Выбрать главу

Але:

"Калі нават генералы, як яны тут заяўляюць, былі скаваныя загадамі. вышэйшага камандавання i дырэктывамі фашысцкага кіраўніцтва, дык што ўжо гаварыць пра радавых салдат".

Яшчэ адно "але":

Родэнбуш толькі ў палоне зразумеў усю злачыннасць фашызму i сваю віну. Шчырасць гэтай заявы знаходзіць пэўнае пацвярджэнне ў тым, што ён ва ўсім прызнаўся сам. Ен радавы салдат, сотні тысяч такіх, як ён, прайшлі з агнём i мячом па гарадах i вёсках Беларусі, яго ніхто з нашых людзей не запомніў, не пазнаў. Яго абвінавачанне абгрунтавана яго ж уласнымі прызнаннямі. Тут, на судзе, ён паўтарыў: "Мяне прыгняталі мае злачынствы, i я ўсё расказаў".

Чалавек з яшчэ жывым, яшчэ не заглушаным сумленнем быў пакараны турмой за тое, што ён не змог стаць моцным — не адмовіўся ад удзелу ў забойствах. Не здолеў выблытацца з жахлівай павуціны. Кара была заслужанай — цераз трупы нявінных не пераступіш. Суд быў справядлівы — салдат не загінуў ганебнай смерцю, на вісельні, побач з генералам, што займаўся ліквідацыяй аршанскага гета, i камісарам гестапа, які асабіста, для прыкладу падначаленым, расстраляў на шляху ад Слоніма да Арла "прыблізна пяцьсот чалавек...".

Няўжо Родэнбушам, растаптанай гітлерызмам душою простага чалавека, прычынамі такой злачыннасці павінны займацца толькі яго суайчыннікі, літаратары новай Германіі?

Магчыма, ім гэта больш зразумела, яны, бадай, напішуць гэта лепш.

Але чаму ж мне зноў i зноў успамінаецца тое апошняе слова, той па-народнаму нізкі, прасцецкі паклон?..

ПРОПАВЕДЗЬ

Баба Катрына магла б, здаецца, i да самога Бога кінуцца з чапялой. Ці ты чапаў яе, ці не чапаў — глядзі, каб самому як адчапіцца. А называлі старую — з-за дзвюх пчаліных калод, што ўжо даўно струхлелі пад яблынямі,— Катрына Салодкая.

Калі б так гаварылі пра дачку старое, ціхую маладзіцу Проську, што i жыла, i спала з харошай, мілай усмешкай,— відаць, не смешна было б, не прыліпла б так гладка, як да Катрыны.

Пайшла ў нашай ваколіцы пошасць — баптысты. Загаварылі яны Проську, заваражылі песнямі, i стала яна першая ў сваёй вёсцы святой. Прымак яе спачатку мармытаў, што "брыдка ад людзей", а потым заціх, нібы i сам заслухаўся ў Просьчыны песні. Баба Катрына спачатку грызла i нават біла дачку, а потым — хто б гэта спадзяваўся! — i сама падалася туды ж.

Я быў яшчэ хлапчуком, калі яна — высокая, панурая, з доўгім бярозавым кіем — прыйшла з Сасноўкі да нас. Напрадвесні, за тры кіламетры. Мая бабуля была яе траюраднай сястрой, яны сябравалі з маленства, i Салодкая палічыла, што разводдзе разводдзем, а памагчы Таклюсі трапіць у царства нябеснае трэба. "Идите и проповедуйте Евангелие всей твари",— сказаў Гасподзь. А чым Таклюся не "тварь"?

Сядзяць яны, капусту сёрбаюць, i баба Катрына грыміць на ўсю хату — гоніць гасподняе слова, як малатарня салому. Рэпертуар яе (як на мой сённяшні розум) быў не надта багаты: што ад другіх пачула, бо i сама, i Проська былі непісьменныя. Ды гаварыла яна незвычайна i страшна, як нейкі злосны, грозны поп. Але не брала яе злосць маю бабулю. Хадзіць у Катрыніну вёску на "сабраніё" яна не хоча, ахрысціцца яшчэ раз — i не думае, не забівае нікога, не крадзе, не курыць — чаго ты хочаш?.. I спынілася баба Катрына на п'янстве. Няможна піць.

— Ці ты, мілая, звар'яцела — калі ж я п'ю?

— Яна не п'е! Нікому піць няможна! Каб ix смала спіла! П'яніца царства божага не наследуе!

— Ну, п'яніца-то п'яніца. Але ж калі яно з добрымі людзьмі ды прычына якая, то трэба i выпіць. Свіннёй не будзь, а чарачку...

Баба Катрына, з поўнай лыжкай у руцэ, раптам заціхла, слухае.

— Але, Таклюся, чарачку,— раптам сказала яна задумана i мякка.— Чарачку вып'еш, i гэтак яно добранька! Так i пойдзе цяпло па ўсім целе...

І ўсміхнулася страшная баба — нібы яе Проська, нібы i праўда — Катрына Салодкая.

1966

"ЯК САМ ВЕДАЕШ"

Памёр ужо даўно не толькі цесць, васьмідзесяцігадовы дзед Сцяпан, але i зяць, няўдаліцакаваль Мікола. А вершык, складзены цесцем пра зяця, жыве і ходзіць па навакольных вёсках.

Цяжка соп Мікалай, аж гудзела гарно, майстраваў, майстраваў, ну, а выйшла г...

Няхітры вершык, але часта прыдаецца...

Адзін дзедаў пляменнік "выбіўся ў людзі" — служыў аконамам у князя Мірскага. Князь — князем, а рухавы аконам i сам неўзабаве добра такі апанеў. Але старога дзядзьку сяды-тады ў госці, у свой маёнтачак, клікаў.

Неяк дзед тыцкаў, тыцкаў па талерцы вілкай, а потым палажыў яе i ўзяў тое мяса рукою.