Выбрать главу

— У каго ўзялі.

Ну, навошта было гаварыць тое, зласьліва падумаў я, хай бы шукаў, дзе хоча. Але Пятрушын адразу зразумеў, што Мядзьведзеў не падманвае і, ні слова ня мовіўшы, пераскочыў бруствэр.

— Ты куды? Назад!

Той толькі буркнуў штось на хаду і хуткім крокам скіраваў да катэджа. Гэта ўжо мне не спадабалася, але што было зь ім рабіць? Па службе ён мне не падпарадкоўваўся, а зьвяртацца цяпер да камбата ня мела сэнсу. Камбат з гэтым сяржантам чуўся ў надта прыязных адносінах: той нядаўна яшчэ цягаў яму бутлі зь віном, выручаў, калі ён, перабраўшы, ляжаў у кабіне «студэбэкера», казаў па тэлефоне: камбат хворы, дыягназ — малярыя. Той і праўда хварэў на малярыю, як зрэшты, шмат хто на батарэі. Але хварэлі ўлетку і ўвосень, зімой малярыя ня брала.

Абстрэл ужо сьціхаў, здаецца, з абодвух бакоў; закацілася за вяршыні гор далёкае рэха, надоўга ці не — невядома. Санінструктар перайшоў масток, рашуча пераскочыў цераз невысокую брамку і скіраваў да дзьвярэй катэджа. Штосьці пагрозьлівае здалося мне ў той яго самаўпэўненай, амаль злой рашучасьці, быццам і я ўжо меў пэўнае дачыненьне да таго катэджа. Я выскачыў з агнявой і, накульгваючы на пабітую нагу, перайшоў масток, пералез цераз агароджу. З дамоўкі ніхто не паказваўся, а Пятрушын раз-пораз дубасіў кулаком у цяжкія дзьверы.

— Адчыніце!

Я падбег ззаду і рвануў яго за плячо.

— Прэч адсюль!

Санінструктар павярнуўся, працяў мяне злым позіркам, але паслухаўся і пайшоў да брамкі. Здаля толькі брыдка нягучна вылаяўся. Я павярнуўся быў, каб падацца сьледам, як ззаду забразгалі дзьверы.

— Дзякуй вам. Ён другі раз ужо…

На парозе ў паўрасчыненых дзьвярах стаяла яна — мая зямлячка. Толькі зірнуўшы ў яе кірпаценькі, зь некалькімі рабацінкамі ля пераносься тварык, я адразу пазнаў наш паўзабыты дзявочы выраз — ветліва стрыманы, мо трошкі з боязьзю перад незнаёмым чалавекам. З выгляду яна была зусім яшчэ дзяўчо, падобная на хлопчыка-падлетка, — у цёмнай кофтачцы зь белым каўнерыкам і вузкіх штоніках замест спаднічкі. Сьпераду быў прышпілены куртаценькі белы фартушок — як у пакаёўкі, ці што. Уражаны гэтай сустрэчай, я на момант забыўся пра санінструктара і нават ня бачыў, як той пералез цераз брамку.

— Вы зь Беларусі? — зьдзіўлена папытаўся я.

— Ну, — ціхенька адказала яна і бы насьцярожылася затым.

— I я ж таксама.

— Ведаю. Мне ваш салдат сказаў.

— Але… Вы тут даўно?

Падобна было, яна ўздыхнула ці толькі памкнулася да таго, стрымаўшы ўздых. Затым павярнулася ў дзьвярах, не запрашаючы мяне заходзіць, але й сама не выходзячы на нізенькі каменны ганак. Уся такая спрытненькая, тоненькая, бы цьвічок, з адзнакай чагось устрывожанага на прывабным тварыку.

— Як вам сказаць… Хутка ня скажаш, — вымавіла яна й зрабіла нясьмелую спробу трошкі ўсьміхнуцца. Бы на разьвітаньне. Але разьвітвацца зь ёю мне ўжо не хацелася.

— Нікога не пушчайце, — сказаў я, адчуўшы цьмяную прыязнасьць да яе. — Калі будуць стукаць, не адчыняйце. Мы вас абаронім.

— Тут ужо стукаліся.

— Хто стукаўся?

— Вашыя ваенныя, — сказала яна і памаўчала. — То можа, зойдзеце? — нечакана папыталася ці прапанавала яна і трошкі збочыла ў дзьвярах, пераступіўшы на сьлізкім граніце маленькімі, у мяккіх пантофліках ножкамі. Я міжволі зірнуў на свае белыя ад пылу кірзачы і ступіў на нізкі парожак.

Тут быў ня дужа вялікі, з высокаю столяй вэстыбюль, бы шахматная дошка, вымашчаны чорна-белаю кафлянаю пліткай, з высокаю чорнай шафай збоку і двума стрэльчатымі вокнамі насупраць. Пасярэдзіне стаяў лёгенькі прыгожы столік на выгнутых ножках, пакрыты квяцістым абрусам. Некалькі гэткіх жа гнутых зэдлікаў мясьцілася побач, а ля сьцяны стаялі два цяжкія скураныя крэслы. Скрозь было чыста, дагледжана і цемнавата: вокны знадворку напалову затулялі галіны старых зазелянелых дрэваў.

— А вы тут — адна? — папытаўся я, трохі зьдзіўлены яўнай заможнасьцю яе жытла.

— Не, чаму ж… Гаспадары ёсьць, — сказала яна, стоячы насупраць. Яна ня зводзіла зь мяне сваіх зыркіх вачэй, бы чагосьці чакала. Чакала пытаньня.

— Немцы, канечне?

— Не-а. Аўстрыйцы.

— Во як! Але ж… Як вы тут апынуліся?

Яна не пасьпела адказаць, як паблізу знадворку раскоціста грымнула, аж, чуваць было, штосьці з дробным стукам пакацілася з даху. Дзяўчына міжволі скаланулася, у позірку яе мільгануў спалох, і я выскачыў у дзьверы. За маёй агнявой якраз над лесапільняй вецер разганяў у небе руды клубок дыму — то немцы пальнулі шрапнэляй. У такіх выпадках лепей было схавацца ў доме ці дзе пад дахам. Але я змушаны быў бегчы на агнявую.