Выбрать главу

— Разумеет сэнс гэтых слоў?

— Разумею.

— О, ды ты адукаваны хлопец, Жмянькоў. Мы зробім з цябе нацыянальнага героя.

Піліпок тады не зусім разумеў, што такое — национальны герой, але слова «герой» зноў-такі кранула яго хлапечы гонар.

— Крыжык у цябе ёсць на шыі?

Крыжыка не было; крыжык яму адзявалі толькі ў той дзень, калі маці ці бабуля вяла на прычасце.

Крамнік вярнуўся з ботамі, з цудоўнымі новымі бліскучымі ботамі, галоўнае — мужчынскімі i якраз па назе, як быццам памераў i за колькі хвілін пашыў на заказ — во, меў вока чалавек! Такія боты ажно шкада было абуваць. Але капітан загадаў пераабуцца. Хаім паслужліва падаў зэдлік i тут жа спытаў:

— А да ботаў, пане капітан, што? Камзол? Штаны? Мундзірчык?

— Пакуль што нічога. Пакуль што. Не, яшчэ адну рэч трэба. Крыжык. Нацельны. Маеш? Ці твая рэлігія забараняе?

— Хе! Дрэнная тая рэлігія, якая забараняе чалавеку гандляваць. Залаты?

— Хаім! Ты ж разумны чалавек... Хто з мужыкоў...

— Ай-я-яй! Я такі пляснуўся ў лужыну. Пан афіцэр даў мне добры ўрок.

Піліпок начапіў на шыю маленькі медны крыжык, які, відаць, праляжаў не адзін год, бо моцна пазелянеў.

Боты рыпелі, як у таго пана каморніка, што летась, перад вайной, абмерваў палеткі. Хлапец пераступаў з нагі на нагу i слухаў рыпы як самую салодкую музыку. Адно бянтэжыла: куды дзяваць старыя лапці? Капітан параіў выкінуць.

«А як жа я пайду назад цераз балота?» — хацеў спытаць Піліпок, але пабаяўся, што капітан адкажа: «Пойдзеш у ботах». A ботаў было шкада, хацелася прынесці ix дадому вось такія — новенькія, рыпучыя.

Капітан дзіўна ўсміхнуўся i сказаў:

— Табе шкада развітвацца з імі? Я разумею. Што ж, захаваеш свае лапці. Хаім, запакуй! Ушануем сімвал рускага мужыка, яго мудрасць i ашчаднасць.

— О-о, а ён такі мудры, гэты мужык, я вам скажу!

Піліпку здалося, што ў пахвале такой ёсць трохі здзеку з мужыка, i ён, у душы пакрыўджаны, сцяўся, быццам на яго замахнуліся. Але капітан адказаў вельмі сур'ёзна:

— На плячах яго трымаецца дзяржава наша. Грудзьмі сваімі загарадзіў ён цара i айчыну ад злейшых ворагаў.

I Піліпок зноў адчуў удзячнасць i пашану да гэтага

прыгожага афіцэра, які ў паводзінах сваіх i ў словах так непадобны на іншых паноў.

Крамнік, згаджаючыся: «О, так, о, так, пане каштан»,— грэбліва, двума пальцамі, узяў лапці, загарнуў у тоўстую рудую паперу, перавязаў матузком.

Іншай узнагароды, як боты, Піліпок не хацеў i не чакаў. Хіба каб яшчэ малым які гасцінец далі. Але прасіць сорамна, ды i небяспечна што-небудзь такое несці: затрымаюць немцы — не растлумачыш, адкуль узяў. А боты... боты, перайшоўшы балота, ён абуе, a лапці выкіне; на заляпаныя трохі гразёю боты немцы, напэўна, не звернуць увагі, бо, кажуць, у ix, у Нямеччыне, усе ходзяць у ботах, старыя i малыя, у горадзе i ў вёсцы.

Піліпок толькі i думаў пра тое, як уначы пойдзе назад, што будзе адказваць, як будзе маніць, калі — крый божа! — сапраўды трапіць да немцаў. Страху не меў. Так думаў — на ўсялякі выпадак. A ўвогуле быў упэўнены, што вернецца гэтак жа шчасліва, як i сюды дабраўся. Маці шкадаваў: плача яна недзе цэлы дзень, дзядзьку лае. А дарэмна лае. Праўду сказаў той салдат, Іван Свірыдавіч: весткі тыя, што ён, Піліпок, прынёс, можа ад смерці кагосьці з ix уратуюць. То хіба ж не варта рызыкнуць, каб уратаваць сваіх людзей ад смерці?

Заняты думкамі пра дамоўку, пра вяртанне да родных сваіх, хлопец быў амаль абыякавы да ўсяго, што адбывалася вакол.

Абедам яго кармілі дзеншчыкі штаба, немаладыя салдаты, але нейкія чужыя, нібы паны, няпростыя, не свойскія, як дзядзька Ціхан, як Іван Свірыдавіч. Нават «ix благароддзе» пан капітан i то здаваўся прасцейшы за ix, ва ўсякім разе — больш уважлівы i ласкавы.

Не вельмі зацікавіў i ваенны фатограф, які на вуліцы i ў будынку, у вялікім пакоі, фатаграфаваў хлопца ў розных паставах. Піліпок бачыў фатографа на кірмашы, i ў вёску да ix ён прыходзіў, рабіў карткі за яйкі, за сала. Толькі скрынка ў таго была аблупленая, a ў гэтага — вялікая, бліскучая, з доўгім чорным рукавом, адмысловай трыногай, i амуніцыя на фатографе новенькая, як кажуць — з іголачкі, лепшая, чым на франтавых афіцэрах, хоць пагоны звычайныя, салдацкія. Вядома, было б нядрэнна прынесці дадому сваю картачку, але Піліпок разумеў, што гэта немагчыма,— картка выдасць яго, як нішто другое. А таму ён даволі спакойна i абыякава, стомлены i санлівы пасля абеду, стаяў перад апаратам, лена выконваючы загады здымшчыка. Той крычаў амаль узлавана:

— Ды весялей, весялей ты глядзі! Будучы герой! Што ты — як варона на плоце ў асенні дзень? Вышэй галаву! Кій свой пакладзі на плячо! Ды не так! Э-э, які ты, брат, недарэка! Не верыцца, што ты мог перайсці фронт! Як сонная курыца!