Выбрать главу

Уставалi, усё роўна бы разбуджаныя з дрымоты, i тлумна выходзiлi з пакою.

- Калега Сумленевiч, - аклiкнуў старшыня. - Прашу вас застацца на момант...

Сьцяпан быў упэўнены: шэф дайшоў да высновы, што зноў патрэбна яму супынiць няўрымсьлiвага маладзiка. З гэтым дасьледваньнем рынку, скажа, вы перасалiлi, яно нам лiшняе, а таму, што няма праблемы са збытам, пане Сумленевiч, а ёсьць праблема з вытворчасьцю, дык давайце думаць пра павелiчэньне выпуску тавараў, э, во!..

Ён не адразу ўцямiў, што яму гаворыць старшыня.

- Вы, дарагi калега, нешта сумны.

- Я? Чаго? Не, - Сьцяпан зашпiлiў пiнжак.

- Прапанаваныя вамi абсьледваньнi рынку, пэрспэктыўнага попыту, сапраўды ня маюць сэнсу. Разумееце, э...

- Так. Разумею.

- Ну, ня злуйцеся, - старшыня, заклаўшы рукi за сьпiну, прайшоўся перад вялiзным сталом вiшнёвага колеру, невясёлага.

- Прыкра мне, вядома, што не прынялi мае рацыi, але гэта ня значыць, што я за тое злуюся...

- Так, так...

Пайшлi чуткi: папярэдняга старшыню, пэнсыянера, цягаюць суды. Разглядаецца справа аб нелегальнай майстэрнi па вырабу вазоў. Замяшана ў гэта некалькi асобаў зь цяперашняга кiраўнiцтва каапэратыву, што захоўваецца ў таямнiцы. I якiсьцi сяржант мiлiцыi. Усiх правалiў цясьляр, горкi п'янiца й злодзей, схоплены мiлiцыянерамi, калi гнаў самагонку ў хмызьняку пад Васiльковам.

- З нашага каапэратыву атрымалася фiрма, э, дарагi калега. Становiшча зьмяняецца, ня тое што з году ў год або зь месяца ў месяц, але, бачыце, э, зь дня ў дзень. Калi тут i аглядвацца: трэба бегчы й бегчы, дапераду, толькi дапераду. Часамi ажно духi вылазяць! А вазьмi пакаўзьнiся - затопчуць! З разгону, ведаеце, э, як кавалерыя - падбiтага ездака... Калегу, сябру, э...

- Расказваў мне бацька - пад Чанстаховай, у верасьнi трыццаць дзевятага...

- Так, так...

Сьцяпан змоўк.

У калiдоры - чуваць было празь сьцяну - зiхатлiва расьсьмяялася жанчына, тая з разьлiкавай сэкцыi, разьведзеная.

- Я, ведаеце, э, папрасiў вас, дарагi калега, каб пагаварыць з вамi, - у нерашучасьцi пастаяў ён перад Сьцяпанам. - Ёсьць у мяне своеасаблiвая просьба, э...

- Я вас слухаю, пане старшыня.

- Як вам гэта сказаць, калега Сумленевiч, каб вы дрэнна не зразумелi мяне, ведаеце, - ухапiста пацёр ён сабе бараду. - Вы плюньце на таго iнспэктара; тое, што ён прыслаў, я, ведаеце, э, пад зялёнае сукно, як кажуць, запiхнуў, э...

- Я, пане старшыня, тут нi пры чым. У мяне ўсё ў лад, пане, - на сярэдзiне памарусiлi Сьцяпану сьняжынкi.

- Так, так: плюньце, э...

Скрывiўся ён у залётную грымасу, i Сумленевiчу зрабiлася ад таго звычайна сорамна. Яму нават падумалася, што ў шэфа - затоеная хвароба...

Адказаў:

- Вядома.

- Як вы сябе адчуваеце, калега?

- Нiчога. Добра, - у правай назе, зьдзiвiўся Сьцяпан, зьявiлiся дрыжыкi. "Нэрвы! Я кiну гэту работу!" - Дзякую, пане старшыня. Не наракаю.

- Вось, вельмi цешуся. Вельмi! - ён дастаў з барыку тыя самыя, самавiтыя, чаркi й налiў у iх армянскага каньяку. - Вып'ем на благую пагоду; пашырэюць вены, ведаеце, э... Сядайце, - запрасiў ён Сьцяпана.

- Дзякую вам, - Сьцяпан лiхаманкава перагортваў у памяцi свае вольныя гутаркi, пра якiя маглi сказаць старшынi. Не знаходзiў у iх небясьпечнага сабе.

- Моцны, падла!

- Востры, - падтрымаў яго Сьцяпан. Ён адпiў глыток алькаголю, якi шчыпаў за язык i дзясны.

