Выбрать главу

— Ну, брат Піліп, напрасіўся, то давай — з богам, як кажуць. Мне нельга. Мяне немцы зловяць — не павераць, расстраляюць на месцы як шпіёна. А цябе... калі затрымаюць на балоце, хлусі, што вяртаешся з бежанцаў у сваю Сакавішчыну... Прывядуць да мяне, да старасты. Калі ў полі наскочыш — скажы, што каня шукаеш. Аброць бяры з сабой. З насцілу не саступай, у глыбокае не лезь, мацай дно віламі, а то яшчэ засмокча дзе. На востраве прыслухайся. Я так думаю — там наш дазор. Але маглі i немцы забрацца. Вяртайся заўтра ўночы. Балота пераходзь пад раніцу, але так, каб да відна лес праскочыў. У полі пачакай дня, каб не блукаць i не наскочыць на батарэю. Акалееш толькі. Папрасі ў нашых анучы сухія, салдацкія. Дадуць. За такі подзвіг боты не шкада даць. Добра, каб табе далі боты, — выказаў дзядзька даўняе жаданне набыць пляменніку добрыя боты, але тут жа цвяроза разважыў: — Не, нічога не бяры. А то калі трапіш да немцаў — не адбрэшашся. Ну, давай, Піліпок. «Каждый да совершит свое», — гаворыцца ў свяшчэннай кнізе. Такая твая планіда. А мая... заядуць мяне бабы. Голасу будзе... Але ты пра гэта не думай. Не баішся?

— Не-эк,— адказаў Піліпок бадзёра, з радасцю i здзіўленнем адчуваючы, што перастаў дрыжаць, хоць тут, на балоце, яшчэ халадней, чым у полі, i сапраўды нічога не баіцца.

Дзядзька аддаў яму аброць, сціснуў худзенькае плячо пад латанай світкай, моцна сціснуў, патрымаў так i пасля лёгенька штурхнуў:

— Ну, ідзі...

I Піліпок пайшоў...

Адразу ступіў у ваду, на слізкія бярвенні, але ногі былі ўжо мокрыя, i холаду ён не адчуў. Дзіўна: сапраўды-такі страху не было ніякага. Дома баяўся цёмнага хлява, цёмных сенцаў, праскокваў ix як можна хутчэй, напалоханы расказамі пра дамавікоў i розную нячыстую сілу. Яшчэ могілак баяўся. Калі верыць казкам, на балоце водзяцца ўсе чэрці. Аднак ніякіх чарцей у тую ноч ён не баяўся, нават не думаў пра ix. Падумаў пра больш рэальную небяспеку: хадзілі чуткі па вёсках, што ваўкі, пакаштаваўшы мярцвячыны — колькі забітых ляжала на палях ды ў лясах! — пачалі нападаць на жывых людзей.

Але i ваўкоў Піліпок не спалохаўся — па-сталаму разважыў, што там, дзе штодня грыміць страляніна, ды не толькі кулямётная i ружэйная, але i гарматная, ваўкі не стануць бадзяцца. Не дурныя. Хіба цяжка ім адысці далей, дзе ціха? Зямля вялікая! I лясоў многа. Пра тое, як дзядзьку будуць «есці» бабы, якога голасу наробяць яны, не думаў; пра іншае — як рускія афіцэры i салдаты будуць дзякаваць яму, Піліпку. Але ён скажа: «Не трэба ніякай падзякі! (Хоць прыйсці дддому ў ботах было б ого як добра!). Знайдзіце мне б'ацьку». Паглядзяць генералы ў спісы: у якім палку служыць Рыгор Жменька? I павязуць туды Піліпка. Як здзівіцца i як узрадуецца бацька! «Сын твой, Рыгор Сямёнавіч, герой, ён прынёс важныя весткі! Дзякуем табе за такога сына!»

Але яшчэ больш выразна ўяўлялася хлопцу сустрэча дома — з дзядзькам Ціханам, з маці, з бабуляй, з сёстрамі i братамі. Во дзе будзе мора шчаслівых слёз, калі ён раскажа, што страчаўся з бацькам, жывым, здаровым. Малыя будуць зайздросціць на боты... Боты ўсётакі яму павінны даць!

Спачатку туман вісеў нізка-нізка — па калені, па пояс. А над галавой зіхацелі асеннія зоркі i свяціў месячык — поўня. Злева ўдалечыні, дзе, напэўна, канчаецца балота i зямля раздзелена акопамі, у неба ўзляцелі дзве ракеты, рассыпаліся зоркамі. Адтуль дакацілася рэха глухой страляніны.

Балота маўчала. Нават вайна абмінула гэтую багну.

Але хутка туман ахутаў хлопца, з'еў зоркі i месяц. Піліпок пачаў трывожыцца.

Дзядзька тлумачыў: да вострава трымайся насцілу, за востравам кіруйся трохі лявей месяца, вунь на тую жаўтаватую зорку. Але ў такім тумане нічога не відно, i на балоце лёгка заблудзіцца.

Ахоплены i радасным уяўленнем i трывогай — дабрацца б шчасліва да мэты! — хлапчына, апіраючыся на вілы, спрытна, як заяц, скакаў па слізкім, замшэлым бярвенні насцілу, Дарогу гэтую як знарок хто схаваў: ад берагоў яна ляжала пад вадой, a пасярэдзіне балота амаль уся наверсе, зусім сухая. Пільнуйся толькі, каб не зламаць нагу, трапіўшы на гнілую маснічыну.

Перад востравам вада дайшла да калень, i рагач з бакоў намацваў не дрыгву, а цвёрдае, як у рэчцы, дно.

Мабыць, вартавыя пачулі, як ён плюхаў, бо, як тольKi Піліпок выбраўся на сухое, яго спыніў глухі, як з-пад зямлі, але суровы голас:

— Стой! Хто ідзе?

Хлопец здрыгануўся, прысеў, стаіўся. Але тут жа сцяміў, што пытаюцца па-руску — значыцца, свае, i смела адказаў:

— Я!

— Хто — ты?

— Жменька.

— Што яшчэ за чменька?

— Дзядзечка, я да вас. Хачу нешта сказаць... Я свой, дзядзечка, рускі.

— Дзіця? — спытаў другі голас.— Што за чорт?

— Не чорт я, дзядзечка. Не бойцеся. Я тутэйшы. З Сакавішчыны. Гэта веска наша. Піліп Жменька. Прозвішча ў нас такое. Мой бацька салдат...