Выбрать главу

Абстрэл доўжыўся з гадзіну, стралялі нашыя артылерысты і немцы. Разы два выбухнула на дарозе, ля тога паўразьбітага дому, дзе раніцай стаялі машыны, — паленым смуродам пацягнула ў наш бок, да рэчкі. I мне раптам стала клопатна: хоць бы не патрапілі ў той слаўны катэдж. За адну сэкунду маглі спляжыць усё гэтае ўтульнае хараство, над якім шчыравала, можа, не адно пакаленьне ягоных уласьнікаў. Тым часам па той бок гарадка на перадавой было быццам ціха. I то добра, значыць, атакі не было ні з чыйго боку. Можна было трохі расслабіцца, адыйсьці ад напругі, і я вылез з раўка. Ля наводчыка Сьцяпанава ўжо сядзеў камандзір гарматы Мядзьведзеў, — ня ў лад са сваім прозьвішчам худы, даўгалыгі сяржант з вузкім, стараватым тварам. Абстрэл прыпыніў яго ранішні сон пад плашч-палаткай ля бруствэру, і цяпер сяржант нэрваваўся.

— Якога д'ябла! — зазлаваў ён, калі выбухнула зусім блізка, здаецца, за агароджай лесапільні. — Запаляць, будзе сьмярдзець да вечара.

— I без таго смуроду хапае, — сказаў наводчык.

— Такі гарадок пляжаць. Безь якой патрэбы. Усё роўна хутка канец, нікуды ня дзенуцца.

— А можа, таму й пляжаць, што напасьледак, — сказаў Сьцяпанаў, — каб нікому не дасталося.

Што напасьледак, гэта пэўна, падумаў я, бо дужа няшмат засталося. Толькі мы штось замарудзілі, уперліся ў нейкую перашкоду. З захаду па Аўстрыі ўжо наступалі амэрыканцы. Часам батарэйны радыст лавіў іх ня так і далёкія перамовы на ангельскай мове, якая перамешвалася ў эфіры зь нямецкай, чаго раней не чутно было ніколі. Значыць, яны тут недалёка і, можа, днямі ўдараць насустрач нам з захаду. Калі да таго часу гэты гарадок не ператвораць у руіны. Чамусьці раней пра тое ня думалася. Будынкі, гарады і сёлы на вайне наогул ня браліся пад увагу і аднолькава руйнаваліся і намі, і немцамі. Але цяпер во паявілася новае пачуцьцё, новыя адносіны як да чалавечых жыцьцяў, так і да чалавечай маёмасьці. Ды яшчэ такой, як у гэтай пакутніцы Аўстрыі, таксама па-сутнасьці нямецкай ахвяры.

Як трохі пацішэла ўгары, прыйшлі нашыя салдаты з кухні. Атрошчанка і Скібаў прынесьлі па два кацялкі, боханы хлеба ў рэчмяшках — харч для ўзвода на ўвесь дзень. За імі чамусьці валюхаста валокся праныра санінструктар Пятрушын, і я зласьліва падумаў: а гэты навошта? Мне ён не падабаўся ніколі, гэты трыццацігадовы сяржант, які ў прамежках паміж абстрэламі бадзяўся па батарэйных тылах. Калі ж узьнікала якая патрэба, дык санінструктара было не знайсьці. Зноў жа празь ягоны ровар я сёньня перажыў сутычку з камбрыгам. Мабыць, адчуваючы тое, Пятрушын адразу пачаў трошкі нават лісьліва, нібы паддобрываючыся:

— Ну, як? Дастаецца вам тут? На самым, лічы, перадку. Ня тое, што ў трэцяй — сядзяць, як у бога за пазухай. Камбат на акардэоне грае. Параненых няма? — запытаўся ён.

Салдаты павылазілі з раўка, пачалі рэзаць хлеб на палатцы, усаджваліся над кацялкамі з астылай пярлоўкай. Пятрушын, падобна было, пасьнедаў ужо і не выказваў цікавасьці да ежы. Ён дастаў з кішэні «бархотку» і, паставіўшы бот на станіну, узяўся яго начышчаць. Пасьля старанна начышчаў другі. З усіх сяржантаў у палку адзін ён фарсіў у зграбных хромавых ботах, аб якіх не пераставаў дбаць нават у часе абстрэлаў.

Начысьціўшы боты і палюбаваўшыся на іх амаль люстраны бляск, санінструктар раптам успомніў:

— А дзе мой трафэй?

— Які трафэй? — знарок не зразумеў я.

— Ровар.

— Ровар камбрыг адабраў, — схлусіў я.

— Ды ну? Так і адабраў?

— Менавіта адабраў. Вунь хай Кананок скажа.

Пятрушын павярнуўся да Кананка, які з маладым Атрошчанкам распачаў сьнедаць на бруствэры. На мае словы той сьпярша заўсьміхаўся.

— Ну, адабраў…

— Так я і паверыў, — засумняваўся санінструктар. — Схавалі недзе.

Ён пачаў азірацца каля агнявой, шукаць ровар: зазірнуў у апусьцелы равок, за штабэль снарадных скрынак пад брызэнтавай накрыўкай.

— Не шукай, ня знойдзеш, — раптам сказаў Мядзьведзеў. — Камбрыг загадаў аддаць.

— Каму аддаць?