— Камбат, таварыш лейтэнант!
Я скочыў у равок, узяў трубку. Камбат пытаўся, колькі ў мяне снарадаў — асобна бранябойных, асобна асколачных. Я сказаў, што трэба падлічыць, тады далажу. Нібы між іншым камбат папярэдзіў:
— Там недзе першы ля вас. I асабіст.
— Ужо бачу. Стаяць на дарозе.
— Як паедуць, зьвякні — куды?
Я паклаў слухаўку і вылез з раўка. Машыны былі на ранейшым месцы, але афіцэры там, відаць было, заварушыліся, перасталі разглядваць карту. I той лагодны маёр у фуражцы ўжо не пазіраў сюды. Значыць, гэта й ёсьць наш брыгадны асабіст, упаўнаважаны страхавітага «сьмерша» (сьмерць шпіёнам). Дагэтуль я нідзе ня бачыў яго, ці, можа, ён у брыгадзе нядаўна? Нашага палкавога «сьмершаўца» усе добра ведалі, той заўжды тоўкся на батарэях, асабліва на маршах ці на фармоўках, любіў пасядзець з афіцэрамі ў вольны час ды з чаркай. I яшчэ быў вялікі аматар сьпеваў — хоць «Распрагайце, хлопцы, коней», хоць «На позицию девушка провожала бойца». Казалі, у полк прыехаў з Далёкага Ўсходу і ўжо праз пару месяцаў на фронце атрымаў два ордэны, як і наш камбат, які топае па перадавой ад самага Харкава і два разы паранены. Ну, але здаўна вядома, што Бог няроўна дзеліць ня толькі ў мірным жыцьці, але й на вайне.
Машыны з афіцэрамі нарэшце паехалі па дарозе ў тыл, трэба было папярэдзіць камбата. Палкавыя батарэі ў гэтай цеснай горнай даліне разьмяшчаліся па адной у некалькі эшалёнаў — першая батарэя была наперадзе, па той бок гарадка, адразу за пяхотай; па гэты бок наша, за ёй астатнія. Усе сядзелі пры адной дарозе. Вядома, камбаты цікавалі за няўрочным рухам камбрыга і паведамлялі аб ім адзін аднаму, каб ня быць захопленымі зьнянацку. Начальства, як і праціўніка, належала асьцерагацца на вайне. Я ўлез у цесны равок і патэлефанаваў камбату, а як вылез, Кананок ужо быў на агнявой. Ягоны ўсьмешлівы твар зьзяў стрыманым захапленьнем, і тое адразу прыкмецілі нашыя зубаскалы-хлопцы.
— Ну, дамовіўся? Калі пабяжыш?
— А можа, ён сюды яе прывядзе? У госьці…
Кананок, аднак, без увагі да іх адразу зьвярнуўся да мяне:
— Там зямлячка ваша, таварыш лейтэнант.
— Якая зямлячка?
— Ды зь Беларусі, кажа.
— Як зь Беларусі? Савецкай? — ня мог зразумець я.
У сярэдзіне Аўстрыі, напрыканцы вайны, у гэткім шыкоўным катэджы — зямлячка? Штосьці тут незразумелае…
— Ну, — толькі й адказаў нешматслоўны Кананок. Мабыць, болей ён ня ведаў нічога.
Тая навіна ня толькі кранула — яна амаль узрушыла мяне. Землякі наогул мяне абходзілі, за ўсю вайну я стрэў іх, можа, чалавекі тры. Мабыць, таму, што гэты Ўкраінскі фронт быў наводдаль ад Беларусі, салдаты ды й афіцэры ў нас болей паходзілі з Украіны, Паўночнага Каўказу, дзе фармавалася брыгада, ну і, вядома, з Расеі. Беларусаў жа ў палку, здаецца, не было ніводнага. Аднойчы дачуўся, быццам начальнік ГЗМ — беларус і пры выпадку запытаўся ў самога, адкуль ён. Але не, не зь Беларусі, хоць вымаўленьне яго было дужа падобнае да беларускага. Казаў, смаленец. Я быў расчараваны. Так хацелася сустрэць родную душу, хоць бы адкуль-небудзь з блізкага ці далёкага раёну, успомніць, пагаманіць пра даваеннае. А можа, і дазнацца што пра сучаснае з родных мясьцінаў, ад якіх я быў адарваны з пачатку вайны.
Вайна вайной, але, мабыць, належала зашыць разадранае рукаво. З тае прычыны, што тут гойсала начальства, распранацца ня стаў, папрасіў Кананка зашыць гімнасьцёрку на мне, і той выняў зь зімовай шапкі ржавую іголку зь нясьвежаю ніткаю. Толькі ён прыладзіўся зашываць, як ззаду завухалі нашыя гаўбіцы; цераз галовы, праразаючы тугое паветра, са шморгатам паляцелі цяжкія снарады. Спакваля зь іншага боку глуха загаўкалі нямецкія мінамёты — гэтыя, як і ўчора, пачалі біць па гарадку. Між дахаў і дрэваў пыхнулі ўгору дымныя выбухі — два зь іх зусім побач, за лесапільняй.
— А ну ўсе ў равок!
Цесьненька, адзін ля аднаго, мы стуліліся ў вузкім раўку; на агнявой ля панарамы гарматы, як заўжды, застаўся адзін наводчык Сьцяпанаў. Выбухі таўклі навакольле, разьбівалі ўшчэнт дахі дамовак. Невядома было, колькі працягнецца той абстрэл, калі толькі гэта звычайны абстрэл безь якога руху пяхоты. Калі зь пяхотай, будзе горш справа, можа, і нам прыйдзецца ўключыцца ў бойку.
— Абармоты! — бурчэў тэлефаніст Муха. — Не дадуць і пасьнедаць.
Так, сьняданак, між тым, затрымліваўся, як бы не давялося есьці яго разам з абедам. Як пазаўчора. Тут, у Аўстрыі, зусім ня тое, што нядаўна было ў Вэнгрыі, калі мы пра кухню ня дбалі, харчаваліся з цывільнага харчу — ня трэба была ні пярловая каша, ні вэрмішэлевы суп. У кожнай хаце лёгка было здабыць кавалак вяндліны, колца прыперчанай каўбасы, бохан белага хлеба. Ды яшчэ бутлю, а то й болей віна — чырвонага ці белага. Але Вэнгрыя каштавала нам немалой крыві і засталася ззаду, а ў Аўстрыі з харчам было тугавата. Аўстрыякі самі сядзелі на картках. Увогуле, галадалі. I мы мусілі есьці тое, што варыў старшына. А той, вядома, ня дужа даваў сабе клопату — частаваў тым, што прывозілі з тылу.