Нейкі час у яго ўсё пыталіся, чагось ад яго дамагаліся, але ён не разумеў і ня слухаў. Маўчаў ён, калі на падворку зьявілася паліцыя, і купка людзей расступілася, прапушчаючы да яго двух гарылаў у іх сьмецьцевай форме. Ён не зірнуў у іх твары — ён добра ўжо ведаў тыя нахабныя твары і ніколі не хацеў іх бачыць. Зрэшты, як і твары з натоўпу таксама. Цяпер яны для яго зьядналіся ў адзін агідна абагулены воблік, ад якога пагрозьліва патыхала сатанінскім злом. Ён нават недарэчна зьдзівіўся, як мог столькі трываць іх у сваім нядоўгім жыцьці? Мусіць, так думаць было несправядліва, усё ж належала аддзяліць адно ад другога. Але цяпер штось разьдзяліць ён ня мог. Штосьці ў ім скранулася са свайго звыклага месца і назад не трапляла…
Сьцяна
Рыгору Барадуліну
Сьцяна была каменная, закапцелая, дужа старая, як і ўвесь гэты будынак-турма, што дастаўся дыктатару краіны ад ранейшага дыктатара, а таму — ад яшчэ ранейшых. Дыктатары ў гэтай краіне не выводзіліся ніколі. Калісьці тут балявалі ці спраўлялі крывавыя трызны, плялі змовы і ўсялякія іншыя злачынствы — супраць улады, народа ці каго з тых, хто выйграў у бясконцай барацьбе за ўладу. Або прайграў таксама. А цяпер тут сядзеў ён і такія, як ён. Іншыя, мабыць, сядзелі даўно і доўга, ён жа тут апынуўся нядаўна. Ранейшыя ягоныя гады і месяцы мінулі ў іншым месцы, надта, аднак, падобным на гэта. Таму перамена месца зьняволеньня ня дужа яго ўзрушала — і там, і тут для яго быў нарыхтаваны каменны калодзеж, сыры і цёмны, — пяць крокаў удоўж і тры ўшыркі. Жалезныя дзьверы з засовам, сьмярдзючая параша ў куце — як і ўсюды. Адзіным, што тут прыцягвала ягоную ўвагу, была сьцяна. Тая, што насупраць ад дзьвярэй.
Колькі і дзе ні сядзеў, ён заўжды цікавіўся сьценамі, тым, як і з чаго яны зробленыя. I асабліва — што было па той бок, за сьцяной. Звычайна па той бок была зваблівая, недаступная для яго воля, пра якую ён не пакідаў марыць. А зробленыя сьцены былі як трэба, як гэта ўмелі рабіць калісьці: камень, вапна і цэгла — усё спрэс сьцьвярдзелае і нязрушнае, не драпанеш. Не прастукаеш нават. Яшчэ ў першы тут дзень ён спрабаваў пастукаць на звыклай для яго турэмнай азбуцы, але ніякага адказу не пачуў. А можа за сьцяной не было нікога. Значыць, там магла канчацца гэтая мур-турма і пачынацца воля. Зелянець на сонцы які куст цёрну, трава, буяць пры сьцяне старыя дрэвы замкавага парку…