Выбрать главу

Жыхары бліндажа не спалі, хоць быў позні час. Чалавек пяць сядзелі за сталом, гулялі ў карты. Тут жа, на стале, стаялі прыгожыя, пузатыя i тонкія, нізкія i высокія пляшкі i шклянкі, у крышцы з-пад кацялка дыміла гара недакуркаў. Каравульны афіцэр увайшоў у бліндаж першы i нейкі момант знарок загароджваў сабой маленькую постаць хлопчыка.

— Панове афіцэры! Увага! Маю сюрпрыз!

Не ўсе адарваліся ад карт, чалавекі два нехаця павярнулі галовы.

— Які яшчэ сюрпрыз?

Тады афіцэр ступіў убок, i тыя, што павярнуліся, убачылі Піліпка.

Нехта гукнуў:

— O-o! — i прыцягнуў увагу ўсіх.

Аднекуль збоку — Піліпок адразу не ўбачыў яго — выйшаў малады афіцэр, у накінутым на плечы шынялі, з забінтаванай рукой, якую трымаў на павязцы — стракатай хусціне, i першы выказаў сваё здзіўленне, аглядаючы хлопца:

— Што гэта? «Явление Христа народу» — i нервова засмяяўся.

— Прапаршчык Дакука! — упікнуў яго высокі, светлавалосы афіцэр, які падняўся з-за стала, зашпіліў гімнасцёрку, падперазаў папругу з бліскучай спражкай.

Піліпок адчуў, што афіцэр гэты, бадай, самы галоўны, хоць за сталом сядзелі старэйшыя за яго, адзін зусім сівы.

— Перабежчык, З-за лініі фронту. Кажа, немцы падцягваюць артылерыю, — дакладваў, між тым, начальна каравула.

Піліпок зразумеў, што нарэшце ён такі дабраўся да мэты, i адразу пасмялеў, узбадзёрыўся, успомніў усе дзядзькавы парады. Стукнуў віламі аб падлогу (у гэтым бліндажы нават падлога была), нібы прыкладам вінтоўкі, перапыніўшы афіцэра, i гучна, па-салдацку, пачаў расказваць усё па парадку — як выбіралі бульбу, як прыехалі немцы, а пасля прывезлі батарэі, як дзядзька сказаў: «Во, каб перадаць нашым!» I пра балота нагадаў, што па ім прайсці можна, бо акопаў там няма. Толькі пра сябе Піліпок не сказаў, як дамагаўся ў дзядзькі, каб пайсці сюды — пасаромеўся, няхай думаюць, што ўсё зрабіў дзядзька.

Але ўсё адно сівы афіцэр пахваліў яго:

— Малайчына! Ах які малайчына!

Яго падтрымаў высокі афіцэр; ён падышоў, паклаў руку на Піліпкова плячо.

— Панове! Мала сказаць — малайчына! Будзем глядзець глыбей. Хіба не бачыце вы яскравейшага прыкладу патрыятызму рускага народу? Салдат японскай вайны...

— Да вашага ведама, штабс-капітан Залонскі,— тут народ беларускі,— перапыніў яго афіцэр з перавязанай рукой; ён, схіліўшыся, хадзіў па бліндажы, раз-пораз перасмыкаючы плячамі — ускідваў шынель, што спаўзаў з плеч; мабыць, яму балела рука, бо гаварыў ён як бы праз зубы, крывіўся.

— Тут народ славянскі. I праваслаўны,— прымірэнча растлумачыў сівы.

Піліпок лавіў кожнае слова, i хоць не ўсё разумеў, але словы запамінаў добра. Вельмі ж усё было незвычайнае, i запомнілася тая ноч на ўсё жыццё.

— Не, панове, гэта той прыклад, пра які павінна ведаць уся Расія. Калі звесткі, якія прынёс гэты хлопец, пацвердзяцца, запэўняю вас — я пастараюся...

Прапаршчык Дакука ўзяў з рук у Піліпка вілы, стукнуў рагамі ў столь.

— Чалавецтва было шчаслівае, калі ваявалі вось такой зброяй.

— Дарэчы, як тваё імя, брат? — ласкава спытаў Залонскі ў хлопца, забіраючы ў прапаршчыка рагач, таксама з цікавасцю аглядаючы яго.

— Піліп Жменька.

— Як? Як?

— Жменька, панове афіцэры, па-руску,— горсточка,— растлумачыў Дакука.

— Горсточка? Сур'ёзна? Цікава ж, чорт вазьмі!

— Жменя — старое славянскае слова. Рускаму высокаасветнаму дваранству гэта варта ведаць...

— Прапаршчык Дакука! Калі вы яшчэ раз падобным чынам зачэпіце рускае дваранства...— абурана падхапіўся вусаты чырванатвары афіцэр.

— Панове!.. Панове!..— заспакоіў Залонскі.— Не забывайцеся, калі ласка... Ротмістр Ягашын! У вас у планшэце трохвёрстка. Давайце лепш паглядзім, дзе немцы ставяць батарэі.

Залонскі вярнуўся да стала, адсунуў шклянкі, карты. Вусаты дастаў вайсковую карту, разгарнуў на стале.

— А ну давай, брат Жмянькоў, бліжэй,— запрасіў Залонскі.

Піліпок не адразу ўцяміў, што афіцэр гэтак перарабіў яго прозвішча.

Афіцэрскія галовы, сівыя, бялявыя, чорныя, як у вусатага, схіліліся над сталом.

Вадзілі па карце пальцамі, запалкамі. На здзіўленне Піліпку, чыталі знаёмыя назвы, распытвалі, якая вёска Сакавішчына, якая Касякі, Паперня, колькі хат, як стаяць, ці глыбокая рэчка, які лес навокал. Абураліся, што карта старая, не ўсё на ёй ёсць. Спрачаліся.

— Гэта вось тут, на вышыні 112.

— Не, панове, хлопец кажа, што ля дарогі. А дарога вось тут.

Піліпок адказваў, калі ў яго пыталіся. А тут дазволіў сабе растлумачыць панам афіцэрам, што батарэі размясціліся не на вышынях, на пагорках яны былі б відны, як «блыха на пупе» (прыгадаў дзядзькава выслоўе), а батарэі схаваліся ў лагчынах за ляскамі. Насмяшыў Залонскага.