Выбрать главу

На гэтым ускраінным завулку не было ходнікаў, адно — пыльны крываваты прамежак сярод старых каменных сьцен і будынін. Чалавек ішоў пасярэдзіне, як тут хадзілі ўсе. На рагу з шырэйшаю вуліцай трапіўся кудлаты вулічны сабака, які моўчкі збочыў з чалавечага шляху і са спазьнелым зьдзіўленьнем зьнізу ўгору паўзіраўся ў сустрэчнага чалавека. На шырэйшай, але таксама мала прывабнай вуліцы чалавек пачаў спатыкаць мінакоў — высокая худая жанчына ў чорным несла на плячы кошык з агароднаю зелянінай — на рынак. Жанчына коратка зірнула на яго, незнаёмага тут чалавека з зарослым тварам і даўгімі валасамі, у дужа разношаным, з чужога пляча, цёмным швэдры. На ягоных стаптаных сандалях ляжаў даўно ня кратаны пласт пылу шматлікіх дарог. Але такія цяпер тут спатыкаліся на кожнай вуліцы і не прыцягвалі вялікай увагі. Ён зважліва ўступіў дарогу арбе, што цягнулі за сабой два змакрэлыя ад поту мулы. Мужчыну са скрыпучай двуколкай, накладзенай кукурузнымі пачаткамі, прапушчаць ня стаў і нейкі час ішоў поруч. Мужчына-нэгар туга ўпіраўся ў зямлю босымі нагамі і ўпарта сунуў перад сабой несамавіты агародны набытак. Усё — на рынак. У гэты ранішні час людзі сьпяшаліся прадаць, як даражэй, свой бядняцкі тавар, вырашчаны на бядняцкіх прысядзібных лапіках, адарваны ад сям'і, ад уласных дзяцей. Кожнаму найперш трэба былі грошы — на жыцьцё, на хлеб і падаткі. Бяздонная дыктатарская казна бясконца патрабавала грошай — для войска, вялізнае зграі паліцыі, безьлічы дыктатарскіх спэцслужбаў. У краіне, бы на дражджах, расьлі цэны на хлеб, а разам і памеры падаткаў ды розных плацяжоў, і канца іх росту не было відаць. Тыя, што беглі на рынак з пустымі сумкамі й кошыкамі, кожнага ранку жахаліся ад новых, большых за ўчарашнія цэнаў. Жаночыя твары скрозь несьлі на сабе скруху нязбыўнага клопату — як за меншыя грошы купіць болей, каб накарміць мужоў і дзяцей. То была невырашальная задача, не па зубах ніякаму матэматыку. Ды й ніякай, самай дасканалай кампутарызаванай навуцы. Бедны, няшчасны народ, што трапіў у такую сьмярдзючую яму, зь якой не відно было выйсьця.

Празь нейкі нядоўгі час чалавек ужо нетаропка крочыў сярод многіх іншых гарадзкіх мінакоў, што чым бліжэй да цэнтру, дык болей высыпалі на гарадзкія вуліцы. Гэтыя ішлі ня толькі ў кірунку рынку. Горад прачынаўся, усчынаўся звычайны працоўны клопат: адчыняліся раньнія крамы, падмяталіся ходнікі, на якія выстаўлялі тавар рамесьнікі, ювэліры, гаршчэчнікі; на вешаках разьвешваліся нейкія апранашкі. Крыху пазьней на вуліцах сталі трапляць са сваімі чорнымі кейсамі дзяржаўныя службоўцы, гэтыя з важным выглядам сьпяшаліся мацаваць дыктатуру. У абодвух накірунках па вуліцы каціліся аўтамабілі. Напружаньне асьцярогі, што не пакідала яго доўгія дні і ночы, неяк паволі пачало нават меншаць, ён зноў трапляў у звыклы зь дзяцінства асяродак, ад якога быў надоўга адарваны. Добра, што ніхто пакуль не пазнаваў яго, ды асабліва й не ўзіраўся ў ягоны нічым не прывабны твар. Трохі было дзіўнавата, але ў тым горадзе, дзе ён пражыў жыцьцё, знаёмыя, мусіць, вывеліся, разьбегліся, хто куды. Шмат іх уцякло за мяжу, іншыя апынуліся за дротам ці ў турмах. Астатнія сядзелі ціха, мабыць, перажывалі спазьнелае адчуваньне віны перад дыктатурай і найболей — перад Бульдозэрам. Над гарадамі і паселішчамі гэтай краіны ўдзень і ўначы лунала ўсеабдымная здань страху, якая паралізавала волю.

Чалавек ня быў надта наіўны ў палітыцы і сваімі ўчынкамі ня меў спадзяванкі ўзварушыць народ, падштурхнуць яго на барыкады. I ўсё ж… I ўсё ж нейкая карысьць будзе, думаў ён, выпраўляючыся ў апошні свой шлях. Калі ня зараз, дык потым. Калі аб тым не напішуць тутэйшыя газэты, дык пабягуць чуткі, напэўна, перадасьць замежнае радыё. Гэткія ж рэчы здараюцца ня кожны дзень. А ў межах ягонай краіны, дык ці не ўпершыню за сто гадоў. I ўжо напэўна ягоны ўчынак — першы за час гэтай Цынічнай дыктатуры.

Сьцяўшыся ў тугі камяк, чалавек таропка пракрочыў паўз шыкоўны шкляны пад'езд высачэзнага гмаху замежнага банку, дзе, як заўжды, тоўпілася група паліцыянтаў у навюткай шызай форме. Унізе ля прыступкаў іх чакалі стракатыя ад розных колераў аўтамабілі зь мігалкамі. А крыху далей, пад мэталёваю агароджай царквы, сядзеў нядоўгі радок жабракоў — тых, каму не хапіла месца на цьвінтары. Выпетраныя жыцьцём старэчыя твары, схуднелыя рукі, якія цягнуліся да мінакоў, вочы ўмольна лавілі чужыя позіркі. Лепей было туды не глядзець, даць ім у яго не было чаго. Ён толькі збочыў ад іх на асфальт і тады на каменным слупе агароджы ўбачыў шырокую абвестку з партрэтамі і паліцэйскім подпісам унізе. Бегла зірнуўшы туды, чалавек аж скалануўся, пазнаўшы ў адным з партрэтаў сябе. Праўда, там ён быў маладзейшы, паголены, з гальштукам. Несумненна, то былі злачынцы, якіх шукала паліцыя. Але чаму на царкве? Ці ўжо й вернікі рабіліся памагатымі дыктатуры, зьбянтэжана падумаў чалавек. Зрэшты, а чаму б і не? Царкоўныя герархі працавалі на яе заўзята, мусіць, варта было чакаць таго і ад вернікаў… Здаецца, там была пазначана, і сума ўзнагароды тым, хто іх выдасьць. Тады тым болей, каму ня хочацца зарабіць у жабрацкай краіне.