- Чорце ты, чорце! - задрыжэў ад абурэньня Сьцяпан. - Ты нават дзiцяцi не даруеш.
- Напiсанае застаецца, дарагi, э, пагаворвалi старажытныя рымляне. Рэкi маюць крынiцы свае, а людзi - дзяцiнства. Пакажы мне дзiця й хiбы ягоныя, а я прадкажу яму будучыню. Чалавек - як расьлiна, зь якой ён, дарэчы, i выйшаў: усё ягонае ў зярняцi знаходзiцца. Вырастаюць зь яго ня якасьцi, а памеры гэтых якасьцяў. Вывучай генэтыку, э, брацец...
- Я кахаў Марысю! - вывiскнуў Сьцяпан. - Кахаў яе, як толькi можа кахаць хлопец сваiм першым чыстым пачуцьцем...
- Безумоўна, безумоўна... Назавi ты мне такога, якi ня ведае, што такое першая дзяўчына. I старшыня меў першую, э, i бухгальтар, э, i член камiсii. I нiкому зь iх гэта не перашкодзiла стацца сабою - аднаму старшынёй, другому бухгальтарам, трэцяму членам камiсii. Хочаш, я складу дасье iх дзяцiнству? Хочаш?
- Не-е-э-э!!!
- Ня хочаш, э, хоць аж дрыжыш ад цiкавасьцi да гэтага. Баiсься ты, што я маю рацыю наконт цябе. Бойся, бойся... Страх, калi не ачышчае, дык прынамсi запруджвае ручаiну нечысьцi, якая ўлiваецца ў душу. Стварае ён iлюзорны ратунак. Поскудзь усё роўна разьлiваецца паводкай, якая мае тую ўласьцiвасьць, што размывае й затапляе яна ў кароткае iмгненьне...
- Я цябе паб'ю, чорце лазаты!
- Брава, брава!.. Нарэшце ты прарваўся.
- Ня муч мяне!
- Крыху пацярпi, мой ты душэўны абадранец.
- Як доўга?! - узмалiўся Сьцяпан.
- Ужо хутка будзе па ўсiм, пакутнiчак ты безгаловы. А цяпер я прапаную пяць хвiлiнаў адпачынку, - i чорт уключыў радыёпрыёмнiк, што стаяў на палiцы.
Цiха зайграла музыка, даючы блаславёны спакой. Сьцяпан услухоўваўся ў таемныя гукi, i перад яго вачыма перасоўвалiся пушчанскiя зацiшшы й квяцiстыя лугi, празрыстыя завадзi з чародкамi рыбы й пясчаныя берагi, ваколiца, замкнёная аблавай ядлоўцаў на ўзьлесьсях, i зарэчны галёп каня, што ўцякае ад паўднёвай заедзi. Спаленая лесьнiчоўка ля гасьцiнца з Букшталю ў Супрасьлю й тужлiвы профiль матчынага твару...
- Стоп! - перапынiў Сьцяпана чорт i ўдумлiва пакалупаў кiпцюром у аброслых ворсаю храпах. Ён запытаў: - Цябе, Сьцяпан, бачу я, цiкавiць сьмерць твайго бацькi? Вось, э, Сьцяпанка...
- Прашу зьвяртацца да мяне: пане Сумленевiч!
- Калi ласка, э, пане Сумленевiч. Не пачнем-жа мы з-за такога глупства ўзаемна варагаваць. Я ўшаноўваю вашы нявыяўленыя, сакрэтныя, э, пажаданьнi, журботнасьць...
- Кiнь, чорце, намёкi, калi ня хочаш дастаць ад мяне па сваiх сьлепнякох!
- Кiдаю, кiдаю... Ага, значыць, спынiлiся мы на таямнiцы пагiбелi вашага, э, пане Сумленевiч, бацькi. А яна мае простае дачыненьне да вас.
- Да мяне?!
- На жаль, на жаль... Нельга сказаць, пане Сумленевiч, каб вы надта кахалi свайго, э, родзiча...
- Што гэта ты пляцеш?!
- Я толькi сьцьвярджаю, - насупонiўся чорт. - I, калi ласка, вы дазвольце мне закончыць выказваньне. Дык вось: ваш бацька, пане Сумленевiч, не беспадстаўна лiчыў, што вы як сын, э, недалюблiвалi яго. Па гэтай прычыне памiж iм i мацi здаралiся сутыкненьнi, якiя паглыблялi ў iм апатыю ды абыякавыя адносiны да свайго жыцьця. Мо' жадаеце прад'явiць вам доказы?
- Не выдумляй, страшыдла паганае!
- Факты вызначаюцца надзвычайнай упартасьцю, пане Сумленевiч. Перш за ўсё таму, э, што iх нельга зьнiшчыць. Можна забыцца на iх або прытаптаць, але яны ад таго не прападаюць. Вось так.
