, на якой дзве апарожненыя бутэлькі, адна пачатая, i нейкае мяса, якога ў ix больш, чым хлеба.
— Прысядзьце, выпіце з намі.
Дзіка здзівіліся, што я не п'ю. Асабліва наймаладзейшы, як аказалася крыху пазней, пракурор з суседняга раёна.
— Кажаце — сэрца. Калі вам суджана пажыць яшчэ два-тры гады, дык пажывіце вы як чалавек — піце!..
Адзін з таварышаў прызнаўся, што пазнаў мяне — бачыў на нейкай літаратурнай сустрэчы. Пачалі расказваць, што тут яны, у будзень над возерам, не проста так сабе, a выехалі ўпаўнаважанымі па кукурузе.
— Ліквідаваць прарыў! — смяяўся пракурор. — Віка патрэбна нам, канюшына, але што ты зробіш...