Выбрать главу

— Малайчына! — i прывітаў: — Здароў, герой!

— Добры дзень...— нясмела адказаў хлопец, але ўспомніў дзядзькаву навуку i тое, як салдаты звярталіся да афіцэраў, i дадаў: — Ваша благародзія...

— Здравія жалаю, ваша высокаблагародзіе...— шыпеў з-за каня казак, падказваючы, як трэба вітацца з генераламі.

Генерал, мабыць, пачуў, бо лагодна заўважыў:

— Нічога, навучыцца,— i паклікаў Піліпка.— Хадзі сюды!

Піліпок саскочыў з каня і, набліжаючыся да ганка, сарваў з галавы свой зашмальцаваны картузік, бо заўсёды здымаў яго перад настаўнікам i папом.

Генерал паклікаў яго пальцам бліжэй i паклаў руку ў пальчатцы на непрычасаную бялявую чупрыну. Паўтарыў:

— Малайчына! Як імя?

— Піліп Жменька... ваша высока...

— Піліп Жмянькоў,— паправіў Залонскі.

— Малайчына, Жмянькоў! — зноў сказаў генерал. Больш, відаць, яму не было чаго гаварыць, ён павярнуўся, сказаў невядома каму незразумелыя Піліпку словы: —т Разведка пацвердзіць —хадайнічайце перад Стаўкай аб Георгію.

Нічога асаблівага не адбылося, узнагароды генерал не даў i пра батарэі нямецкія не спытаў нават, быццам не дзеля гэтага ён, Піліпок, ішоў сюды, але хлопец усё роўна ўсцешыўся, узбадзёрыўся, забыўся на крыўду. I ўсё можа пайшло б добра, ды неўзабаве паны пакрыўдзілі зноў. Прывялі ў пакой з заіфатаванымі вокнамі, i тоўсты афіцэр распытваў пра ўсё-ўсё: i пра батарэі, i пра дзядзьку, i колькі людзей у вёсцы асталося, i якія пагоны ў тых нямецкіх салдат, што стаяць у Ліпунах, i пра балота, i пра таго пана, які хацеў абдурыць сялян. Здавалася, што такая цікаўнасць павінна была б яшчэ больш узрадаваць хлопца. Павінна была б, калі б... калі б тоўсты дапытваў так, як афіцэры ўначы, у бліндажы. А гэты дапытваў так, быццам нічому не верыў, быццам перад ім быў не свой, не рускі, a які-небудзь немец, шпіён. Задаваў адны i тыя ж пытанні па пяць разоў, блытаў знарок, збіваў з панталыку.

Добра, што ў пакоі сядзеў капітан Залонскі. Праўда, ён маўчаў, але калі Піліпок глядзеў на яго, просячы паверыць, падтрымаць, адводзіў вочы, як бы адчуваючы няёмкасць. Гэта трохі стрымлівала Піліпкову злосць.

Калі выйшлі, капітан ціха кінуў:

— Дурань.

Хлопец зразумеў, што гэта пра таго, тоўстага, i зноў узбадзёрыўся, адчуваючы да Залонскага амаль любоў i захапленне ім: ёсць i паны разумныя, добрыя. А можа ён не з паноў? Вельмі хацелася, каб такі чалавек быў з сялян. Каб свой быў, як дзядзька Ціхан. Капітан як бы адчуў хлапцову прыхільнасць i ўзнагародзіў яго за гэта. Шчодра ўзнагародзіў. Павёў у краму. Крама гэтая асталася адзіная на ўсё мястэчка, i ў ёй можна было купіць усё, што трэба панам афіцэрам i салдатам: іголку i каньяк, падкову i сукно на мундзір.

Залонскі сказаў крамніку — худому, але чыста апранутаму яўрэю.

— Хаім, ты бачыш гэтага хлопца?

— Пане капітан, хіба Хаім аслеп?

— А ты ведаеш, хто гэта?

— Калі ён тутэйшы i можа сказаць два словы, то я вам скажу, з якой ён вёскі.

— Сур'ёзна? Ты можаш пазнаць? — здзівіўся каштан,— Скажы, Піліп, яму два словы.

Але хлопец не ведаў, што сказаць, хоць адчуваў сябе тут смялей, чым у штабе, бо крамнік — не пан, а свой чалавек, сяляне казалі яму «ты», сварыліся з ім i тут жа мірыліся, пляскалі далоняй аб далошо, калі сыходзіліся ў цане.

— У цябе ёсць сестры, браты? I дзе твой бацька?

— У мяне ёсць сестры i брат, Малыя. I матка. А бацька на вайне,— і, узрадаваны, Піліпок павярнуўся да капітана: — Каб мне знайсці бацьку...— але тут жа прыгадаў іголку i стог — i асекся.

— О, о! — гукнуў крамнік.— То гэты малады чалавек або з Паперні або з Сакавішчыны. Калі ён скажа, што не, то няхай адсохне мой язык.

Піліпок ніколькі не здзівіўся, што тутэйшы чалавек пазнаў, з якой ён вёскі. A капітан здзівіўся.

— Ты геній, Хаім. Ты мог бы стаць вялікім вучо-

ным.

— Пане капітан, не смейцеся з беднага яўрэя. Геніі — .у Пецярбурзе i ў Маскве. Можа яны ёсць у Парыжы. А я ўсё жыццё гандлюю селядцамі ў гэтым смярдзючым мястэчку.

— То ведай: гэты твой зямляк заслужыў, каб насіць лепшыя боты, якія ў цябе ёсць. На яго нагу. Маеш?

— Калі трэба боты, то будуць боты.

Перагнуўшыся цераз прылавак, Хаім глянуў на Піліпковы лапці, нырнуў у вузенькія дзверы ў задняй сцяне крамы.

Упершыню Піліпок астаўся з капітанам адзін на адзін. I ўпершыню перад чалавекам, які больш за ўсё падабаўся ў самым пачатку, адчуў няёмкасць i нават боязь, хоць Залонскі глядзеў на яго з добрай усмешкай.

— Ты праваслаўны, Жмянькоў?

— Але, мы ходзім у царкву.

— Калі ў цябе будуць пытаць, чаму ты пайшоў цераз фронт, адказвай: я ішоў за веру, цара i айчыну.

— За веру, цара i айчыну, — паўтарыў хлопец.