Аднойчы на зыходзе глухой начы, якую ён перабыў амаль бяз сну, усё калупаючы ў сваім змрочным кутку, адчуў, што той вугалок-аскялёпак нібыта кратаецца пад ягонымі пальцамі. Ня надта каб дужа, але ягоныя чуйныя пальцы ўсё ж запрыкмецілі невялікі рух — уніз і ўгару. Тое надало яму незвычайнага імпэту. Ён напяўся, ірвануў, але тут жа і астудзіў сябе: сёньня ня трэба. Сёньня хай будзе ўсё, як было. Мабыць, выдзерці той аскялёпак трэба на пачатку ночы, а не ў канцы. Усё ж напачатку куды болей часу і болей магчымасьці. Зноў жа ўранку звычайна прыходзяць наглядчыкі.
Перад прыходам наглядчыкаў ён турбаваўся, каб тыя чаго не заўважылі на ягоным твары — якога ажыўленьня, сьледу надзеі. Хоць у камэры было змрочна, але ён ведаў: штосьці магло адбіцца ў выразе яго аброслага шчэцьцю твару, у які яны кожнага разу пранікліва ўзіраліся. Зь цікавасьці ці з абавязку свае турэмнае службы. I ён намагаўся зрабіць той выраз як мага спакайнейшым, засяроджаным на чымсьці ўнутраным, сонным, замкнёным ад зьнешняга позірку. Невядома, як тое яму ўдалося, але, здаецца, наглядчыкі пакуль што нічога не заўважалі. Тое ўжо было немалой удачай. Але ўдач цяпер яму трэба было шмат, ён прагнуў удач. I найперш у тым сырым куце.
I праўда, лёс да яго, мусіць, паставіўся міласэрна. Неўзабаве ён выдраў каменны аскялёпак — вузкі, з вострымі бакамі, за якім, аднак, нічога яму не адкрылася. Далей скрозь быў цьвярды, шурпаты, сьцюдзёны камень. Але тым аскялёпкам усё ж можна было дзейнічаць, нібы інструмэнтам, тачыць ім паміж камянёў. I ён пачаў тачыць, адломваць, шараваць камень аб камень. Біць ён ня мог, трэба было як мага пазьбягаць кожнага гуку, каб нічога ня ўчулі ні за дзьвярыма, ні там, за сьцяной. Ён па-ранейшаму ня ведаў, што яго там чакае — воля ці, можа, новая турма. Але надзея ўпарта малявала яму пэўныя пэрспэктывы волі: горад, спатканьне зь сябрамі і зь ёй… Яму б толькі адолець гэты каменны мур.
I ён калупаў — ціхенька, з асьцярогай, увесь час чуйна прыслухоўваючыся да шолахоў-гукаў за дзьвярыма. Раз-пораз падхопліваўся ды кідаўся на свае транты ў другім кутку. Але ўначы тое здаралася рэдка, уначы да яго празь дзьверы амаль не зазіралі, болей глядзелі зьвечара. Пад раніцу наглядчыкі таксама, мусіць, стамляліся, хадзілі радзей і павальней. Аднойчы ён сьцяміў, што варта пасунуць пасьцелю бліжэй у кут, каб рабіць сваю справу лежачы, так было б больш непрыкметна. Але як было тое зрабіць? Усё ж, калі пасунуцца з пасьцеляй на мэтр, яны адразу заўважаць. А калі памалу, па колькі дзюймаў за дзень? I ён пасунуўся. Сьпярша на тры дзюймы, пасьля на пяць. I яшчэ. Кожны раз, калі прыходзілі наглядчыкі, ён няўзнак і пільна назіраў за іхнымі позіркамі — ці не заўважылі яны? Не, пакуль быццам нічога. Ці, можа, гэтак умелі схаваць свае падазрэньні? Але тое было б жахліва, каб заўважылі і чакалі, маючы намер злавіць у самы апошні момант. Схапіць ззаду за ногі, калі ён ірванецца на волю.
У канцы лета ён ужо прасунуўся з трантамі ў кут амаль ушчыльную. Пра тое, што скончылася лета, ён меркаваў па вопратцы наглядчыкаў, якія апрануліся ў цяплейшае. Часам некаторыя прыходзілі, мусіць, знадворку, ад іх веяла восеньскай сьвежасьцю, з кроплямі дажджу на плячах уніформы. У камэры ж заўжды стаяла аднолькавая тэмпэратура — халаднаватая для лета і цеплаватая для зімы. Ніякага ацяпленьня тут не было.
Яшчэ празь нейкі час ён пратачыў між камянёў вузкую шчыліну, у якую пралазілі чатыры пальцы ягонай рукі. Там сапраўды аказаўся лёх ці, можа, мышыная нара — вузкая і, здаецца, глыбокая. Ён ссыпаў туды ўсе наточаныя за ноч крошкі ад сьцяны, і яны зьніклі там, не пакінуўшы сьледу. Дзірку пад ранак, перад пабудкай, акуратна закладваў каменным аскялёпкам — той добра клаўся на сваё ранейшае месца, і нават зблізку нічога падазронага нельга было заўважыць.
Яшчэ дужа баючыся паверыць у сваю ўдачу, ён усё ж страціў частку свае насьцярогі і ледзьве не загубіў усю справу. Сталася тое празь ягоныя рукі. Неяк прынесшы ежу — міску чачавічнага сёрбава, наглядчык, немалады, з хваравітым тварам мужчына, спыніў позірк на ягоных руках. Ён таксама заўважыў тое, але рук схаваць не пасьпеў — у абедзьвюх была ягоная міска. «Што, будаўнік?» — папытаўся наглядчык і кіўнуў на ягоныя рукі. Будаўнік, — як мага спакайней адказаў ён, хоць у ягонай душы ўсё напялася ад раптоўнага страху: няўжо здагадаўся? Але не, здаецца, не здагадаўся, бо сказаў быццам са спачуваньнем нават: і я рабіў мулярам. Пасьля ўжо, застаўшыся на адзіноце, ён уважліва дасьледаваў свае агрубелыя, у цьвярдых мазалях рукі. Ніколі яны ў яго не былі такія, фізычнай працай на волі ён амаль не займаўся. Будаўніком стаў тут, у гэтай камэры. Толькі не будаваў — бурыў старадаўні каменны мур; мабыць, тое было цяжэй, чым будаваць. Але дзеля волі на што ня пойдеш? Тое можна зразумець, толькі назаўжды страціўшы яе, волю.