- Чаго ты да мяне прычапiўся?
- Старасьвецкае пытаньне, пане Сумленевiч. У сучасную эпоху наш брат ужо не ганяецца за паасобнымi душамi. Мы, чэрцi, зараз не такiя адсталыя, э, якiмi нас усё размалёўваюць манастырскiя мастакi. Мы пайшлi з духам часу, поруч з дваццатым стагодзьдзем, i, не хвалячыся, таленавiта перанялi найгоршае, чаго дабiлася чалавецтва з часоў сiвой мiнуўшчыны па сёньняшнi дзень. Пэрыфразуючы дасягненьнi, э, напрыклад, каапэратыву, магчыма коратка выкласьцi наш прынцып дзейнасьцi: кожны прападае сам, як толькi можа! Зь некаторым сумам хачу вам сказаць, э, пане Сумленевiч, што ваш спосаб самазьнiшчэньня, усё-такi, банальны. Ня гневайцеся за тое, што я вам скажу: вы нудзiце мяне!..
- Што-о! - i Сьцяпан расьсьмяяўся, па-дацэнцку, са зьняважлiвай стрыманасьцю. - Бач ты яго, чорта: у няшчасьцi шукае ён атракцыi! Пайшоў ты вон!
- Гэта нiчога, пане Сумленевiч, што я д'ябал. Вы лепш услухайцеся ў мае словы: шчасьце адзiнкi, у вадрозьненьне ад яе няшчасьця, мала iнтрыгуе пабочныя асобы. Здавалася мне, што вы разумееце гэта. Люцыпар меў рацыю, калi ён супыняў мяне: "Будзь, слуга ты мой, асьцярожны ў апазнаваньнi мэтаў пана Сьцяпана Сумленевiча. У яго можа яшчэ ня быць iх зусiм, як у васабовасьцi выразна нясьпелай. I зважай ты, не засяроджвайся на яго грамадзкiм фанатызьме, гэтай дзiцячай хваробе маладога службоўца, э, якога занадта ўчаставалi крышынкамi ўлады. Ён уяўляў-бы сабою значную каштоўнасьць у якасьцi iлюстратыўнага матэрыялу, калi-б затрымаўся ў сваiм разьвiцьцi. Аднак-жа, э, слабая надзея на тое: Сумленевiч вырасьце на неблагога кар'ерыста, нiчога асаблiвага", - чорт пазяхнуў i аблiзаўся.
- Люцыпар памыляецца! Чуеш, ён памыляецца! Памыляецца!!!
- Не крычы так, - страпянуўся чорт. - Вiшчыш ты, бы ў шэсьцьдзесят першым годзе, э, калi ў краме, памятаеш, сам украў цукерку й прадаўшчыца...
Сьцяпан ударыў чорта нагою ў дыхавiну, ажно той скруцiўся.
- Яшчэ слова - i я цябе заб'ю! - Сьцяпан патрос кулаком яму перад мордаю.
Рагаты, не разгiнаючыся, соп.
Сьцяпан, злавесна пастаяўшы над iм, вярнуўся да логава.
- Такая, вось, удзячнасьць чалавека за сказаную яму праўду! - выпалiў чорт, i, быццам на магутнай спружыне, скакануў ён на абажур электрычнай лямпачкi пад стольлю. - Раз зь цябе гэткi аблуднiк, э, дык больш нiчога ты не даведаесься ад мяне, - скардзiўся ён. - Ты...
- Пан Сумленевiч! - Сьцяпан пагрозьлiва прыўзьняўся.
- Пацалуйце мяне ў хвост, пане Сумленевiч!
Сьцяпан, азьвярэўшы, абхапiў пiсьмовы стол i зь дзiўнай лёгкасьцю кiнуў iм у пачвару. Затым, упёршыся рукамi ў сьцяну, ён захiстаў пакоем.
- Развалiш будынак, жывiна! - крычаў чорт, ушчаперыўшыся ў абажур (ён высока паставiў свой хвасьцiска, каб Сьцяпан да яго не дастаў). - Абцiхнi, чуеш! З турмы ня выйдзеш, э, выскачка!!!
- Яшчэ ты, чорце, калiсьцi падлезеш пад мой кулак, - Сьцяпан стомлена апусьцiў руку; другая-ж анiяк не адставала яму ад сьцяны.
I як Сьцяпан нi выкручваўся, тая рука з расшчэмленымi пальцамi не паслаблялася, наадварот, як бы прастрамляла яна мур навылет. Сьцяпан згодлiва аглянуўся на чорта, якi з удаванай заклапочанасьцю чысьцiў сабе капытцы. Рабiлася страшна. "Пане чорт!" - Сьцяпан разявiў рот, каб лiсьлiва аклiкнуць... Ён прачнуўся.