Па дарозе праляталі веставыя, павольна цягнуліся фурманкі, прагрукаталі гарматы, амаль такія ж, як тыя, нямецкія. Піліпок падумаў, што, магчыма, звесткі, якія ён прынёс, падказалі нашым, што трэба падцягнуць батарэі. Аднак чамусьці не ўзрадаваўся гэтаму. Не вельмі нават глядзеў на фурманкі, на гарматы. Увагу займаў яшчэ адзін просты клопат: як на хаду, на кані, паправіць аборкі ад лапця, якія ўсё больш i больш спаўзалі. Ажыў крыху, калі прыехалі ў мястэчка, бо хоць i ўехалі з другога канца, па другой вуліцы, пазнаў гэтае мястэчка: ездзіў на кірмаш яшчэ з бацькам i з дзядзькам Ціханам. Падсвінка прывозілі сюды зусім нядаўна, за які месяц да таго, як прыйшоў фронт, — на спаса, здаецца. Адгэтуль да ix Сакавішчыны вёрст дзесяць ці дванаццаць — блізка, таму ўсё здалося знаёмым i родным, дарма, што быў тут усяго два разы. Асабліва зашчымела сэрца, калі з вузкай вуліцы выехалі на плошчу: той жа чырвоны касцёл, тыя ж крамы, двухпавярховы белы дом — гімназія, як тлумачыў некалі дзядзька Ціхан. Плошча здалёк нагадвала кірмаш: бадай, столькі ж фурманак, коней, людзей. Толькі на кірмашы стаялі вазы, простыя, сялянскія, з задранымі ўгару аглоблямі, вішчалі, свінні, рыкалі каровы, i ўсё стракацела ад бабскіх, дзявочых хустак, ад крамніны, якую яўрэі-гандляры раскладалі на сталах. I пахла на кірмашы адмыслова: сенам, дзёгцем, яблыкамі, булкамі, вяндлінай.
Цяпер на плошчы фурманак было хіба трохі менш, чым на кірмашы. I ніводнай распрэжанай. He тырчалі аглоблі, не стракацелі хусткі; дзе-нідзе паміж шэрых шынялёў i шапак палымнеў казацкі башлык; зусім рэдка чарнела ці бялела цывільная апратка. З былых крамаў салдаты выносілі не крамніну, a мяшкі i скрынкі з патронам!, грузілі на фурманкі. Да гімназіі падляталі коннікі, за жалезную агароджу было прывязана можа паўсотня асядланых коней. I пахла на плошчы конскім потам i гноем.
Афіцэры спешыліся.
Піліпок таксама хацеў злезці з каня. Ім, афіцэрам, казакам, добра — яны ехалі на сёдлах, а ён, нябога, добра-такі набіў тое месца, якім сядзеў.
Але капітан Залонскі сказаў:
— Пасядзі на кані, Жмянькоў, пакажам цябе генералу ў такім выглядзе. Няхай палюбуецца, якіх герояў нараджае зямля руская.
Пасля гэтых слоў хлопец пачаў здагадвацца, навошта яго пераапраналі i пераабувалі з салдацкага зноў у світку, у лапці. Аднак чаму пасадзілі на абознага каня без сядла — гэтага ўсё яшчэ ніяк не мог уцяміць. Праўда, крыўда i абраза, якія праз усю дарогу засланялі свет белы, як бы патанулі ў віры іншых пачуццяў, перажыванняў, а наверх зноў усплыў хлапчукоўскі гонар: сам генерал зацікавіўся ім! Сарамлівы, ціхі, Піліпок яшчэ ўчора, напэўна, памёр бы ад страху, каб сказалі, што ён павінен гаварыць з генералам. Тут таксама сэрца трохі забілася, але не вельмі, ён нават сам здзівіўся, што так смела чакае генерала. А чаго яму баяцца? Не дзеля забаўкі перайшоў фронт.
Генерал не выходзіў доўга. У Піліпка аж самлела спіна. Салдаты-фурманы цікавіліся хлопцам — што за ён, што так доўга сядзіць на кані перад ганкам штаба? Падыходзілі, каб пагутарыць, распытаць. Піліпку хацелася пагаварыць з людзьмі, але казакі, якія пільнавалі яго, нібы арыштаванага, палохалі салдат генералам. I тыя тут жа знікалі. «Далей ад граху», як сказаў адзін. Нікому не хацелася без патрэбы трапляць на вочы высокаму начальству.
Нарэшце генерал выйшаў.
Спачатку выскачыў на ганак маладзенькі афіцэрык, маленькі, вяртлявы, як хлапчук, i зычна скамандаваў:
— Смірна!
Плошча застыла. Нават, здалося, коні тыя паслухаліся каманды, кінулі грызці адзін аднаго, узнялі галовы.
Пасля з'явіўся высокі сівы стары, з белымі вусамі, у мундзіры іншага колеру, чым у паноў афіцэраў, аплеценым срэбнымі «вяроўкамі», з ордэнамі на грудзях i з арлом на шапцы — дакладна такі, якога Піліпок, чакаючы, уяўляў, нібы бачыў раней. Пасля ўспомніў, што рускі генерал нечым падобны на нямецкага, якога бачыў учора на полі. Генерал махнуў белай пальчаткай — афіцэрык гукнуў:
— Вольна!
Коні фыркнулі.
Следам за генералам выйшла можа дзесяткі тры афіцэраў. Наперадзе — штабс-капітан Залонскі, ён задаволена ўсміхаўся. Генерал нацягнуў пальчатку i праз адно шкельца, якое вісела на ланцужку на шыі, агледзеў незвычайнага конніка ў світцы, з аброццю цераз плячо. Усміхнуўся. Басавіта прагудзеў: