На балоцістым беразе, заследжаным, з вадою ў слядах, скачуць, падскокваюць, пагойдваюцца пліскі.
Галоўнае ў ранішняй музыцы — пеўні з двух хутароў-леснічовак. Нехаця перасвістваюцца сытыя шпакі. Цінькае нейкая драбяза.
Лес, што асланяе возера кальцом, адлюстроўваецца ў шкляной паверхні вады не адразу каля берага — спачатку ідуць вузейшыя ды шырэйшыя палосы цёмнага i святлейшага серабра, а тады ўжо, амаль на самай сярэдзіне, значна вузейшым кругам адбіваюцца сосны, яліны, бярозы.
Зноў пра музыку. Пеўняў на дзвюх леснічоўках хочуць перамагчы дзелавітым брэхам сабакі, таксама суседзі.
Спыніўся i пішу на ўзлеску пушчанскае глухамані, дзе, як сведчанне нейкай абжытасці, стаяць ужо абгладжаныя ліпеньскімі дажджамі стагі.
Сонца ўбілася ў павалоку, што зацягнула неба. Можна толькі сказаць, што яно там — ёсць, жыве само.
На роснай траве, побач з маёй непратаптанай сцежкай, ляжыць вялікае пяро. Арлінае. Стракатае той шэрай стракатасцю, што дзіўна, радасна хвалюе мяне змалку — з жыцця i з кніг пра хараство прыроды.
Буйная, росная, злосная крапіва ахоўвае маліны, як свякроў салодзенькіх нявестак. З малінніку, пачуўшы мяне, залапатаў-узляцеў цецярук. Падумалася, як тут ласуецца мядзведзь — як ён пысу не апячэ?..
Гэта не возера такое малое, гэта вечар быў учора такі ціхі, калі я з лодкі чуў, як на тым беразе стукала жаўна.
Усё навокал i цяпер маўчыць — бярозы, елачкі, алешнік. Таму што маўчыць гаспадар — магутны, стройны дуб, асілак у самым росквіце.
Думаў калісьці, i не раз, што я ніколі не змагу нарысаваць па памяці размяшчэнне сукоў, спляценне галін на дрэве: не хопіць настолькі фантазіі, усё будзе бездапаможна паўтарацца. Успомніў пра гэта, загледзеўшыся ў цудоўны хаос трыснягу, за якім — дарэчы ці недарэчы — стаіць пахілая, нярослая сасна, пад якою "жывое срэбра" вады, цёмны i святлейшы побліск. Сасна — дарэчы тут. Бо прыгожа.
Прыгадалася з учарашняга поўдня — сіваватая зеляніна трысця над старым, запушчаным лясным каналам. Там яно, у завоіне, выпраменьвала лёгкі блакіт.
У возера ўпадае рэчка.
Кіслы пах мокрых, прывялых пракосаў. На плёсе — дзве рыбацкія рагаткі. Пясчаная водмель прыкметна абрываецца цёмнай глыбінёй.
Але i ў гэтым месцы рыба не бярэцца.
Цішыню, па-рыбацку цярплівую, прыемную ад сузірання калі не дзікай, некранутай, дык самотнай красы, парушае толькі частае ды багатае булькание газу са дна, дзе мяльчэй,— новае ў нягучным, недакучлівым шматгалоссі зялёнага наваколля.
Так я за раніцу абышоў налібоцкае дзіва — Кромань.
СУМНЕЙШАЯ ЗА ЎСІХ
Дзяўчынка-сірата пасля вайны гадавалася ў дзіцячым доме, потым стала ткачыхай на камбінаце, дапрацавалася да добрай славы, выйшла замуж за таго, каго палюбіла, нарадзіла двух хлопцаў, i тут... па нейкаму няўмольнаму ды таямнічаму закону — цяжка захварэла... Сэрца. Не мода, а няшчасце нашага часу. Маладзіцы зрабілі аперацыю. А потым дадалося яшчэ i пашырэнне лёгкіх...
У светлым санаторыі яна, відаць, сумнейшая за ўсіх. Нават i плача пры людзях, у сталовай.
Усе шкадуюць яе.
За сталом, куды мяне прывялі на мой першы абед, сядзела трох — нізенькі сталявар, экскаватаршчык з новенькім ордэнам Леніна i прараб з будаўніцтва, які праз некалькі дзён, у свята, прыемна здзівіў мяне франтавою Зоркай Героя.
Калі да суседняга стала трошкі пазней за ўсіх прыйшла i прысела бялявая стройная малąцзiцa ў вясёла-зялёным плацці, мае суседзі заварушыліся. Перш азваўся найбольш гаваркі, сталявар:
— Валя, ты што!
Яму дапамаглі — i прасцецкі, востры на слова ардэнаносец, i ціхі, нават крыху пануры Герой:
— Біць няма каму!
— Ай, Валянціна, дарма...
Тады я ўпершыню заўважыў, што яна заплаканая, што яна, як малое, усміхаецца усім праз слёзы.
A пазаўчора — ужо на трэцім тыдні майго тут прабывання — я чуў, напрыклад, як моцна пажылы майстар з аўтамабільнага завода, амаль зусім па-бацькоўску натуральна не даў ёй устаць i пайсці да суседняга стала па чайнік:
— Сядзі, мамачка, сядзі. Я сам.
Сёння ў абед "мамачка" падышла да нашага стала i пачала развітвацца. Едзе дахаты. Падала ўсім руку, а мне сказала, пачырванеўшы:
— Я хачу з вамі трошкі пагаварыць.
Каля карычневай, пакрытай лакам радзівілаўскай сцяны яна пачырванела яшчэ больш, як дзяўчо — не вельмі прыгожае, проста прыемнае з выгляду трыццацігадовае дзяўчо — папрасіла нумар тэлефона, каб пазваніць мне ў Мінску, калі атрымае нарэшце кватэру. І яшчэ гаварыла, яшчэ чырванелася, а потым праз слёзы, што паслухмяна з'явіліся зноў, сказала: