Выбрать главу

Пэўна разгубленасць дзядзькава i што апраўдвацца стаў (a нораў у яго, казала маці, круты быў i гонару мужыцкага нямала меў) неяк адразу змянілі матчын настрой. Уміг з незалежнай работніцы стала яна спакутаванай бабай, учарашняй сялянкай, якая i пасля замуства дрыжала перад старэйшымі братамі — гаспадарамі.

Дзядзька спалохаўся матчынай смеласці, a маці — сваёй уласнай. Сумелася, сцялася. Прабачэння ў брата папрасіла, што страчае яго так.

— I пачаставаць цябе, браточак, няма чым, — заплакала, сардэчна прызналася: — Мы хлеба вашага, як бога, чакалі. Паглядзі на Анечку: што свечачка растае. Баюся, не дацягне да вясны, дзіцятка мае.

У дзядзькі пачастунак знайшоўся, не ўсё забралі атраднікі. З торбы ляглі на стол баханка хлеба i кавалак сала. Які гэта быў смачны хлеб? З чыстай мукі. Мне далі ў той зімовы вечар вялікі акраец, можа, не менш, як тры нашы пайкі. Дзядзька гэтулькі адрэзаў. З якой асалодай ела я той хлеб! Цяпер, у багацці, у заможнасці, успомню — i пасля любых страў, пасля любых булак, самага святочнага абеду, хочацца мне з'есці акраец такога хлеба. Уначы мне не спалася, хоць i сыта павячэрала, i я чула размову маці з дзядзькам.

Зусім ужо нясмела, пошаптам, маці пыталася:

— Што ж мне рабіць, браток? Як перазімаваць з дзецьмі?

Маці пасля казала, што хацела, каб дзядзька Іван забраў мяне ў сяло, але дзядзька, можа, таму, што не параіўся са сваімі ці па іншай прычыне, не здагадваўся пра сестрыно жаданне.

Ён доўга маўчаў, толькі ўздыхаў i шкроб галаву — у начной цішыні чуваць быў кожны рух. Адказаў:

— Каб як правезці, то сабралі б табе яшчэ трохі, хоць i ў саміх не багата, развёрстка, ведаеш, якая.

Маці доўга маўчала, думала. I раптам зашаптала зноў з дзіўнай рашучасцю:

— Я правязу хлеб! Я да таварыша Леніна пайду, каб дазволіў!

Дзядзька хмыкнуў.

— Ха, куды заехала бабскім розумам! Да Аеніна! Думает, так цябе i пусцяць да яго? Да яго дабрацца, можа, як да цара было раней. Па году чакалі i з «такам» вярталіся.

— Не! — запярэчыла маці.— Ленін на заводах выступае, перад рабочымі.

Дзядзька яшчэ нейкі час па-рознаму выказваў сялянскае нявер'е ў існаванні справядлівасці на свеце. Але я заснула. I зноў бачыла сон, зноў сніла хлеб, але зусім інакш ужо. З газетнага партрэта, які Вася прыклеіў на сцяне над маёй канапкай, сышоў жывы Ленін. Адчыніў наш шафчык, які раптам зрабіўся можа ў сто разоў большы — вялікія паліцы на ўсю сцяну, i на паліцах ляжаў хлеб — духмяныя свежыя з залатой скарынкай баханкі. Ленін узяў адну баханку, адрэзаў акраец i падаў мне. Я адкусіла i зноў адчула той непаўторны, незабыўны смак, можа, таму i захаваўся ён у мяне на ўсё жыццё.

Да Крамля маці ішла рашуча, бо за бяссонную ноч настроіла сябе, што абавязкова пройдзе да Леніна. «Тры дні буду стаяць перад дзвярамі, а прайду»,— сказала яна дзядзьку, які пасміхаўся ў вусы i ў бараду сваю кудлатую, гледзячы на сястру ў святочным убранні: маці надзела плацце, якое некалі яшчэ да вайны падарыў ёй бацька i якое на маёй дзіцячай памяці яна ніколі не надзявала — не! да пагулянак было ў той суровы час, i кашаміравую хустку, якую часам абпінала мне i абяцала падарыць, калі я вырасту.

Але перад велічнай сцяной Крамлёўскай, перад вежай з залатым купалам i арлом i залатымі стрэлкамі на вялізным гадзінніку знікла матчына рашучасць i ўпэўнёнасць. Збянтэжанасць i страх апанавалі. Прыгадала братава нявер'е, яго сялянскія насмешкі: «Ідзі, ідзі, так цябе там i чакаюць. Дурная ты, Аксіння. Бабой ў цябе розум, хоць i гарадская ты». I ўласныя начныя сумненні ажылі зноў: «У Леніна вунь які клопат на плячах — уся дзяржава расейская; у яго ворагі з рэвальвераў страляюць, а я буду турбаваць з-за пуда мукі. Быццам адны мае дзеці галодныя».

Доўга з такімі вось думкамі хадзіла маці па плошчы, па якой марозны вецер гнаў калючы снег, па

Аляксандраўскім парку. Адважылася спытаць у аднаго чалавека, як прайсці да таварыша Леніна. I той проста i ветліва, нібы гэта было яго штодзённым абавязкам, паказаў на Троіцкія вароты, i нават правёў колькі крокаў, каб відаць былі тыя вароты, праз якія трэба зайсці, каб трапіць да Старшыні Саўнаркома. Маці падзякавала, i ён адказаў:

— Калі ласка, таварыш.

Вельмі падабалася гэта маці — прастата такая, i слова дарагое «таварыш». Узрадаваная, упэўненая, што няма на шляху больш ніякіх перашкод, смела пайшла яна да таго праезда запаветнага. Увайшла пад арку сцяны. Ды раптам спыніў малады голас: