- Кажэце, кажэце. Усё кажэце.
- Гэта ўсё.
- Прашу вас аб размову без намёкаў, пане старшыня. Прашу сказаць мне адкрыта.
- Без намёкаў размаўляюць дзецi, э, дарагi калега, - нахмурыўся ён. Праўдзiвей было-б сказаць: размаўлялi.
- Я, пане старшыня, усё-такi прашу! - Сьцяпан расшпiлiў пiнжак i зручней усеўся ў крэсла. - Выступаючы з законнай просьбай, аказваецца, я раблю шкоду фiрме, у якой зарабляю сабе на жыцьцё, - на кончыку языка ён трымаў фразу: "Законнае, значыць, шкоднае?"
- Ня будзем так гаварыць, э, пане Сумленевiч. Справа ня ў спрэчках, бо нiхто не адмаўляе вам рацыi ды, у рэшце рэшт, i ня ў сродках таксама. Я растлумачу сутнасьць вашага пачыну, калi вы самi не здагадваецеся таго, - ён востра зiрнуў на Сьцяпана. - Свае дамаганьнi кавалка мыла вы пераўтварылi ў справу. Не хапала яшчэ таго, каб адбылася дэманстрацыя з транспарантам ад сьцяны да сьцяны: МЫ ХОЧАМ МЫЛА! або: ПРЭЧ З УПРАВАЙ, ЯКАЯ НЕ ДАЕ МЫЛА!
- Забаўна.
- Не зусiм, шаноўны, - даўгапiсам нэрвова рысаваў ён выкрутасы, псуючы аркуш глянцаванай паперы. - Мыла й ручнiкi будуць. Управа зацьвердзiць кошты.
- Дзякую вам, таварыш старшыня.
- Я спадзяюся, што другой такой размовы памiж намi ня будзе, э, дарагi калега. Шчасьлiва склалася: датычыць яна ня надта сур'ёзнага. Зразумець, шаноўны, лягчэй, чым рабiць... Iначай кажучы, цi вас не зьдзiвiла тое, чаму гэта студэнтаў многа, але арганiзатараў жыцьця мала? Столькi вучыцца народу, столькi вучыцца, ды вынiкаў, грамадою заўважальных, не вiдаць... Таму й бярэ чалавека дзiкая ўцеха, калi аб'явiцца перад табою крышынка таленту...
Старшыня гаварыў. Прыкурваў ён папяросы з пазалочанымi канцавiнкамi ды араматызаваныя, душныя. Частаваў iмi Сьцяпана. Прыймаў тэлефоны, на якiя адказваў коратка. Дастаў з барыку бутэльку каньяку й кумпястыя чаркi. Каньяк, пяцiзоркавы, адбiраў дых; меў пах першаку. Разы два шэф адказаў камусьцi, што - заняты; так, намесьнiку. "Пяты год вучу яго работы", - сказаў пра яго. Сьцяпан, ад няёмкасьцi, прыкiнуўся, што не зразумеў, пра каго гаворка - i, машынальна, адчуў прылiў пяшчоты да Кiры, шкадаваньня яе. Жанчыны рэдка бываюць выдатнымi адзiнкамi, не па бiялягiчных прычынах. Iх праглынаюць мужчыны, ад якiх яны залежныя. Тыя, што выкупiлi Тараса Шаўчэнку ад пана, кiравалiся не сэнтымэнтальным разьлiкам перад усiм.
Да Сьцяпана даляцелi трывожлiвыя словы: - Памятайце: уводзiце неспакой!
- Божа мой, якi?!
- Выбачайце. У мяне няма часу. Да пабачэньня, э, калега.
- Да пабачэньня, таварыш старшыня. Дзякую, - гэта тады запрасiў ён старшыню ў госьцi да сябе, на Каляду (з жонкай). Пляваўся, калi апынуўся за дзьвярыма габiнэту, у калiдоры, у туалеце над умывальнiкам, над якiм знаходзiцца электрычная сушылка для рук, пакуль яшчэ не папсаваная. Здарылася агiднае! Апраўданае яно своеасаблiвай лёгiкай, якая клiнцом прастрамiла навылёт такое, пра што Сьцяпан дбайна клапацiўся; падкасiла ўзгадаваныя ў iм мары, якiя ўжо далi малютку ягадку ўдачы.
12
Заставалiся нераспрацаванымi цэны на выбары, якiя каапэратыў укараняў у вытворчасьць. Дарагая сыравiна, iмпартаваная з-за мяжы, з Аўстрыi й Швэйцарыi, адназначна абумоўлiвала расцэнкi. Адзiнае, што магло зьнiзiць сабекошт, - гэта ўзмацненьне аўтаматызацыi тэхналягiчных працэсаў.
Рызыкавалася многiм: купля замежнага вытворчага абсталяваньня магла не апраўдацца. Адсутнiчала апэратыўная арыентацыя ў структуры попыту; разважаньнi аб гэтым у каапэратыве былi, амаль, традыцыяй.
Сьцяпан, каб пазьбегчы прызначэньня яму нецiкавага заданьня, выступiў зь iнiцыятывай арганiзаваць дасьледваньне прадбачванага рынку збыту.
- Нашто? - замахалi на яго рукамi. У канцы канфэрэнцыйнага стала шапталiся, кiваючы галовамi, удзельнiкi звычаёвай нарады.
- Перадумовай удачы зьяўляецца...
Яму не далi закончыць. Але ён, ужо хiтруючы, яшчэ сказаў:
- Ёсьць-жа памкненьнi ў кiрунку выпуску навiнак! Няўжо вы не разумееце, што гэтага цалкам дастаткова? Няхай вам, паважаныя калегi, не балiць галава пра маштабы продажу. Пакупнiк, як ведаеце, ня мае голасу - ён задаволены тым, што наогул можна сёе-тое купiць...
- У нас, дзякуй Богу, няма рынку пакупнiка. I не ён наш пан, - умяшаўся хтосьцi, хто маўчаў.
- Людзi, аднак, хочуць...
Сумленевiчу разыходзiлася пра тое, што неабходна iмкнуцца да перадавога ўзроўню вытворчасьцi. Выслухалi яго нецярплiва й перайшлi да абмеркаваньня справаў дробных, каб не сказаць - дурных.
Старшыня час ад часу зiркаў у бок Сьцяпана, у азарце. Ён прыкметна ўсьмiхаўся да самога сябе, як гэта, мабыць, робiць певень, гледзячы на курэй, якiя накiнулiся на мякiну. Дзюбалi й дзюбалi яны, даючы ўцеху аднаму.
"Каб ня тое, што бяз грошай немагчыма пражыць, я не тырчэў-бы тут больш нi сэкунды! Высадзiў-бы акно, звалiўся-б на тратуар, пакалечыўся-б, бо не хапiла-б мне вытрымкi выйсьцi адсюль нармальна, празь дзьверы й калiдор", Сьцяпан пальцамi мацаў патылiцу, у якой брыняў боль.
Ад пачуцьця бяссэнсу ён быў блiзкi беспрытомнасьцi, шырока ўгледжваўся ў падлогу, у геамэтрычныя фiгуры паркецiны. Такога спосабу ратаваць сябе ад зацьменьняў яго навучыў лекар, у якога ён лячыў кутнi зуб; дантыст пасьпяхова вырваў Сьцяпану ўнутраны нэрвiк, пасьля чаго сярэдзiну зуба вычысьцiў ад гнiльлi й запоўнiў яе белiстай сумесьсю. Салiдна выканаў сваю работу! "Вы, калi ласка, не заплюшчвайце вачэй, глядзiце ў столь, i не ўяўляйце сабе таго, што я раблю. Пастарайцеся зразумець, толькi зразумець тое; думайце пра неабходнасьць лячэньня, i вам стане лягчэй..." - прыгаворваў сымпатычны дантыст, не перапыняючы сваiх дзеяньняў. Яму таксама ўспацеў лоб; бзычэла сьвiдравальнiца.
Вакол старшынi ўзьнялося гарлапанства. Шумелi - кураняты каля квактухi! Сумленевiч адвёў зрок ад замяшаньня, як той, каму далi па мордзе й сказалi, каб ня лез у не сваё.
- Пане старшыня, я думаю, што ўжо магу пайсьцi да сябе, - нясьмела папрасiў Сьцяпан. - У мяне шмат працы, не мяне чакаюць пэтэнты, - яму дзеравянелi мускулы на твары, а голас разыходзiўся водгульлем па галаве. Ад пустэчы.
- Ужо закончваем, - адгукнуўся старшыня. - Таварышы, цiха, - ён пачухаў сабе кончык носа. - Што-ж, э, дзякую вам за ўдзел у абмеркаваньнi. Нарада была плённай. Да пабачэньня.