- Ня будзе, Сьцяпанка, мiлы мой! - ажывiлася Кiра. - Старшыня накiруе справу так, што страты ад падпалу яго машыны акажуцца невялiкiмi й цябе засудзяць толькi ўмоўна...
- Цудоўна!
- Сьмейся ты з суду, якi абыйдзецца без турмы! Дадуць табе, скажам, тых умоўных восем месяцаў, ну, год. От, скажаш суду, што незнарокам... Зрэшты, дакладна абмяркуем яшчэ...
- Са старшынёй?
- Ня будзе ўжо патрэбы гаварыць зь iм, Сьцёпа.
- Пазлавалi, пазлавалi, i пасьцелька пагадзiла iх - заўтра скажа пра нас твая мацi. Маладыя, зялёныя... Вырастуць, дык i скура пацьвярдзее iм. Да Кiрушкi маёй дабраўся сiвы дзед, ды што ён мог зрабiць ёй, дзеўцы як рэпа. А зяцёк, булава, як ня вырачыўся на яе, быццам сямёх яна на сабе вазiла! I было гэта за што, Альбiна, га? Свары, крыкi на цэлую вулiцу... Людзi падумалi пра лiхое, - крыўляў Сьцяпан.
- Адстань ты ад мацi.
- Эт, нiчога благога я пра яе асабiста не сказаў.
- Слухай, дарагi: пасьля бойкi рукамi не махаюць. Спрабуй ты пабыць справядлiвым i дадумайся да таго, што ва ўсiм гэтым рызыкую я й толькi я! Па ўласнай, непрымушонай волi.
- У мяне, Кiрушка, узьнiкла зараз дапушчэньне, што ты вынайшла аргумант, надта-ж зручны табе аргумант, якiм пакарыстаесься, калi Бог дасьць табе здароўе, зь любасьцю. Пры маiм характары нагоды для таго, ой, будуць.
- Сьвiньня!!!
- Асьмельваюся заўважыць, шаноўная дама, што ўжылi вы слова жаночага роду, якое ня надта падыходзiць да мяне, мужчыны. Але я разумею вашу заклапочанасьць: як-жа прыраўнаць мяне, напрыклад, з...
- Сьцi-i-хнi-iii!!! - яна заткнула вушы, й зь яе вачэй сыпалiся сьлёзы, трохi як у лялькi, якую вырабляюць немцы. - Сьцi-iхнi!.. Сьцiхнi...
Цешча ўрачыста прачынiла дзьверы.
- Дакуль ты, Сьцяпан, будзеш гэтак зьдзеквацца над ёю, - прамовiла яна.
- Шок, - тлумачыў старой Сьцяпан, - паскудны шок у яе, якiх тысячы штодзень. Амiяку ёй, Кiры, пад нос! Няхай дыхне iм, дык умомант зрэнкi пакруглеюць ёй. Ого, амiяк. Зараза! - гаварыў ён са сьцiшнаватай дабрадушнасьцю. - Ну, я пайшоў...
- Дочанька, Кiранька, ты чуеш мяне? Кiра, ня трэба... Ну, ня трэба... Ляж, а я каля цябе, ну, цiха, ша-а... Вось так, адпачнi... Я пагашу сьвятло...
27
Сьцяпан беспамылкова трапiў у вагарод старшынi. Ён узламаў сьмешны замок на хiсткiх дзьвярох альтанiкавага домiку, запалiў лямпачку ў ружовым абажуры, распрануўся да трусоў ды разьлёгся на турысцкiм ложку са скрыпучымi спружынамi. Губы сьпяклiся яму ад смагi; ён устаў, каб напiцца вады з крану, й, тады, угледзеў банку з фарбай. Пашукаў пэндзля, зьдзертага й шырокага; iм напiсаў пад стольлю СТАРШЫНЯ+КIРА, а знадворку - ад вугла да вугла - IМПАТЭНТ. (Эмаль абцякала, дарабляючы лiтарам сьцёблы; Сьцяпан некалькiмi падоўжанымi мазкамi вывеў гарызанталь, прыдаючы ўсяму выгляд дзiвацкага квяцiстага арнаманту.)
У якiмсьцi задворку сьпяваў адурэлы певень. I не знайшоўся другi, якi-б адказаў яму.
На ўсходзе паясьнела неба, i Сьцяпана змарыў сон.
