Выбрать главу

Як гэта я здаўна рабіў на вайне, дзе б ні быў і чым бы ні займаўся, скрозь справы і размовы звыкла ўслухоўваўся ў навакольле, лавіў гукі, якія маглі данесьці знакі трывогі, нейкія зьмены у абставінах. Найперш кепскія зьмены. Мусіць, тая мая насьцярожанасьць перадалася Франі, позірк якой таксама час ад часу пыхкаў трывогай.

— Яшчэ страляць будуць?

— Будуць, вядома. Пакуль усё тое ня скончыцца.

— А як скончыцца?

— Тады будзе мір. I шчасьце. I жыцьцё, — сказаў я не безь некаторага пафасу. Канечне, цяжкі клопат сядзеў і ўва мне, цяпер я стараўся заганяць яго ўглыб, каб ён не замінаў маёй лагодзе да Франі. Здаецца, я ўжо пачынаў адчуваць нейкую радасную магчымасьць, што абяцала нязьведанае. Але ўсё тое было дужа няпэўнае і невыразнае, якое магло зараз жа зьнікнуць.

Франя ціхенька ўздыхнула.

— У мяне якраз сястрычка такая, як ты. Сямнаццаць гадоў, калі жывая яшчэ, — сказаў я.

— Мне крышку больш, — ціха зазначыла Франя. — А дзе зараз сястрычка?

— Можа, у Нямеччыну пагналі.

— У Нямеччыне кепска. Апроч усяго — бамбёжкі жахлівыя. Мае ж гаспадары таму й прыехалі сюды. Як дом разбамбілі.

— А тут лепей?

— Дагэтуль лепей было. Пакуль вайна не дакацілася. Дзіўна, раней я думала: можа, у Нямеччыне цішэй будзе, а то ж у нас ужо немагчыма стала: усе ўсіх б'юць, забіваюць. Партызаны б'юць немцаў, немцы б'юць усіх без разбору. Жыць нельга стала. Як мой дзядзька Лукаш казаў: хоць жывы ў труну лажыся.

— Усё Гітлер пракляты.

— Гітлер, канечне. Але й другія ня лепшыя, — ціха сказала Франя і змоўкла.

Ну, вядома, ня лепшыя, усе гэтыя гаўляйтары і генэралы, Герынгі і Гебэльсы. Пагубілі столькі людзей, разбурылі Эўропу. Але цяпер хутка ўжо ім канец, нарэшце Эўропа вызваліцца ад гэтага крывапіўца, ці ж гэта ня радасьць? Так, прыкладна, я запярэчыў на Франін пэсымізм, і яна, памаўчаўшы, сьціпла зазначыла:

— Радасьць. Аднак не безаглядная, — сказала яна і неяк прабачліва ўсьміхнулася, бурачы невялічкую нязгоду між намі. Дзіва, аднак, што можа міжвольная жаночая ўсьмешка, ды яшчэ дзяўчыны, якая табе падабаецца. Але на зьмену прыемнай лагодзе ў мяне мільганула дзікаватая думка.

— А ў тваіх гаспадароў сын ёсьць?

— Быў, — проста сказала яна.

— I?..

— I сплыў, — напаўжартам скончыла Франя, здаецца, адразу адчуўшы маю падазронасьць. — Летась загінуў у Прусіі.

Тое яна гаварыла лёгка, бяз клопату, але мне пачулася некаторая фальшывінка тае яе лёгкасьці, і я маўчаў.

— Прыслалі паведамленьне, ягоныя дакумэнты, лісты. I нумар магілы. А што вас тое зацікавіла?

— Ды так.

— Старыя дужа перажывалі. Фраў Сабіну было аж паралізавала — інсульт. Ледзьве адыйшла. Цяпер ходзіць з кіёчкам. Радню, якая была, разбамбілі ў Гамбургу. Нікога не засталося. Пляменьніца памерла во ў гэтым горадзе, дык ад яе катэдж дастаўся. Думалі дасядзець тут да канца вайны. Аж вайна і сюды дакацілася.

Яна сканчала зашываць маё добра-такі расшкуматанае рукаво, на якое не хапіла адной ніткі, і Франя ўзялася сучыць другую. Усё тое рабіла з дакладным спрытам, і я зь любасьцю назіраў за даўно ня бачаным жаночым клопатам. Яе нядаўняе страхавітае напружаньне таксама, здаецца, мінулася. Ці можа, мне толькі здавалася тое.

— Вайна скончылася, але… Замест немцаў тут жа заваладараць рускія. Старыя дужа перажываюць…

— Во як! Гэта чаму ж?

Схіліўшы галоўку над шытвом, Франя коратка цепнула плечуком, нібы кажучы тым: хто іх ведае? Я таксама ня ведаў. Усё сказанае ёю было для мяне нязвыклае і нечаканае, унутрана я не пагаджаўся, але і ня ведаў, як запярэчыць. Мусіць, тое адчувала і Франя і, каб зьняць мой невыразны клопат, сказала:

— Ай, ня будзем пра тое.

Хай ня будзем, я не пярэчыў. Тое цяпер мяне меней за ўсё цікавіла, мяне вабіла гэта дзяўчо, і я міжволі імкнуўся толькі да гарэзьлівай вольнасьці нашых адносінаў. Хацелася жартаваць, але ўсё не выпадала здатнага для таго моманту ці настрою. Усё ж над намі вісела вайна.

Не пасьпела, аднак, Франя дашыць маё рукаво, як прачынілася палавінка дзьвярэй, і ў вэстыбюль зазірнуў белабрысы твар Кананка.

— Таварыш лейтэнант…

Па ягоным устрывожаным голасе я зразумеў, што там нешта здарылася, і ў адной сподняй сарочцы выскачыў на падворак. На агнявой быццам усё было як заўжды, але насупраць на дарозе стаяў незнаёмы, бяз тэнту «додж», і ад яго наўпрасткі цераз пустку кіравала сюды група вайскоўцаў. Наперадзе крочыў рослы, плячысты чалавек быццам бяз зброі (ці, можа, зь пісталетам на баку), за ім яшчэ трое — два, відаць было, з кароценькімі аўтаматамі ППС. Яны ўразброд, неяк з маўкліваю пільнасьцю набліжаліся да мастка. Я насьцярожана падаўся да брамкі насустрач.