Яна расказвала, за кампанію закусваючы крыху пачатую чарачку.
— Іду я з бабамі i гавару: "Божа мой, Божа, а картопля мая яшчэ ж не абагнаная". А на свой двор ступіла, гляджу — a ўжо ж ён, наш Антось, мыецца каля калодзежа, сарочку зняўшы. Пакуль мы з поліва на абед, дык ён з маёй картопляй i справіўся! Не прошаны, не галошаны!..
Якраз тут яна i ўсміхнулася, хоць i праз слёзы, нібы святлейшыя.
— Кажуць: мужык любіць жонку здаровую, а брат сястру багатую. A ў мяне ж, сам бачыш, ні здароўя таго, ні багацця. А ён, браток, памагае. Усё памагае, хоць i ў самога ж сям'я ды работа. Праўда, i Зося яго — грэх што-небудзь сказаць...
Я памятаю бацьку яе, ведаю брата. Толькі сына вось бачу ўпершыню — з малога здымка не надта ўдала, цьмянавата перацягнутага на вялікі.
Пасля таго наведання я збіраўся пабачыць машыну, што закатоўвала яго на балотнай пустэчы, зрэдку думаў пра тую страшную запаволеную смерць, не ведаючы, як да яе падступіцца...
Пакуль не пагаварыў ca знаёмым, які зблізку ведаў той выпадак. Я спецыяльна сустрэўся з ім, каб распытаць, як там было з тым бедным сынам маёй гарапашнай зямлячкі.
І ён адразу нібы абсек маю неприступную тэму сваёй дакладнай абазнанасцю.
Як мала слоў, каб яно стала бачыцца інакш, чым доўга, прыблізна ўяўлялася:
"Машына ўборачна-фрэзерная...
яго не ўцягвала — яго схапіла i раструшчыла...
ён быў... ну, ведаеце, выпіўшы".
Апошняе — каб неяк далікатней, больш зразумела i даравальна па-сучаснаму. Бо ў гэтым мой знаёмы быў, на жаль, не бязгрэшны i сам...
Там, адкуль не вярнуўся бацька, было вельмі людна, смерць або калецтва — для ўсіх аднолькавай доляй.
I тут, дзе адбылося з сынам, таксама бяда або пошасць — амаль усялюдная.
А для маці ён быў i застаўся сыночкам.
1994