Ленін узяў трубку, паслухаў, i маці ўбачыла, як змяніўся яго твар, толькі што быў добры, спагадлівы, уважлівы i раптам зрабіўся суровы-суровы. I голас змяніўся; ласкавы быў, цёплы, a зрабіўся сярдзіты, халодны.
— Але, я чытаў i ўжо напісаў члену рэўваенсавета па гэтай справе. Фелікс Эдмундавіч! Ад Чэка патрабую абавязкова, падкрэсліваю,— абавязкова, злавіць i расстраляць гэтых спекулянтаў i хабарнікаў. З гэтай сволаччу трэба расправіцца так, каб усе на гады запомнілі. Прашу вас узяць пад свой кантроль. Пашліце разумных чэкістаў.
Маці маёй ад такіх слоў зрабілася страшна, яна тады не ведала яшчэ ўсіх бязлітасных законаў класавай барацьбы, i само слова расстрэл яе палохала.
Ленін павесіў трубку i ўзбуджана прайшоўся па кабінеце, залажыўшы рукі за спіну. На нейкі момант як бы забыўся на маці, апанаваны іншымі думкамі. Але хутка спыніўся перад ёй, растлумачыў:
— Банда спекулянтаў i хабарнікаў прабралася ў савецкія органы i зрывае забеспячэнне арміі. Мы ваюем за кожны пуд хлеба, адрываем яго ад вашай хворай дачкі, каб накарміць армію, а яны крадуць тысячы пудоў, адзенне. Што загадаеце рабіць з такімі людзьмі? Расстрэльваць! Так, так, расстрэльваць! Бо яны горш за тых, якія страляюць у чырвонаармейцаў на фронце. Так, так, Горш за самых злосных адкрытых ворагаў.
Уладзімір Ільіч павярнуўся да стала, на міг задумаўся, потым узяў той жа блакнот, спытаў, дзе мы жывём.
Запісаў адрас і, трымаючы ў адной руцэ блакнот, крутнуў ручку тэлефона.
— Калі ласка, таварыша Сямашку. Мікалай Аляксандравіч! Я нрашу вас выканаць адну маю просьбу. У мяне на прыёме работніца патроннага завода таварыш Кузьмянкова. У яе хварэе дачка, дзяўчынцы шэсць гадоў. Дайце, калі ласка, указанне бальніцы паслаць на кватэру Кузьмянковай талковага доктара. Але, вопытнага ўрача, які мог бы паставіць дыягназ, назначыць лячэнне. Запішыце адрас: вуліца Акалотачная, дом нумар семнаццаць, кватэра тры. I дайце ўказанне, каб лякарствы, якія будуць назначаны, выдалі Кузьмянковай бясплатна. Мікалай Аляксандравіч! Ці можа Наркамздраў узяць усіх хворых дзяцей на ўлік? Не паўтарайце, калі ласка, агульнавядомыя ісціны. Я ведаю, што ў нас мала ўрачоў, мала бальніц. Але мы павінны пачаць гэтую справу. Пачніце з Масквы. Дайце вашы прапановы Саўнаркому.
Маці сядзела ашаломленая: выходзіць, усхваляваны справай дзяржаўнай, Ленін нічога не забыў — ні хворую Анечку, ні прозвішча яе, імя па бацьку, а за адно падумаў пра ўсіх дзяцей.
A калі Уладзімір Ільіч сказаў:
— Наконт вашай просьбы, Аксіння Ерафееўна. Я напішу ў Маскоўскі прадсаўдэп, папрашу таварышаў, каб выдалі вам пасведчанне на дазвол правезці не куплены, свой, ад братоў, хлеб,— маці адчула, што вось-вось разрыдаецца — ад радасці, ад удзячнасці, ад іншых пачуццяў, нязвыклых, якіх, можа, да таго яшчэ i не ведала. Разумела, як гэта будзе недарэчна, сорамна, зараўці па-бабску ў Леніна — i трымалася з усяе сілы, заціснула рот, нібы ў яе забалелі зубы.
Ленін сеў у крэсла за стол i пачаў пісаць. Спыніўся. Падняў вочы.
— Колькі браты абяцаюць вам хлеба?
Маці не адразу здолела адказаць, прашаптала, як тайну:
— Тры пуды.
— Напішам — чатыры,— сказаў Уладзімір Ільіч, дапісаўшы, вырваў лісток з блакнота, падышоў да маці, працягнуў запіску.
— У прыёмнай вам раскажуць, як прайсці ў саўдэп, да каго звярнуцца. Усяго вам добрага, таварыш.
Паціснуў на развітаннеі руку. Правёў да дзвярэй i зноў нагадаў:
— А сына пашліце ў школу. Абавязкова.
Словы гэтыя ленінскія моцна адбіліся ў памяці — на ўсё жыццё, мама ўсё зрабіла, каб мы вучыліся. А вось ці адказала яна што Уладзіміру Ільічу на гэтыя словы — не помніла. Помніла толькі, што не падзякавала. Забылася. Калі ў прыёмную выйшла, тады толькі падумала пра гэта.
I так ёй нядобра зрабілася ад таго, што не падзякавала, сорамна, крыўдна за сябе. Спынілася пасярод пакоя, асцярожна, каб не пакамечыць, прыціскаючы запіску да грудзей, i глядзела на тых, хто чакаў сваёй чаргі — а ix многа было ўжо ў прыёмнай, усім хацелася пагаварыць з Леніным. I яны глядзелі на маці, некаторыя з усмешкамі — мабыць разумелі, што ў яе на душы пасля такой сустрэчы. Хораша ўсміхнуўшыся, прайшла міма яе — у кабінет да Леніна — Лідзія Аляксандраўна.
Маці вырашыла дачакацца, калі яна вернецца, i перадаць падзяку праз яе, каб не падумаў Ленін, што яна такая хапуння i недарэка: атрымала запіску на хлеб i пра усё забылася.