Адзiн з тых сноў, падчас якiх не было яму адпачынку; галава запаўнялася думкамi. "I што ты пра ўсё гэта скажаш? - пытаў Сьцяпан у Сьцяпана, якiм ужо перастаў быць. - Твая Кiра зусiм не дзiва нейкае, - азваўся той Сьцяпан. Мая, напрыклад, Нiна мела сон, у якiм я загадаў ёй легчы з начальнiкам аддзелу камунальных кватэраў. Думаеш, абурылася яна на тое? Мы пяты год жылi кватарантамi, з маленькiмi дзяцьмi... - А пасьля, дык што яна сказала табе? пацiкавiўся Сьцяпан. - Нiчога. Начальнiк, на шчасьце, вельмi хутка стамiўся, адказаў той за Нiну. - Заснуў? - дапытваўся ён падрабязьней у таго Сьцяпана. Але, ды мая Нiна, нябога, да белага дня й вока не заплюшчыла, праклiнаючы ўрадаўскага слабака, - прызнаваўся далёкi Сьцяпан. - А ты, дык што? - ён не дазваляў яму зьнiкнуць. - Я? Плакаў, зачынiўшыся ў туалеце, i вырашыў заўтра, у ваддзеле, запатрабаваць за гэта ордэр на кватэру яшчэ ў жнiўнi", - адказаў той Сьцяпану.
- Далi?
- Гэта быў сон, Сьцяпан, - прыпомнiў яму iншы Сьцяпан. - Ён запамятаўся мне таму, што жонка расказвала яго за сьнеданьнем i паклала на маю талерку лiшнюю порцыю вэнджанай шынкi. Яна, ведаеш, скупая - дазваляе мне курыць толькi танныя папяросы, а ў нядзелi дае сем злоты на пiва, мутнае, бо дайлiдзкае...
- Мая справа, дарагi, - гэта ня сон, - ад перажываньняў Сьцяпанка амаль прачынаўся. - У мяне ўсё сапраўднае!
- Сапраўдным мы прызвычаiлiся лiчыць марныя спробы ажыцьцяўленьня думак, адказаў Сьцяпану iншы Сьцяпан. - Твая Кiра, во, здрадзiла табе ў нашым значэньнi, але гэта чыстая выпадковасьць. Трэба, аднак, задумацца нам над тым, цi не сутыкнулiся мы ў ёй з дарослай вернасьцю? Жонка, магчыма, у чымсьцi, э, перавысiла цябе... Мужчыны ў пытаньнях зайздрасьцi застаюцца пераважна юнакамi, э, ведаеш...
- Хто ты?! - крыкнуў Сьцяпан, ахоплены страшэнным прадчуваньнем.
- Я, э, твой старшыня, падла ты! Хэ-хэ-хэ...
Сьцяпан схапiўся, успацелы да кончыкаў валасоў. На пяць хвiлiн да пачатку працы.
Ён дапаў да ўмывальнiка, але ў iм не было вады - кран псычэў па-зьмяiнаму. Пальцамi працёр Сьцяпан закарэлыя вочы; на ўслончыку (вясковага вырабу) стаяў бляшаны кубак з запыленым павуцiньнем. Сьцяпан лiхаманкава заглядаў у рознае начыньне, парасстаўлянае па памяшканьнi. Яго зараз неспакоiла адно - як пачысьцiць зубы?! Падумалася яму, што ў вагародзе расьце радыска...
Быў засеяны ёю загонiк пад яблыняй. Калiсьцi хлопцы з Садовай, памятаў Сьцяпан, на загуменьнi Казырскага пад Васiльковам кралi яе й давалi дружнага драпака за сажалкi, пад вадапомпу, дзе ў дзiкай траве трымалася раса, якой абмывалi яны сабе рукi й драпежна запэцканыя зямлёю твары, качалiся па зеленi ды рагаталi да болю жывата ад дурной радасьцi, што ўдалося iм, што нiхто ня гнаўся за iмi i што цёпла сьвецiць сонца...
Сьцяпан, скiнуўшы кашулю, ухапiўся за пакiрачаныя галiны яблынi й з усяе сiлы закалацiў дрэвам. Яму пасыпаўся на плечы й сьпiну гусьценькi дождж, крапаючы й на лiсьце гароднiны, быццам гэтак зьнянацку выпаўшы з хмурынкi ў пагодны дзень. Ён задрыжэў ад холаду, заварушыў лапаткамi й, выгнуўшыся, пачаў абцiрацца хустачкай, мяркуючы пры тым, што было-б лепш зрабiць тое сподняй часткай кашулi. Казытала яму ў карак трэска сухападзiны; калi Сьцяпан угледзеў, што гэта вусенiца, ахапiла яго гiдасьць.
Ён выплюнуў недажаваную галоўку радыскi й, ледзь трапляючы кулакамi ў рукавы, апрануўся. Доўга ня думаючы, Сьцяпан пералез цераз плот i наўздагад, сьцежкамi, бягом пайшоў да далёкага прыпынку ў канцы Зялёнай, разы два аглянуўшыся ў бок домiку; там iскрыўся ранак.