— Я вас пацалавала б, каб тут не столькі людзей...
Ашаломлены гэтым, я, як юнец, шчаслівы i разгублены, пачаў адмармытвацца нейкімі словамі.
Мы вярнуліся да стала, яна яшчэ раз развіталася з усімі, яшчэ пагаварылі з ёю, i вось — пайшла.
Можа, надоўга, можа, i...Што ж, бывалі ў мяне падобныя развітанні: не думалася, што апошні раз.
Не, я не думаў пра гэта. Не.
А я ж быў з ёю толькі самім сабой — ні асаблівай увагі, ні асаблівых пачуццяў. Прайшліся некалькі разоў па парку, утрох з вясёлым сябрам маіх пасляабедзенных праходах па ваколіцы, пагаварылі з Валяй, паразважалі яе, пасмяяліся. Нешта з тыдзень таму назад, калі спатрэбілася тэрмінова, з-за непаладкаў з атрыманнем кватэры, паехаць у Мінск, мы чатырох, усім нашым сталом, хадзілі даставаць ёй білет на аўтобус.
А тут... Я ахвотна схаваўся б за некага, напісаў бы пра гэта ад трэцяй асобы. Можа, гэта было б i зручней, i глыбей. Ды мне чамусьці хочацца проста цяпер, неадкладна, расказаць камусьці добраму, разумнаму пра некалькі гэтых цудоўных хвілін...
1966
ШЭРАНЬ
Іду — i хочацца сказаць: якая маладосць! Якое хараство!.. Хоць гэта проста першыя лістападаўскія прымаразісі, хоць гэта толькі парк у ранішняй шэрані.
Голыя ліпы i клёны, грабы i вязы; амаль што голыя лістоўніцы; касатыя бярозы. У дробную, густую сетку ix белага голля сям-там праціснуліся i красуюцца, нібы па-навагодняму прыбраныя ў бель, стройныя, кудлатыя яліны, серабрыстыя лапы соснаў, нешматлікіх тут, у нізіне, паблізу ад вялікіх сажалак i балот з нечапаным трыснягом.
За гушчаром, на блізкім даляглядзе,— яшчэ гушчар, далейшы, праз які прадзіраецца з бляскам чырвонае вогнішча ўсходу.
Вавёрка ўжо на прады. Здалёк заўважыў, як яна цыгае па зямлі, паміж рэдкімі стваламі ліп, i не спяшаецца ўцякаць. Здалёк нясу ёй нябрыдкую, несентиментальную пяшчотнасць зноў абуджанага ў душы маленства.
Зноў успамінаю адну з ix, што была маёй госцяй праз некалькі дзён. На акне перад пісьмовым сталом для яе была заўсёды насыпана горбачка сланечнікавых семак, ляжаў драбок цукру i цвёрды, знарок засушаны, пернік. Ужо на трэці дзень нашай знаёмасці яна садзілася на акне, брала ў лапкі чорную семечку, лушчыла яе, брала другую, трэцюю,— не спяшаючыся,— потым спынялася, аціхала, мы глядзелі адно на аднаго, i мне шчасліва, казачна здавалася, што вось яна — са складзенымі лапкамі — спытаецца: "А што вы, дзядзька, пішаце?.." Цукру яна не чапала. Пернікі знікалі з акна, калі я гэтага не бачыў; сядытады яна грымела імі за кніжнай шафай. Потым адзін з гэтых пернікаў я знайшоў паміж кніг. Ен быў пагрызены — упрыкуску з польска-беларускім слоўнікам. Відаць, на пробу толькі, бо i пернік i слоўнік былі не даедзены. Аднак сяброўства нашага гэта не разладзіла. Калі яна аднойчы шуснула з гардзіны ў фортачку i адтуль, па карнізе, на дах,— гэтага мы не бачылі, пра гэта мы здагадаліся па часе,— я бедаваў па ёй не вельмі менш за свайго хлапчука.
Тут ix, вавёрак, многа. Яны падпускаюць людзей так блізка, што мне самым сур'ёзным чынам здаецца: будзь мы яшчэ трохі лепшымі, культурнейшымі,— яны прыйшлі б на нашы працягнутыя далоні, пацерліся б рыжаю мордачкай аб нашы шорсткія шчокі.
Іду па асфальце дарожкі. Вавёрка бяжыць па прымазанай шэранню траве, шархаціць па жоўта-карычневым, ужо не залатым, насціле, прасмажанай марозікам лістоты, у якой вылучаюцца вялікія лапы кляновых лістоў. Мы, як быццам знарок, з двух бакоў набліжаемся трохкутнікам да адной з чорных ліп. Да гэтай? Тут яна, вавёрка, сігане ўгару? Не, яна падыгала далей. Тут, на гэтую? Не. І вось нарэшце гульня канчаецца,— вавёрка пабегла па тоўстым, шурпатым ствале, а я спыніўся за два крокі ад яго. Яна не вельмі спяшаецца, перабірае лапкамі — вышэй, вышэй, вышэй,— тады спыняецца на нейкі момант на галіне. У профіль мне добра відно, што рот яе заткнуты шышкай. Інакш яна, мусіць, зацокала б ад радасці:
"Ану, дастань мяне! Ану!.."
Зноў іду па асфальце вузкай алеі, пад высокім, на фоне яснага неба, срэбрам багатай шэрані. А навокал, па серабрыстай траве, па насціле нядаўна пагаслага золата гулліва шархаціць ужо цэлае мноства вавёрак. І тут, i там, i вунь дзе... Ашуканы — спыняюся, гляджу. Няма вавёрак. Ніводнай. Гэта з голля паціху, нібы спадцішка, асцярожна асыпаецца лішняе срэбра. Вось табе доказ — замёрзлая кропелька ўпала на край блекла-жоўтага, тонка-бляшанага ад марозіку кляновага ліста, i ён загойдаўся на тых травінах, дзе асеў ужо даволі многа дзён таму назад.