Выбрать главу

Выцягванне ног адна за адной — нялёгкая, абрыдная работа i табе самому. A ісці каля плота, дарма выбіраючы сцежку? Балота мы валаклі з двара, з вуліцы ў свае i ў чужыя хаты.

Святочнае адчуванне — ты ў памытых ботах. Гэта ўжо тады, калі трохі падмерзне. А ўжо пра тое, як ix памажаш дзёгцем ды выйдзеш — i не кажыце!..

Гэтыя думкі-ўспаміны абудзіліся былі нядаўна з новай сілай, калі чытаў пра Эфендзі Капіева — пра тую глухамань, з усёй цемрай мусульманская абмежаванасці, з якой ён выход зіў у вялікі свет.

Ён — дзякуючы рэвалюцыі, а я — вызваленню, пра што не трэба лішне балбатаць, але ж не трэба i забывацца.

1987

ПАЛІТАДДЗЕЛ

Першы з дзевяці маіх дваюрадных братоў, старэйшы за мяне на дваццаць сем, Алесь. Пісаў я пра яго i юнаком, у "Праведніках i зладзеях", i ў позняй сталасці, у "Золаку, убачаным здалёк", i ў запісах, аднак сёе-тое з яго каларытнага вобраза яшчэ ўсё часамі паблісквае ў памяці, i хочацца запісаць.

І ў мове яго было многа нязвычнага. Скажам, такое:

"Па ўсім свеце пройдзе яна, наша пралетарская струна".

"На якую трэль чалавек пастаўлены — ці ласкай возьмеш яго, ці злосцю".

"Няма ў нас аніякага нармалу".

Нешта я браў з яго мовы, а яшчэ што i не ўзяў.

У акупацыю, дачуўшыся пра ўступленне ЗПІА ў вайну, ён гаварыў у нашай хаце, задаволены:

"Ну, цяпер дзела пойдзе! Калі яна з намі, Амерыка. Яна нам аружыю — ж-жых! Какаву, фрухту ўсякую — ж-жых!.."

І адпаведны штуршок рукою наперад: ж-жых не так сабе, а як маланкай цераз увесь акіян, нават над самай вадою.

У яго гераічным удзеле ў першай сусветнай вайне (чатыры "Георгіі") быў i нядоўгі аўстрыйскі палон. A гаварыў Алесь чамусьці пра Італію, што гэта там ён быў, адтуль уцёк. Можа, з-пад Трыеста?.. Калі пасля вайны з Урала прыехаў пагасціць на радзіме бацькоў мой пляменнік Шура, толькі на шэсць гадоў за мяне маладзейшы, я павёз яго з Мінска ў Загора i ў Маласельцы, да родзічаў. "Завёў" я Алеся на ваенныя ўспаміны, каб пачаставаць гэтым Шуру, франтавіка. Калі дайшло да той "Італіі", Наташа, Шурава жонка, інтэлігентная русачка, спыталася:

— А скажите, пожалуйста, Алексей Лукич, природа там, конечно, вам понравилась?

І ён, таксама інтэлігентным ладам, адказаў:

— A нічога. Прырода красівая. Але почва зямлі гавённая.

Калектывізацыя ў нашых мясцінах, у сорак дзевятым-пяцідзесятым гадах, пачалася з таго, што ва ўсіх вёсках ды вёсачках, нават i ў суседніх Качанах, дзе семнаццаць хат, быў свой, асобны калгас. І ў Маласельцах, трохі большых за Качаны, таксама. І старшынёй там выбралі Алеся. І бывалы ён, i смелы, i бядняк рабацяшчы. A неўзабаве нажыў ён, на старасці гадоў, яшчэ адну мянушку — Палітаддзел.

— Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок з сенам пад сраку, i ў Кашчычаў двор, у эмтээс. "Хай думае палітаддзел!.."

Аднак праз лета Палітаддзела ca старшыні калгаса "Праўда" знялі. За тое, што вырашыў ён сам.

— За што ж цябе, Алесь? — спытаўся я, калi сустрэліся.

— Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i пакасілі.

— Ну, а навошта ж ты так, самавольна?

— На прымер падняція духа!..

1988

EX ORIENT LUX [3]

Восень трыццаць дзевятага. "Вы, тата, можа, цяпер менш пілі б. Нашы прыйшлі. Усё цяпер будзе па-новаму".

Бацька, i праўда, часта вяртаўся дамоў пасля чаркі.

"Ну што ж,— сказў ён,— калі ўжо такі парадак, то i я не буду піць".

А дзён праз колькі вярнуўся з кірмашу, зноў падвяселены, i ледзь не з парога сказаў свайму "разумнаму":

"Смаркач ты! Я ж чарачкамі піў, а яны яе шклянкамі глушаць! Добра кажаш — па-новаму. Трыста грам, дзвесце грам, а сто — дык што сабаку муха!.."

Другі юнак, зямляк з яшчэ бліжэйшай вёскі, светла запомніўся з нашай першай сустрэчы.

У мястэчку Ярэмічы на Ушэсця быў фэст, моладзі сышлося з усіх вёсак наваколля. Што ж, калі азірнуцца ў гісторыю, дык усе нашы Сёмухі, Пакровы, Дзяды i іншае, пакуль стаць царкоўнымі святамі, былі проста народным! абрадамі. A ў гады маёй маладосці тыя святы ды фэсты былі для моладзі зручным выпадкам выйсці з цягавітай будзённасці ў свабоду адпачынку, прайсціся, з кім сустрэцца, з кім пазнаёміцца. Ну, i дзяўчаты, вядома,— кожны фэст быў дзявочым парадам, "вывадкай" — там выбіралі, знаёміліся, любаваліся ў маладым, вясёлым, наіўна неакрэсленым прадбачанні абавязковага шчасця.

Мне было дзевятнаццаць, а таму другому юнаку на год больш. Мяне з ім пазнаёмілі, а я ўжо ведаў, што ён два гады прасядзеў у турме, як камсамолец-падпольшчык, выйшаў з-за крат па амністыі. Перад турмой былі ж яшчэ паліцэйскія катаванні. Ен быў наймаладзейшы з усіх знаёмых мне падпольшчыкаў, i ўсё, што ён перанёс, бачылася з пашанай i сімпатыяй: герой! А да таго яшчэ высокі, стройны, сціпла ўсмешлівы, у чорнай касаваротцы, вышытай каласамі i валошкамі.

вернуться

3

Святло з Усходу (лац.)