Але, мабыць, гэта агнём не згарыць. Гэтае ўсё не гарыць у агні і ў вадзе ня тоне. Тое ён ведаў пэўна. Калі ён цяпер нешта ня вырашыць — рашуча і назаўжды — дык яго чакае незайздросная рэшта жыцьця. Значыць, хоча ці не, а трэба вяртацца.
I ён вярнуўся. Зноў нерашучым крокам наблізіўся да матавых філёнкавых дзьвярэй, на гэты раз трымаючыся бліжэй да гранітнага цокаля будынка. Каб не адступіць. Каб адступіць было неяк. I з ходу рвануў за доўгую адпаліраваную ручку дзьвярэй.
За сталом пры дзьвярах не было нікога, дзяжурны, — мардаты ўкормлены прапаршчык з партупэяй цераз плячо — апынуўся якраз насупраць — ад суму шпацыраваў па праходзе. Скварыш павітаўся. Той, здаецца, ні кроплі не зьдзівіўшыся раньняму наведніку, нават бы ўсьміхнуўся — маўляў, давай, заходзь. I Скварыш сунуў у ягоныя рукі канвэрт.
— Каму?
— Ды там разьбяруцца. Ад Скварыша.
— Гэта вы? Падпісана, да?
— Усё падпісана.
Каб разам спыніць тую размову, Скварыш, не разварочваючыся (бы надта сьпяшаў на працу, ці што), задам піхнуў дзьверы і апынуўся на вуліцы. Мляўкім крокам пайшоў па тратуары па-над самым бардзюрам, і жахлівая ява зробленага ўсё болей апаноўвала яго. Як жа так, навошта?.. А калі ён спудлаваў? Падставіў сумленнага чалавека? Што ж тады ён нарабіў?
Ды, мабыць, нарабіў…
На рагу будынка ён зноў спыніўся, паазіраўся на шкляныя дзьверы. Ну, што рабіць? Вярнуцца, узяць заяву назад? Але ці аддадуць назад? Мабыць, прапаршчык-дзяжурны ўжо рэгіструе яе ў якой тоўстай кнізе. А як зарэгіструе, дык ніякая сіла яе адтуль ня выпіша. Будзе захоўвацца вечна. Дзяржаўная тайна. Во — так!
Бедны, няшчасны асьпірант Красьнянскі.
Бедны, няшчасны прафэсар Скварыш…
Музыка
Надвячоркам ён задрамаў у зацемненым гатэльным нумары. Празь няшчыльныя пласьціны белых жалюзяў у пакой цадзілася дробна-паласатае сьвятло, якое ламана стракацела па мэблі, дыване на падлозе, па сьценах, невялікай карціне з выявай карыды. Што — менавіта карыды, пра тое можна было толькі здагадвацца: постаці на карціне спрэс выяўляліся ў форме трохкутнікаў, чорных і чырвоных — быкі і матадоры. Ён, аднак, не ўглядаўся ў карціну — ён ня дужа заўважаў карцін ні ў гатэлях, ні ў офісах. Ён быў музыка, і нашмат большую цікавасьць для яго мелі гукі. Але цяпер, калі сіеста збольшага сканчалася, а вечаровы курортны тлум яшчэ не настаў, было быццам ціха, адно мерна гуў пад стольлю вялізны трохлопасны вэнтылятар, ды ў падваконьні раз-пораз уздыхаў кандышан. I ўсё ж менавіта ў гэтай цішы ўзьнік нейкі незразумелы гук, які вынікаў невядома адкуль і чамусьці трывожыў слых. Ён і прачнуўся ад таго гуку, хоць не зразумеў нічога, сподам душы, аднак, адчуваючы штось благое, і доўга ляжаў, ня кратаючыся. Прахалоды ў пакоі не было ані колькі, было душна, млосна, неяк надта дыскамфортна, і ён не разумеў прычыны таго дыскамфорту. Магчыма, ён захварэў ці пачынаў захворваць. Ці не з тае нагоды прапаў апэтыт, на сьняданьні ў кавярні ён выпіў шклянку апэльсынавага соку і есьці нічога ня стаў. На абед зусім не пайшоў. Не было ні сілаў, ні жаданьня ўставаць і ісьці ў гаманкую залю рэстарану, парушаць свой спакой. I ён ляжаў, услухоўваўся ў пошум вэнтылятара і думаў. Адчуваў — найлепей ляжаць. Калі б толькі не праклятая задуха, ад якой у тропіках не было паратунку ні ўдзень, ні ўначы. I вось гэты гук, што абудзіў яго ад санлявай зьнямогі.
Не разумеючы да канца ні свайго стану, ні прычыны трывожлівага гулу — звонку ці, можа, знутры, у сабе, ён урэшце памкнуўся ўстаць і сеў на край шырокага ложка. Але далей рашучасьць яго ўбавілася, пасядзеўшы крыху, ён зноў з палёгкай адкінуўся на скамячаную прасьціну пасьцелі.
Здаецца, дарма ён прыехаў сюды, у гэты блаславёны трапічны рай, здатны для людзкіх целаў, аблагоджаны прыродай і морам. У яго быў іншы інтарэс, але сталася так, што кантракт на канцэрты падпісаць не ўдалося, трапіўся няўдалы антрапрынёр, і ён падумаў тады, што, можа, гэтак і лепш. Ён вольны, без абавязкаў і мітусьні пабудзе ля мора, колькі ляжа на душу, а там будзе відаць. Тым болей, што дома, далёка на поўначы, яго ніхто не чакаў, пад той час ён вызваліўся ад якіх бы там ні было абавязкаў — перад сям'ёй, антрапрынёрамі; можа ўпершыню ў жыцьці настаў ягоны доўгі ці кароткі тайм-аўт. Ён быў музыка, але і з музыкай апошнім часам штось не заладзілася, ніколі ў яго не здаралася такой абыякавасьці, нават агіды да інструмэнту, які цяпер, бы непатрэбны, сіратліва стаяў у чорным футарале ля белых дзьвярэй. Штосьці ў ім разладзілася, гняло, — невыразнае, нават загадкавае, да канца не адчутае. Галоўнае — гэты вібрасты гул, падобны на нізкую ноту, якую хтосьці ня мог узяць да канца, толькі спрабаваў і цягнуў, бы няўмека. Але чаму ў ёй столькі няўтульнай гнятлівай трывогі?