- Так, ведаеце, э... Стамiлiся мы, дарагi калега. Ат, неўзабаве йсьцi дамоў...

- Палова трэцяй! - Сьцяпан прыгледзеўся да гадзiньнiка, даўжэй, чым трэба. - Нарады страшэнна займаюць час, - паскардзiўся ён старшынi, каб урэшце прарвалася мiж iмi размова. (Учора Сьцяпан купiў бiлеты ў кiно, на сёньня, на пятую гадзiну.)

Старшыня не прыняў тэму.

- З вас, дарагi калега, бездакорны службовец, э, адпаведны на адпаведным месцы, хацеў я сказаць... Вас паважаюць, усе мы паважаем вас. У вочы, ведаеце, усякае вам скажам, але завочна нiхто й слоўца ня кiнуў супроць, ведаеце, э...

Сьцяпан дапiў каньяк.

Нiколi ня чуў ён такога пра сябе.

- Я вам тое кажу! Людзi, ведаеце, плятуць, э, рознае. Але пра вас не пачуеш благога, калега, - старшыня ўзяў бутэльку. - Дазвольце налiць...

- Ах, я п'янею, - Сьцяпану прыйшоўся да спадобы армянскi. - Прашу нямнога.

- Вам усе вераць! - гаварыў сваё старшыня. - Добрага чалавека кожны, ведаеце, нюхам счуе, - налiў ён i сабе. - Памiх намi, э, здаралiся, праўда, непаразуменьнi, ды вы, дарагi, за гэта, бачу, э, не крыўдуеце на мяне. Нам трэба трымацца разам! Будзе еднасьць, дык мы Беласток сто разоў у той бок i назад перасунем. Так, так...

- Вядома, - Сьцяпан вырашыў: няхай яму не здаецца, што маiмi рукамi ён ад судоў абаронiцца!

- Вераць вам i, шчыра кажучы, я гэтаму зайздрошчу, ведаеце... Але маё службовае становiшча, э, па сваёй прыродзе мае, так сказаць, крыўдзiльны характар, разумееце, - надпiў ён з чаркi. - Я мушу заўсёды выбiраць памiж меншым i большым злом, як палiтык, якi гэтым адрозьнiваецца ад бюракрата, што iмкнецца да мэты, а не да прадухiленьня ўласнай адказнасьцi, э...

Сьцяпан пакрыёма зноў зiрнуў на гадзiньнiк: наблiжалася чацьвертая.

- На мяне, напэўна, усялякае гавораць... - старшыня чакаў, што на гэта скажа Сумленевiч.

- Так вам здаецца, пане старшыня.

- Ну, а ўсё-такi?

- Што вы! - Сьцяпан заварушыўся. - Дурноты я ня слухаю.

- А вы, калега, паслухайце iх. Гэта важнае мне, э, як кiраўнiку ўстановы, - прыцiшыўся ён. Сьцяпан не адзываўся. - Рэагаваньне вулiцы, ведаеце, адбываецца ў рамках стэрэатыпаў, плётак, расьсейваных чутак. Арыентацыя ў iх зьяўляецца ўмовай правiдловых высноваў для плянаваньня канкрэтных пачынаў, э...

"Ён хоча прычапiць мне вуха, - Сьцяпан закурыў, ад нечаканасьцi не пачаставаўшы старшыню папяросай. - А я ўжо думаў Бог ведае што! Разьлiчыў, шэфiк, нядурна: я, карыстаючыся ўсеагульным даверам, iдэальна падыходжу яму ў якасьцi крынiцы канфiдэнцыяльных зьвестак пра асяродзьдзе. I шантажык на мяне ў выглядзе iнспэктара ёсьць, быццам у палiцыйным кiнафiльме... Не спадзяваўся я па iм таго. Не!"

- Збор плётак ды чутак уваходзiць у дзялянку маiх службовых абавязкаў, таварыш старшыня? - Сьцяпан устаў, як бы намерваючыся адбiць удар зьнянацку: "Абразiцца - i канцы ў воду!"

- Адкажу вам па-салдацку, - загаварыў ён зьмененым голасам. - Абавязак радавога - ахоўваць свайго каманьдзiра ў бiтве.

- Вайсковых рэглямантаў я не чытаў, пане старшыня: не давялося мне служыць у армii. Але, час ад часу, трапляюць у мае рукi тоўстыя кнiжкi мудрацоў, зь якiх, мiж iншым, даведаўся я, што чалавек ваюе наогул самотна - перамагае або стаецца пераможаным. I нiхто нiкому ня ў сiлах дапамагчы, бо дапамаганьне нiшто iншае, як захоп, прынамсi, часткi таго кагосьцi...