Забойства сакратаркi засталося як бы па-за ўвагай старшынi. Ён, цiкаўлiвы, спадзяваўся, што Сьцяпан раскажа яму сам. Так ня здарылася. I гэта, мабыць, было памылкай зь яго, Сьцяпана, боку, уступленьнем месца чуткам ды бязглузьдзiцам. Ён мог толькi чакаць, пакуль пераклубуюць, нават праўдападобныя, вэрсii наконт ягонай уяўнай сувязi з цэлай справай, якiя несумненна ўзьнiклi ў пажвавелых ураднiцкiх булавешках. Потым, у забываньне, яму быў-бы сэнс выкарыстаць няхай сабе й нязручную нагоду паведамiць шэфа... Сумленевiч пераканаўся, што закон апошняга голасу ў дадзеным выпадку абсалютна непарушны яму. Забойствам сакратаркi доўга цiкавiлiся ва ўстанове. Як на тое наступная жахлiвасьць мела месца позна: пад весну разбэшчаныя засранцы пакалечылi таксiста.
6
Усё перамешваецца.
Затое першы дзень у жыцьцi, праведзены на працы, паўстае быццам дзяцiнства. Сонечны, з напнутай ветрыкам заслонай на казённым акне, жоўты ад чысьцiнi пiсьмовы стол, мiлыя ад сяброўскiх пачуцьцяў твары супрацоўнiкаў, па-матчынаму здагадны шэф, незвычайна востры аловак, белая папера, цiкавая справа, урачысты наведнiк... Няўжо павiнна быць важным якраз сьцьвярджэньне, што той дзень у сапраўднасьцi быў пахмурны, а заслона разьдзертая, а стол рассохлы ды з тараканамi, супрацоўнiкi зласьлiвыя, шэф недаверлiвы, справа амаль лiпная, а наведнiк, звычайна, злосны як халера? Ат, лiчыцца тое, што захоўваем мы зь перажытага.
Сьцяпану не ўдавалася назваць пахi ў матчынай хаце падчас велiкодных парадкаў у ёй. Вострае адчуваньне iх аднаўлялася ў iм, калi ён бываў у гасьцёх, у чысьценькiх людзей. Так пахла кватэра Кiры, пакуль не пачалося вясельле ў ёй, ля задрыпанай Азёрнай, з паўвясковымi музыкантамi, нанятымi цесьцем за сьмешныя грошы, з прыгараду, з Васiлькова (старэйшы зь iх пакаўзнуўся на скрыгелiку каўбасы, што валяўся на падлозе, i разьбiў сабе галаву). Каторагасьцi году, у Каляду, зь немалым зьдзiўленьнем адкрыў Сьцяпан, што пах, той пах велiкоднай хаты, мае смак гнiлога антонаўскага яблыка! (Кiра накупiла яблыкаў дзьве торбы, дарагiх, здаровых, але яны ў кухоннай цеплынi пазагнiвалi, i трэба было хутка паесьцi iх.)
Запрасiлi яны на Каляду старшыню з жонкай. У пакоi запалiлi сьвечкi на ялiнцы; ад iх загарэўся Дзед Мароз. Кiра, зь перапуду, накiнула на запалыхалую цацку тонкую анучку, якая таксама занялася агнём. Сьцяпан не разгубiўся й пажарык загасiў старой шапкай, якую выхапiў са звалкi шмацьця ў ванным. Пабiлася некалькi шарыкаў. Кiра, ачышчаючы ад шкляных аскепкаў дыван, урэзалася ў руку. Кроў з ранкi палiлася ў яе чамусьцi моцна.
Старшынi з жонкай, на шчасце, не было, i Кiра, як бы ў чаканьнi запрошаных Сьцяпанам гасьцей, узьняла зь iм сварку. Не адразу. (У кухоннай пячурцы перапяклася качка, тлустая, i Сьцяпан, напэўна, з дуру, засьмяяўся. "Дым ад качкi й дым ад Дзеда Мароза", - пасьпеў падумаць i цалкам апусьцiўся ў гагатаньне.)
- Што табе, Сьцяпанка?
