Выбрать главу

— Вы да каго, грамадзянка? Ваш пропуск.

Маці застыла на месцы, азірнулася. Збоку, за маленькім столікам, на якім ляжала разгорнутая кніга, сядзеў чырвонаармеец у зімовай шапцы з чырвонай зоркай, у шынялі, на папрузе — жоўтая кабура.

Маці адразу не разгубілася i смела адказала:

— Мне — да таварыша Леніна.

Чырвонаармеец нібы трохі здзівіўся — брывамі гэтак здзіўлена павёў — i падняўся з табурэціка, як бы з-за павагі да такой паважнай наведвальніцы, якая ідзе да самога Леніна.

— Вас выклікалі?

— Не...— тут маці трохі сумелася.— Мне трэба... пагаварыць...

— Пагаварыць? — ужо зусім яўна здзівіўся чырвонаармеец.— Пра што?

— Пра жыццё— маці пасля ўвесь час здзіўлялася, як нечакана для самае сябе сказала яна гэта — што ёй трэба пагаварыць з Леніным пра жыццё.

Вартавы ажно лёгенька свіснуў ад такога адказу. Быў ён хлопец малады, гадоў дваццаць, не больш, з простым добрым сялянскім тварам і, безумоўна, як многія ў яго ўзросце ў той час, цікаўны i гаваркі. Пачаў ушчуваць наведвальніцу:

— Што гэта ты сабе, таварыш жанчына, у галаву ўцямяшыла? Думаеш, у таварыша Леніна больш спраў няма, як гутарыць з табой? Ды ты ведаеш, колькі ў яго работы? Начамі праседжвае. Хіба жартачкі кіраваць такой краінай? Разруха, голад, буржуазія з усіх бакоў лезе, як саранча, пажар рэвалюцыі патушыць хоча...

А мы павінны раздзьмуць яго ва ўсім свеце. I таварыш Ленін кіруе ўсім пралетарыятам у Еўропе i ў Амерыцы...

Хлопец выказваў, хіба толькі іншымі словамі, бо быў ён больш адукаваны i дасведчаны, тыя ж сумненні, якія апанавалі маці перад Крамлёўскай сцяной. Маці адчула, што рушыцца яе надзея, якая ўспыхнула пасля размовы з чалавекам, што так проста паказаў, як прайсці да Леніна. Уявіла, як вернецца яна дадому ні з чым, убачыць мае галодныя вачаняты (маці раней неяк прасіла: «Анечка, не глядзі ты на мяне так»), як будзе злараднічаць брат Іван, бо хоць i добры ён, але не праміне сазлараднічаць, што яго праўда, а не яе,— i вочы яе набрынялі слязамі.

Выцерла слёзы ражком хусткі i папрасіла зусім пабабску, па-простаму:

— Салдацік даражэнькі, прапусці ты мяне. Мне вельмі трэба... просьбу маю вялікую... Бяда ў мяне.

Вартавы адказаў павучальна-строга:

— Салдацікаў, мамаша, больш няма, ёсць чырвонаармейцы,— i адразу сур'ёзны зрабіўся, задумаўся. У маці ёкнула сэрца — не пусціць, абразіўся. Але хлопец падышоў да тэлефона, што вісеў на сцяне каля дзвярэй, i пачаў круціць ручку.

Маці стаяла з заміраючым сэрцам — ад боязі i надзеі — i не вельмі нават зразумела сэнс слоў, якія казаў у трубку вартавы.

Хутка з'явіўся чалавек у скураной тужурцы, падобны на рабочага. Ён спытаў, ці ёсць у маці які-небудзь дакумент.

У яе быў пропуск на завод. Чалавеку — па выразу твару яго маці ўбачыла — спадабалася, што яна работніца ды яшчэ такога завода — патроннага. Ён ласкава кіўнуў маці галавой i сказаў:

— Хадземце са мной, таварыш.

У светлым пакоі за пісьмовым сталом, на якім ляжалі стусы папер, сядзела маладая жанчына, адзетая проста, але прыгожа — чорная спадніца, белая кофтачка, на плячах пухавая хустка. Па вобліку i ўбранні яна нагадала маме настаўніцу, якая некалі ўпрасіла матчыных бацькоў аддаць дзяўчынку ў школу i дзве зімы вучыла; маці часта ўспамінала тую народніцу, што па добрай волі прыехала ў ix глухую вёску, i вельмі хацела, каб я, калі вырасту, вывучылася на настаўніцу.

Чалавек у тужурцы сказаў жанчыне:

— Лідзія Аляксандраўна, таварыш просіцца на прыём да Уладзіміра Ільіча. Пагаварыце.

Сакратар ветліва запрасіла маці сядаць i гэтак жа ветліва папрасіла:

— Раскажыце, калі ласка, якая ў вас справа. Можа, яе можна вырашыць без старшыні Саўнаркома?

Магчыма таму, што сакратар Леніна нагадвала настаўніцу, маці проста i даверліва, як жанчына жанчыне, расказала ёй пра сваё жыццё, пра спадзяванне на хлеб ад братоў, пра мяне, хворую.

Лідзія Аляксандраўна выслухала ўважліва i загасала толькі прозвішча ды імя. Сказала:

— Пачакайце, таварыш. Я скажу Уладзіміру Ільічу пра вашу просьбу.

Паднялася i пайшла да дзвярэй напроціў. Зніклаза імі. I тады маці зразумела, што сакратар пайшла да Леніна, што Ленін тут, за дзвярамі — так блізка, i — можа здарыцца, што яе хутка паклічуць да яго. Надумала пра гэта i адчула страх. А тут яшчэ выявіла, што не адна ў пакоі, што ў розных кутках сядзяць чалавекі чатыры. Чакаюць. Адкуль яны ўзяліся? Калі зайшла сюды, нікога ж, акрамя гэтай добрай жанчыны, не ўбачыла. Значыцца, яны чулі ўсё, што яна расказвала? Маці чамусьці здалося ганебным для сябе, што чужыя людзі чулі яе скаргу. Асабліва не спадабаліся ёй двое, падобныя на буржуяў, адзетыя ў чорныя суртукі, белыя манішкі, у аднаго залатыя акуляры на носе. Здалося, што яны нядобра разглядаюць яе, залішне пільна, бессаромна. Маці не ведала, куды дзяваць вочы, рукі. A калі тыя загаварылі паміж сабой не па-руску, то наша занадта ўражлівая матуля чуць не самлела, бо падумала, што зрабіла злачынства, расказаўшы пры чужынцах усю праўду пра хлеб. Добра, калі яны не разумеюць па-руску. Дык напэўна ж разумеюць, то навошта ж, каб яны пачулі з яе вуснаў, як цяжка жывецца пралетарыям рускім?