Выбрать главу

— Вунь гарматы, — нечакана тонкім голасам сказаў я, кіўнуўшы на свой гарматны разьлік, што туліўся праз сотню крокаў ля рэчкі. I тады зьніякавеў яшчэ болей: мае салдаты, выцягнуўшы шыі, як адзін, зь цікавасьцю ўзіраліся ў свайго небараку-ўзводнага, які нечакана трапіў у пераплёт.

— Чый ровар? Крадзены?

— Ніяк не. Трафэйны.

— Які трафэйны? Ты што, яго ў баі ўзяў? — разьюшыўся камбрыг. Яго з гатоўнасьцю падтрымаў падпалкоўнік:

— Тыповы прыклад грабяжу транспартных сродкаў. Ёсьць жа пастанова ваеннага савету, якую належыць строга выконваць.

— Мне грабежнікі непатрэбныя! — адрэзаў камбрыг. — Зараз жа вярнуць ровар. Туды, дзе ўзялі!

— Ёсьць! — паныла вымавіў я, аднак, з палёгкай ад таго, што размова, здаецца, сканчалася. Кульгаючы, з роварам у руках я пабрыў уздоўж дашчатай агароджы лесапільні да агнявой пазыцыі майго ўзвода.

Дзе ўзялі гэты ровар, я ведаў. Учора наш батарэйны санінструктар Пятрушын, калі салдаты акопвалі гарматы, пабегаў па навакольлі, як гэта ён заўсёды рабіў на новым месцы, і з бліжняга катэджа за рэчкай прывалок гэты ровар. Сам паезьдзіў нядоўга, мабыць, вучыўся, некалькі разоў упаў і страціў да ровара цікавасьць. Учора на ім нядоўга пакаталіся хлопцы з гарматнага разьліку, а раніцай узяў я.

З роварам у руках я датэпаў да недалёкай агнявой пазыцыі. На станіне 76-мілімэтровай гарматы сядзеў наводчык Сьцяпанаў, дыміў вялізнаю цыгаркаю з махоркі. Іншыя два сядзелі на броўцы побач. Камандзір гармат сяржант Мядзьведзеў спаў пад палаткай за бруствэрам. Правільны Кананок, самотна пазіраючы ў тыл, жаваў кавалак хлеба. Яны чакалі сьняданак, які прыносілі з батарэйнай кухні. Яшчэ на сьвітаньні туды пайшлі два з кацялкамі, ды штось не вярталіся: мусіць, якая няўпраўка ў старшыны. Было ціха, наперадзе ў гарадку пакуль не стралялі, мабыць, немцы таксама сьнедалі. Батарэя ўжо каторы дзень стаяла ззаду за пяхотай, агню не вяла, чакала прарыву нямецкіх танкаў. Але, мабыць, цяпер, напрыканцы вайны, немцам было не да прарыву — хоць бы як стрымаць нашыя прарывы. Начальства, вядома, разумела тое, але ўсё роўна рабіла, як патрабавала вайсковая навука — вядома, дзеля перасьцярогі, каб чаго ня выйшла. Але ўжо пэўна нічога ня выйдзе — немцы ўжо ня тыя, што ў ранейшыя гады, і нават у ранейшыя месяцы. Як чатыры месяцы таму пад Балатонам, калі яны задалі нам клопату. Прарвалі фронт і гналі аж да Дунаю. Тады наш полк страціў усе гарматы і мноства людзей. Рэшта даваёўвае ў пяхоце.

— Кананок, — паклікаў я маладога салдата. — Адвядзі ровар. Вунь у той дом.

Кананок, як заўжды, сьпярша ніякавата заўсьміхаўся, зірнуў на ладны катэдж пад гарой, за бурліваю горнай рачулкай.

— Нішто сабе дамок! Палац.

Ну, не палац, канечне, але катэдж сапраўды быў спраўны, — каменны, двухпавярховы, з абведзенымі белаю фарбай высокімі вокнамі. Каля ўваходу расьлі дзьве старыя елкі, а па гранітнай сьцяне распаўзлася густая крапанка плюшчу, які спазьнела зелянеў першай дробнай лістотай. Уздоўж рачнога берагу відаць была невысокая драцяная агароджа. Ззаду між дамоўкай і стромкай скалой высіліся старыя дрэвы, з куп'я якіх выглядваў чырвоны дах, завершаны невялічкаю, пад зялёным каўпаком, вежаю. Мусіць, гаспадарыў там ня бедны аўстрыец.

Я прысеў на снарадную скрынку між станін, а Кананок цераз вузкі драўляны масток над рачулкай пакаціў ровар. За рэчкай ён прыпыніўся каля, мусіць, зачыненай брамкі, нешта гукнуў. I тады зь дзьвярэй паказалася постаць нейкае дробненькай жанчынкі ў вузкіх штоніках, яна рухава наблізілася да брамкі і ўзялася адмыкаць дзьверцы. Кананок, відаць было, загаманіў штось, і яна, падобна, адказала. Хвіліну яны там быццам перагаворваліся, але адсюль не было чутна, пра што. Хаця пра што мог гаварыць Кананок, які наўрад ці ведаў хоць бы дзясятак словаў па-нямецку.

— Ты глядзі! — зайздросна вымавіў ззаду Сьцяпанаў. — Наш Кананок ужо немачку палюе. Ужо дамаўляецца…

— Ня немачку — мабыць, аўстрыйку. Але праўда, спрытная дзяўчына, — высунуўся з раўка чарнавусы тэлефаніст Муха.

Мабыць, і праўда. Нават здаля дзяўчына выглядала зграбнай — асабліва сваёй хлапчуковай постацяй, рухавай і невялічкай, і ўжо тым захапіла салдацкую ўвагу артылерыстаў. Яна пераняла ў Кананка ровар, лёгенька крутнуўшы галавой, адкінула назад пасму коратка пастрыжаных валасоў і павярнулася да дзьвярэй у катэдж. Кананок, аднак, усё гукаў да яе нешта, і яна, прыпыняючыся, адказвала, пакуль ня зьнікла за елкамі. Салдат трохі пастаяў яшчэ, а пасьля, усё азіраючыся, пайшоў цераз масток да агнявой пазыцыі.

Я зірнуў назад, на дарогу, — «віліс» усё стаяў пад сьцяной разьбітага дому. Афіцэры схіліліся над ягоным капотам, над разасланай картай; мабыць, яны ўжо страцілі да мяне ўвагу. Ды ня ўсе. Адзін з-за сьпінаў іншых усё ж разы два зірнуў у наш бок — ці ня той лагодны маёр, падумалася мне. Але ў той час у раўку зазумерыў тэлефон, і тэлефаніст Муха паклікаў: