Выбрать главу

Ужо тады рабiлася яму прыемна-млеўка ад няяснай радасьцi, што салiдная забясьпечанасьць Кiры дазволiць заняцца нечым узьнёслым. Што мець жонку й сям'ю - цешча наймала служанку, якуюсьцi сваячку - ня будзе цяжарам. Якраз цiхаводнай затокай, зь якой будзе ён выходзiць далёка, дзе трэба адпачытыя нэрвы й адкормлены арганiзм.

Пажанiлiся маладымi.

На пiрагох цесьць - яны пiлi самагонку, прыпраўленую апэльсiнавымi скуркамi - завёў са Сьцяпанам дзелавую размову. (У Кiры быў ужо позiрк жанчыны.)

- З работай, зяцёк, не сьпяшайся, - ён пiў памяркоўна, бы чаго баючыся. З работай, ведаеш, як з жонкай: нялёгка зьмянiць яе...

- Ой, папа! - пырскала сьмехам Кiра.

- Адпачнi, Сьцяпан, пасьля вясельля, - гарэзiў стары. Ён падморгваў Сьцяпану; яму не хапала вусоў. - Сам я, як здагадваесься, таксама жанiўся, - у яго была нябрыдкая манера лёгкай размовы, напэўна, вывучаная на даволi iнтэлiгентнай службе.

- Я й адпачываю, - Сьцяпану хацелася пажартаваць, але ён ня ўмеў таго.

- Ты маеш добры дыплём, патрэбна табе добрая работа.

- Жонка ўжо ёсьць, - дадаў нехта з гасьцей. Яны - а iх назыходзiлася й на пiрагi нямала - паводзiлi сябе нясьмела, як людзi зь вёскi ў горадзе.

Цесьць пра ўсё падумаў: будзеш, Сьцёпа, працаваць у кааператыве! Старшыня - свой чалавек.

Як гэта магутна быць дарослым! Сьцяпан намецiў першую iдэю: стацца ўзорным службоўцам! Яму i ў галаву не прыходзiла хаця-б тое, што такiх - баяцца! Гiдзiўся ён справамi Кiрыных бацькоў, сам пакуль ня ведаючы пра тое. Так. На працы адразу пачалi паважаць яго за стараннасьць i шанаваньне слова. Гэта крыху сьмяшыла Сьцяпана, як нешта атрыманае не па заслугах. Нiчога не пагражала яму, упачатку. Начальства адносiлася да яго як да шчасьлiвага набытку. Нешта з таго даходзiла да цесьця, якi прамурлыкаў: "Усё, ну, бачыш, добра, дзякуй Богу". Зашахацеў ён сухiмi каштанамi ў кiшэнях нагавiцаў; насiў iх у вiльготнае надвор'е, калi круцiла яму ногi. (Па iх прычыне Сьцяпан перажыў забаўную гiсторыю, пра якую нiхто не павiнен ведаць; быў такi момант, калi ён падумаў, што яго цесьць кульгае на пратэзе! Вельмi прыкрая здагадка.)

Незвычайна лёгка быць добрым чалавекам.

Пра дрэнныя ўчынкi слухаецца зь недаверам; дапускаюцца iх недарэкi... Такiя, каму няма ахвоты працаваць. Нудныя гультаiскi. Або дурныя. (Дурных, чамусьцi, пазнавалася па тым, што яны насiлi акуляры ды ўважлiва прыглядалiся субяседнiкам. Па-курынаму, чуйна й не разумеючы.) У суседнiм, са Сьцяпанавым, пакоi трываў пажылы бухгальтар, як кожны бухгальтар - прыклад блiзарукасьцi. Крахтаў ён над калёнкамi лiчбаў, зьлiчваючы глупствы. Невыразна лаючыся пад носам, выходзiў ён з-за пiсьмовага стала, засоўваў далонi за пазухi, горбiўся, таптаўся на месцы, разважаў папяровую праблему. Калi-б ня грошы, гэты чалавек, праўдападобна, зьяўляўся-б сьмяшлiвым... Вам здаецца, мiлыя, што грошы прыдуманыя дзеля таго, каб iмi раскiдацца! (Гневаўся стары.) Але гэта, мiлыя, няпраўда. (Рабiў адкрыцьцё.) Яны створаны для таго, каб нават самы благi злыдзень даў людзям хоць нейкую карысьць. (Яго словы перакруцiлi: каб i са злыдня выцiснуць хоць якой-колечы карысьцi. Не расьсьмяшылi яго.) Нi фараон, нi паншчынны цар не змаглi так пагнаць да працы, як менавiта яны, во! (Ён дабiваўся прызнаньня яму рацыi, пасьля чаго расказваў анэкдот; цiкава, што кожны раз сьвежы, нечуваны.) Часамi бухгальтар хварэў. Смуткавалi.

У пасьлякалядную ранiцу бухгальтар зайшоў на кватэру Сьцяпана, якi, памыўшыся, сядаў сьнедаць. Цешча, з пакругленымi вачыма, паведамiла зяця: "Да цябе - якiсьцi п'янiца!" (Потым гаварыла яна, што госьць уявiўся ёй супрацоўнiкам мiлiцыi.) Барадаты - загадаваў неахайную прычоску - ледзь варочаў ён языком i прасiў у Сьцяпана шклянку чорнай кавы. Я, мiлы, ноч ня спаў i дома ня быў... Проста да цябе... Прабач мне, мiлы, за неспакой, якi...

- Прысядзьце, дарагi сябра, - Сьцяпан запрасiў яго да стала. Бухгальтар, аднак, марудзiў i, нарэшце, сказаў, што просiць Сьцяпана пагутарыць бязь сьведкаў. (Таму, мабыць, i падумалася бабе пра сышчыкаў.)

- Як гэта табе сказаць, мiлы, - ён чакаў кавы. - Ах, як выказаць?.. Мо' й беспатрэбна?..

- Пасьпеце ў нас. Вы-ж хварэеце. Вярнуся я з працы, тады мы й пагутарым. Будзе час, - Сьцяпан зiрнуў на ручны гадзiньнiк, знарочна. - Цяпер мы да нiчога не дагаворымся...

- Пачакай, - падняў той руку. - Пачакай, мiлы. Я коратка, - цешча падала каву, i ён лакомлiва сербануў яе са шклянкi, гарачай. - Ну, якiх-небудзь хвiлiнаў пяць, добра?

- Давайце.

- Вось, так: учора клiкалi мяне ў... - аглянуўся ён на недачыненыя дзьверы ў калiдор. - Клiкалi - гэта далiкатна, мiлы, сказанае... Звычайна, прыйшоў адзiн, па-цывiльнаму, i запытаў: гэта вы? Я адказаў. А ён: iдзеце са мною! Я: чаго вам трэба? Ён: на месцы скажуць вам. Я: што? А ён: ну, пайшлi! Думаю сабе: капцы! - ён дакрануўся паркай шклянкi. - Ну, мiлы, пайшоў я зь iм. А там, ведаеш, дзьве хвiлiны гутаркi: што я магу сказаць пра такога аднаго знаёмага, якi, аказваецца, замяшаны ў нейкую пакражу...

- Пасьпеце ў нас, - Сьцяпану кплiва разяўляўся рот. Ён пазяхаў. - Вам, калега, патрэбны адпачынак...

- Так, так... Я пасплю, вядома, але перш хачу...

- Я вас слухаю.