Яна перапытала яго: што табе? Сказала, каб ён iшоў абмыцца. У цябе запэцканая шчака, сажаю. Ня сьмейся так, бо буду плакаць. Сёньня ўсё не ўдаецца мне. Ня стой ты, памажы мне, чуеш, дастаць гуску. Кажу, гуску? Божа, адыйдзi ты, Сьцёпа, у бок. Дай мне ступiць. Бачыш, змарнавала я добрае мяса. Ах, за што нi вазьмуся, выходзiць навыварат. Ня ведаю, як гэта пашанцавала мне выйсьцi замуж за цябе. Шкадуесься, напэўна, ты ня раз. Узяў сабе завалу. Яно ад пачатку было вiдаць, што я табе сьмешная, малая й сьмешная. Прытым, i смаркатая: усё падсоўваеш мне хустачку. Гiдзiсься мяне, уцячэш да iншай. Да такой, што й смачна нагатуе есьцi, i заробiць жывы грош, i ня будзе смарклiвай, i будзе вёрткай у пасьцелi, ня гэткай соннай, як я... Колькi я сплю, а колькi сьпiш ты, га? Перадай мне свой сон, а пабачыш, не задрамлю перад тэлевiзарам, у палове прыгоднiцкага фiльму... Старшыня зьявiўся адзiн.
- Мая палавiна захварэла, - сказаў ён найгоршае, што мог сказаць iм, пасвараным.
- У такое надвор'е - ня дзiва! Распранайцеся, калi ласка. - Сьцяпан падыйшоў да яго прывiтацца. Ад госьця тхнула прохаладзьдзю.
- Дзякую, - на iм было футра са штучных каракулаў. Як бы жаночае яно. Марозiк бярэцца. На здароўе. У вадлiгу, ведаеце, дрэннае самаадчуваньне.
- Просiм у наш салён, - сказаў Сьцяпан, намагаючыся на сымпатычную iронiю. - Просiм, просiм...
- Мы яшчэ не знаёмыя, праўда? - старшыня мiтусiўся перад Сьцяпанам, паглядаючы на Кiру, якая ў расчыненай кухнi валаводзiлася зь печанiнаю. Яна пужлiва зiрнула на мужчыну й хуценька выцiрала хвартушком рукi.
- Прабачце. Ад радасьцi я забыўся, - пачырванеў Сьцяпан. - Мая жонка, - ён мякка дакрануўся да госьцевага пляча. Той здагадна паддаўся штуршку, ступiў да Кiры.
Ого, пацягнуў ён носам, даўно, э, не даводзiлася ўсьведамляць сабе, што чалавек жыве раз i толькi раз. Нiхто ня верыць мне, што (ён пацалаваў Кiру ў руку) мужчыну нямаш больш цёплага краявiду ў сьвеце, як той, на якiм бачыць ён маладую жонку - можа быць i не свая! - падпаясаную беленькiм, такiм бялюсенькiм хвартушком. Паверце, я не махлюю. Усё, што здарыцца ў вашым доме пасьля гэтай хвiлiны, ужо будзе рытуалам i прозай...
"Ну й пляце?!" - злаваўся на яго Сумленевiч.
Кiра спраўна ўвiхалася над застольлем. Яна, без першапачатковай сарамлiвасьцi, ахвотна дапусьцiла старшыню да таго, каб ён нарэзаў хлеба; Сьцяпан адчыняў вэкi з агуркамi. Якая камiчная дзелавiтасьць?! Несур'ёзьнiца! Пасядаюць яны за стол, нап'юцца за iм, нагавораць сабе, насыплюць словаў, у нiчым не прыдатных, быццам мякiны, што вытрасаюць зь мяшка на белы сьнег, для прынады курапатак. Потым, заўтра й пасьлязаўтра, яны будуць мляўка ўсьмiхацца адзiн аднаму, усё роўна што выйшаўшы з фiнскай лазьнi; упрэлыя, распоўзлыя. Нiбы хтосьцi зь iх i мае справу да кагосьцi, але хто i да каго? Справу, пра якую нялёгка сказаць, цi яна, наогул, патрэбная...
Пiлi каньяк; грузiнскi зь пяцьцю зорачкамi. Кiра, бестактоўна, паставiла на стол няшчасную качку; яе, усё-такi, зьелi. Пасмакаваў госьцю бiгас, бязьлiтасна наперчаны. Закуска больш падыходзiла пад вострую гарэлку, жытнёўку. Старшыня меў апэтыт i неўгамонна хвалiў кожную страву. Ён адвёў у бок руку, мабыць, каб, залётна, ушчыпнуць Кiру за кульшу. (Сьцяпану так здалося?) Гасьцiна адбывалася ў напружанасьцi; анэкдоцiлi, але бяз той хаатычнасьцi, калi людзi зыходзяцца дзеля пустой забавы.