Выбрать главу

— Ды ты, брат, проста народжаны стратэг. Калі-небудзь станеш добрым бамбардзірам,— сказаў штабс-капітан.

Спачатку хлопец слухаў толькі тых, што схіліліся над сталом i гаварылі пра вайсковыя справы, часам зразумела, а часам — на чужой мове. А пасля дзве рэчы пачал! адцягваць Піліпкову ўвагу. Першая — невялікая карціна на сцяне бліндажа, над драўлянай канапай. Адразу не ўбачыў яе, не да таго было, каб разглядаць сцены, а потым неяк выпадкова зачапілася вока. На карціне намалявана зусім голая жанчына. Піліпка гэта ўразіла больш, чым што іншае. I збянтэжыла.

Ён саромеўся глядзець у той бок, баяўся, што нехта з афіцэраў убачыць, што ўсё-такі ўпотай зрэдку кідае ён туды позіркі, бо невядомая сіла — нячыстая сіла! — цягнула глянуць на гэтую сарамату.

А яшчэ адцягваў увагу ад афіцэрскай размовы прапаршчык Дакука. Прозвішча смешнае, i сам ён дзіўны. Можа таму, што паранены i яму балела? Але адзін ён не схіліўся над сталом, не браў удзелу ў абмеркаванні таго, што расказваў Піліпок. Хадзіў па бліндажы, перасмыкаў плячыма, зрэдку кашляў i бубніў нешта сваё — вершы чытаў, але дзіўныя нейкія, не такія, якія вучыў на памяць Піліпок (ён ажно дзве зімы хадзіў у школу).

Афіцэры распытвалі ў хлопца, якія з выгляду гарматы тых нямецкіх батарэй, i спрачаліся пра ix калібр, а Дакука ў гэты міг казаў:

— Затоплю камин. Буду пить. Хорошо бы собаку купить, — і, уздыхнуўшы, паўтарыў: — Хорошо бы собаку купить...

Піліпку гэта было дзіўна i нават трохі смешна. Ён не ведаў, што такое камін. У ix кажуць — комін, але паляць печ, а не комін. А пасля гэтае дзіўнае жаданне купіць сабаку. На ліха яму на вайне сабака?

Штабс-капітан Залонскі доўга распытваў пра балота, пра дарогу цераз яго — ці можна прайсці кавалерыі?

Піліпок пачаў быў расказваць пра пана i мужыкоў, як пан хацеў ашукаць людзей з гэтым балотам, ды сяляне таксама не дурныя, але асекся, прыгадаўшы, што афіцэры —» паны. Ды i Дакука перапыніў — спытаў нібы ветліва, але ўедліва:

— Панове афіцэры, няўжо нікому з нас не прыходзіць у галаву, што перад намі стаіць чалавек, які зрабіў патрыятычны подзвіг, i ён мокры па пояс, ён ішоў па балоце, а на двары кастрычнік.

Астатнія афіцэры паглядзелі на Дакуку ca злосцю, а Залонскі замітусіўся, нібы зрабілася яму няёмка.

— Але, але... — i паклікаў у дзверы: — Каравульны! Фельдфебеля! — а пасля да Піліпка: — На, брат, ад прастуды выпі.

Наліў чарку зялёнага i густога, як мёд, пітва, сунуў

У руку плітку ў залатой паперцы; такія цукеркі Піліпок бачыў толькі аднойчы ў краме ў мястэчку, куды ездзіў яшчэ з бацькам да вайны. Пітво апякло ўсё путро. Зашумела ў галаве. Шакаладку шкада было псаваць, вельмі ж прыгожая. Але афіцэр патрабаваў:

— Еш, еш.

Ад віна i шакаладу пачалі зліпацца павекі. Да свядомасці даходзілі ўжо не ўсе словы. Не пачуў, хто што сказаў, але прачнуўся ад роспачлівага, хоць i нягучнага, крыку Дакукі:

— Вам хочацца крыві? Больш крыві? Гэта не вайна, гэта — бойня! Разня!

— Вы малакасос, прапаршчык,— злосна сіпеў чорны i вусаты ротмістр Ягашын.— Вам дае прыклад гэты сялянскі хлапчук! — паказаў на Піліпка.— Павучыцеся ў яго!

— Панове, панове,— супакойваў штабс-капітан Залонскі.—Пасаромейцеся! У прапаршчыка — нервы... Ён дарэмна не паехаў у шпіталь. Мы цэнім ваш патрыятычны ўчынак, прапаршчык Дакука. Але вам варта палячыць... i руку... i нервы.

— Я паеду, Панове. Я паеду,— раптам скарыўся прапаршчык, хутаючыся ў шынель; яго біла ліхаманка, хоць у бліндажы было горача. Ён папрасіў:

— Наліце мне выпіць.

Начаваў Піліпок у салдацкай зямлянцы, цеснай i сырой, дзе ўпокат на прэлай саломе спала чалавек дванаццаць. Туды яго прывёў злосны заспаны фельдфебель. Па загаду капітана ён даў хлопцу новыя анучы i старыя штаны. Ботаў не даў, хоць капітан сказаў: «Абмундзіраваць у сухое!», а фельдфебель гаркнуў у адказ: «Слух... вша бродзь...»

Разбудзілі хлопца свежае паветра i страляніна. Стралялі так блізка, што ён падхапіўся спалоханы, няўцямны ca сну. Дзверы былі адчынены, у зямлянку лілося, як крынічная вада, празрыстае халоднае паветра i святло сонечнай раніцы.

Піліпок, напэўна, адразу выскачыў бы, каб не ўбачыў, што бліжэй да дзвярэй, да святла, на бярозавых кругляках сядзяць два салдаты, чысцяць вінтоўкі, i ніводзін з ix, як кажуць, брывом не павёў на тую страляніну, што ўсчалася можа за якую сотню крокаў. Немалады салдат, які чамусьці адразу, з першага позірку, нагадаў хлопцу дзядзьку Ціхана, весела падміргнуў i жартаўліва павітаўся: