Выбрать главу

Сын Косця, адразу ўбачыўшы, што бацька нечым вельмі ўсхваляваны i засмучоны, спытаў:

— Ты чаго, тата, сёння чарней ночы?

— Сэрца гарыць, сын. Гад гэты,— ён кіўнуў у бок канторы, — ведаеш, што надумаў? Высечы нашы дубы.

— Крылоўскія?

— Ды мала таго — загадаў, каб гэта зрабілі мы з табой, сваімі рукамі...

— Ну, гэтага не дачакаецца! Раней сам здохне!

— А што рабіць, Косця? Ён, канечне, ведае ўсё i падкопваецца не толькі пад дубы, але i пад нас... пад мяне...

— Надумаем, тата.

— Калі думаць? Няма калі думаць.

— Цэлая ноч наперадзе,— адказаў Косця. Ігнат Макаравіч не надаў асаблівай увагі гэтым яго словам, нават расчаравана падумаў, што сын не надта прыняў да сэрца вестку аб пагрозе дубам, а проста, па маладосці, сказаў гарачыя словы.

Ігнат Макаравіч застаўся сам са сваім горам, ca сваімі цяжкімі думкамі.

Адвячоркам Косця пайшоў у вёску. Бацька i маці ведалі, што ён мае дзяўчыну, i цешылі сябе думкай, што неўзабаве сын прывядзе ў хату нявестку, а таму заўсёды далікатна маўчалі, калі ён збіраўся ў вёску. Хіба толькі маці прасіла:

— Сынок, асцярожна хадзі. Час ваенны. Немцам ды паліцаям кожны чалавек здаецца за партызана.

Усю тую ноч не спаў Ігнат Макаравіч. На досвітку збегаў да дубоў, паглядзеў на ix, наслухаў шум ix маладога лісця, i яшчэ большы жаль агарнуў яго сэрца. Вось i ноч прайшла, а ён нічога не прыдумаў.

«Косця сказаў: «Цэлая ноч наперадзе». Сядзеў ты, сыне, усю ноч са сваёй Галькай i забыўся пра ўсё на свеце. Эх, маладосць!»

Вяртаючыся ад дубоў, ляснік пачуў стук сякеры i рушыў туды. На парубку ён не звяртаў цяпер увагі, няхай сякуць людзі! Гэтыя бярвенні i дровы сагрэюць сваіх людзей i менш дабра застанецца ворагу вывозіць на чужыну.

Парубшчык — стары «лясны злодзей», з якім Ігнат Макаравіч вёў вайну ўжо гадоў дваццаць, весела прывітаў яго:

— Здароў быў, Макаравіч. Што ж гэта ты не ідзеш хаваць свайго начальніка? Глядзі, прыпішуць табе непавагу да новай улады...

— Якога начальніка? — здзівіўся ляснік.

— Як? Ты нічога не ведаеш? Вось табе i на! Ды гэтаму Пцічкіну-Сінічкіну вашаму трыбухі выпусцілі...

— Хто? Калі?

— Сёння ўночы. Хто — невядома. Ходзяць чуткі — свой свайго... Паліцай Кулік. Не падзялілі гэтую... Кацьку... Яны ж абодва да яе швэндаліся. Вось каля яе хаты i ўсадзілі яму ў жывот нямецкі штык. Бяжы, брат, на пахаванне. Ды пасля заходзь — вып'ем на радасці... Я бочкі прадаў.

Стрымана развітаўшыся, Ігнат Макаравіч што ёсць сілы кінуўся дадому. Сэрца рвалася з грудзей: Косця! Гэта зрабіў Косця! Страх за яго гнаў бацьку хутчэй даведацца, што з ім, дзе ён цяпер.

Косця, відаць, вярнуўшыся з вёскі позна, спаў на сене, на вышках у хлеўчуку. Але на сонным твары хлопца — ці можа бацьку так здалося? — адбівалася трывога. Ігнат Макаравіч разбудзіў сына i таямнічым шэптам спытаў:

— Скажы, сынок, гэта ты... гада таго?..

Косця працёр вочы, пільна паглядзеў на бацьку i даверліва адказаў:

— Не я асабіста. Наша група. Хлопцы.

З таго дня стары ляснік стаў удзельнікам падпольнай камсамольскай групы. Дапамагаў хлопцам хаваць зброю, разносіў па навакольных вёсках i пасёлках лістоўкі, быў сувязным паміж групай i партызанскім атрадам. А пасля, ужо ў сорак трэцім годзе, разам з хлопцаMi, з сынам пайшоў у атрад.

У час блакады, у якую трапіла ix партызанская брыгада, за ракой Косцю раніла. Сябры вынеслі яго з блакады, але ўратаваць не змаглі: Косця памёр ад гангрэны на руках у бацькі. Ігнат Макаравіч прывёз цела сына ў свой лес i пахаваў тут, пад дубамі, побач з магілай Крылова.

Ніжэй апусцілася асенняе сонца за лес. Згусціліся цені, зніклі сонечныя плямы на зямлі, засыпанай лісцем. Аднекуль з далёкіх палёў прыляцеў больш напорлівы вецер. Першым загаманіў стары дуб, пад якім сядзеў ляснік, зашаптаў таямніча i паважна, як бы баючыся парушыць агульную ўрачыстасць. Але моладзь адгукнулася вясёлым шумам. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Часцей зачмякалі аб зямлю жалуды.

Ігнат Макаравіч узняў галаву, паглядзеў на маладыя дрэвы, i добрая ўсмешка асвяціла яго хмуры, задумлівы i заклапочаны твар, густа ўзараны маршчынамі.

Растуць дубы... Шумяць, як жывы помнік людзям, ix справам. Лесніка заўсёды радуе думка, што ў тую цяжкую часіну, у гады вайны, калі ён быў у атрадзе i лес па сутнасці ніхто не сцярог, тут, на гэтай дзялянцы, не высеклі ніводнага дрэўца. Шануюць людзі памяць аб Крылове, аб яго Косціку... Цяпер сюды яшчэ часцей, чым да вайны, прыходзяць піянеры, i ён расказвае ім аб усім, што адбывалася ў гэтым лесе. Праўда, нялёгка яму расказваць пра смерць сына: не гоіцца гэтая рана ў бацькавым сэрцы.