Выбрать главу

I вось у дваццаць першым годзе, у асенні дзень, адвячоркам, да канторы лясніцтва прыскакалі тры коннікі.

— Ляснічы! — паклікалі яны.

Крылоў выйшаў на ганак у акулярах, з алоўкам у руцэ (кожную вольную хвіліну ён чытаў ці пісаў — вучыўся). Ігнат быў нечым заняты ў сваёй леснічоўцы, калі яго старэйшы хлопчык, убачыўшы праз акно, што здарылася каля канторы, закрычаў:

— Тата! Забілі! Дзядзьку Арсенія!..

Ігнат, калі глянуў, не ўбачыў Крылова (той ляжаў ужо мёртвы — бандыт засек яго шабляй), але адразу пазнаў аднаго з коннікаў. Пан Касоўскі! Былы ляснічы! Нядоўга думаючы, ляснік сарваў з цвіка цяжкую аўстрыйскую вінтоўку i, выбіўшы шыбу, злавіў пана на мушку. Ад нечаканага стрэлу неспакойны стаеннік скочыў за загародку, i цела атамана «Касы» павісла на паркане. Астатнія бандыты з крыкам «засада!» кінуліся наўцёкі.

Ігнат упрасіў таварышаў з горада дазволіць пахаваць Крылова тут, у лесе, каля дубоў, што пасаджаны яго рукамі ў гонар рэвалюцыі.

Ішлі гады. Раслі дубы. Падрасталі сыны лесніка, чатыры дужыя i разумныя хлопцы — радасць бацькоў. Im, сынам сваім, i піянерам, што часам прыходзілі сюды, пад стары дуб, на магілу, Ігнат Макаравіч расказваў пра чалавека з вялікім сэрцам, пра мужнага рэвалюцыянера — Арсенія Крылова.

Раслі сыны — расло шчасце... Самы старэйшы, Павел, скончыў рачны тэхнікум i ўлсо плаваў на Дняпры капітанам буксіра. Мікола, які не вельмі быў здатны да навукі, але добры работнік на зямлі, збудаваў сабе хату ў вёсцы i працаваў у калгасе. Арсеній паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію. Малодшаму, Косцю, крыху не пашанцавала: малы ён упаў з дрэва i пашкодзіў нагу. Можа, праз гэта, а можа, праз тое, што Косця больш, чым іншыя дзеці, любіў лес i вырашыў прысвяціць яму жыццё — пайшоў у лясны тэхнікум, Ігнат Макаравіч адчуваў асаблівую любоў да малодшага сына.

Раслі дубы... Знаходзілі сваё шчасце дзеці. Але раптам грымнула вайна, прыйшла навала... Павел i Мікола пайшлі ў армію, Арсеній застаўся недзе там, у акадэміі. Адзін Косця з тэхнікума мусіў вярнуцца дадому.

Ляснічы, стары чалавек, камуніст, адступіў са сваімі, каб не трапіць у рукі фашыстаў. Акупанты прыслалі свайго ляснічага, нейкага здрадніка з ласкавым прозвішчам — Сінічкін i замашкамі крамольніка. Быў ён поўны невук. Ды i якая трэба была навука, каб бязлітасна знішчаць народнае багацце — высякаць лес па загаду фашыстаў, прадаваць направа i налева за выпіўку i закуску. У лес Сінічкін баяўся хадзіць, гаспадарку не ведаў, аднак нейкім чынам пранюхаў пра дубы — з якой прычыны i кім яны пасаджаны.

I вось аднойчы, вясной сорак другога года, Сінічкін паклікаў Ігната Макаравіча. Той з'явіўся, стаў каля дзвярэй.

— Я слухаю... пан ляснічы.— Ён зноў запнуўся на гэтым праклятым «пан» — цяжка было старому вымаўляць ненавіснае слова, на якое ён даўно забыўся.

Сінічкін раздражнёна забарабаніў пальцамі па стале i ўтаропіў свае п'яныя шчылінкі-вочы на лесніка. Ён усіх выпрабоўваў такім пранікліва-нахабным позіркам i радаваўся, калі людзі не вытрымлівалі, бянтэжыліся, апускалі вочы. Але Цвіркун кожны раз вытрымліваў яго позірк. I гэта. моцна злавала «пана ляснічага».

— Вось што, Цвіркун,— мяккім, лагодным голасам загаварыў Сінічкін,— Я маю заданне на дз^бовую стойку. Як ты думаеш, дзе нам яе нарыхтаваць?

— Дубовую? Можна выбаркай...— сур'ёзна адказаў Ігнат Макаравіч, не здагадаўшыся адразу, што пытаецца гэты гад для здзеку.

— Выбаркай? Ха-ха.— Сінічкін злосна зарагатаў i ўжо з яўным здзекам спытаў: — Шкадуеш народнае дабро? Спадзяешся, што бальшавікі вернуцца? Не, мы па дрэўку выбіраць не будзем. Мы, таварыш Цвіркун, высечам дубкі ў сто дванаццатым,— Вочкі яго сталі маслянымі, як у ката, i глядзеў ён на лесніка, як драпежнік на ахвяру. Ігнат Макаравіч адчуў, як дрогнула сэрца i заварушыліся пальцы рук, гатовыя сціснуцца ў кулакі. Упершыню ён апусціў вочы перад здраднікам, не вытрымаўшы яго позірку.

— Каму спатрэбіліся дваццаціпяцігадовыя дубы?

— О, ты дакладна ведаеш ix узрост?

— Я садзіў ix.

— Вось i добра. Шыкарна. Ты садзіў — ты i высечаш. Заўтра пойдзеш з сынам i пачнеш валіць. А на распілоўку я падкіну людзей, дамоўлюся са старастам,— i ўжо сурова i пагражальна дадаў: — А каму i навошта спатрэбіліся дубы — не твая справа! Ясна?

Засмучоны, з болем у сэрцы вярнуўся Ігнат Макаравіч у сваю леснічоўку. Здавалася, лягчэй было б яму адсекчы ўласную руку, чым высечы гэтыя дубы. Каля ix ён заўсёды ўспамінаў самае светлае ў сваім жыцці, каля ix мацнела яго ўпэўненасць у непарушнасці ўсяго таго, што было заваявана ў семнадцатым, яго надзея, што вернуцца нашы — родная ўлада, яго сыны, а з імі — гаспадарскі парадак у лесе, у полі... I вось дубоў не стане. Куды ён пойдзе адпачываць душой, памарыць, пагутарыць?