Выбрать главу

Дык, можа, хоць напрыканцы XX стагодзьдзя перастанем быць дурнямі. Убачым пра сябе праўду. Нават і непрывабную. Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, зь яе робяць урокі. З хлусьні ніякіх урокаў ня зробіш, апроч новай хлусьні.

У гэтай кнізе, як спадзяецца аўтар, — дробныя аскялёпкі нашай вялікай праўды, якія, можа, каму-небудзь спатрэбяцца. Для дабра, зразумела.

Калі тое здарыцца, дык аўтар будзе ўдзячны. Выдаўцам, аднадумцам і чытачам таксама.

Вайна i перамога

Эсэ

Вайна абрынулася на краіну зьнянацку, яе страшныя праявы паўсталі перад людзьмі нечакана і, невядомыя ў ранейшым жыцьці, ашаламілі мільёны. У тым ліку і вайскоўцаў — кадравых камандзіраў ды начальнікаў. Памалу, аднак, людзі пачалі прызвычайвацца да жахлівай ваеннай рэчаіснасьці, неяк мірыцца з уласным бязрадасным лёсам. Стала ўжо зразумела, што вайна не на адзін год, што ваяваць прыйдзецца доўга і трэба прыстасоўвацца да яе экстрэмальных умоваў. Дзесьці на другім годзе вайны на фронце пачаў складвацца імправізаваны франтавы быт. На ўчастках, якія не вялі баявых дзеяньняў і стаялі ў абароне, у людзей паявілася слабая надзея выжыць — калі не да канца вайны, дык хоць бы да канца тыдня, да ранку. I людзі ўладкоўваліся — кожны на месцы, куды яго загнала вайна. Штабісты дружна і арганізавана абжывалі ацалелыя куткі ў спаленых тылавых вёсках, другім-трэцім радам мацавалі накаты камандных ды назіральных пунктаў; артылерысты парадкавалі зямлянкі, ладзілі печы — з жалезных бочак, малочных бітонаў, насьцілалі хвойнікам земляныя нары. Уваход завешваўся плашч-палаткай — гэтым унівэрсальным чырвонаармейскім сродкам, што засьцерагаў ад непагоды і сьцюжы. Немцы ўсю вайну карысталіся цёплымі коўдрамі, мы ж традыцыйна абыходзіліся шыняльком — у баі, на адпачынку, уначы. Пяхота ў завеяных сьнегам ці залітых дажджом траншэях, ратуючыся ад непагадзі, капала лухі-ячэйкі з палічкамі для гранат і патронаў ды абавязковай прыступкай, каб, як прагучыць сыгнал, выскачыць з акопу — у атаку.

Выскокваць у атаку даводзілася часта нават у працяглай, шматмесячной абароне. Вышэйшыя начальнікі памяталі і непарушна выконвалі жалезны загад Вярхоўнага: не даваць захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўначы, няспынна біць яго і выматваць. Таму і білі, і выматвалі. Нават калі не хапала ні зброі, ні боепрыпасаў, калі на гарматы прыпадала па чвэрці боекамплекту і на кожны стрэл трэба было браць дазвол старэйшага камандзіра. У абароне рэгулярна праводзіліся звычайна крывавыя «разьведкі боем», штоночныя «пошукі разьведчыкаў», бясконцыя «паляпшэньні» абарончых пазыцыяў. Некаторыя палкі і дывізіі, падначаленыя надзвычай старанным ці дужа патрыятычна настроеным камандзірам, на працягу многіх месяцаў атакавалі адныя й тыя ж вышыні, кладучы на іх схілах тысячы людзей, ды так і не дабіваючыся колькі-небудзь прыкметнага посьпеху. Людзей не шкадавалі. Усё на фронце было лімітаванае, усё дэфіцытнае і нармаванае, апроч людзей. З тылу, са шматлікіх пунктаў фармаваньня і навучаньня няспынным патокам ішло да фронту папаўненьне — масы схуднелых, зьнямоглых ад тылавой муштры людзей, якія трошкі навучаныя былі валодаць вінтоўкай, але не заўжды разумелі па-расейску. Усе яны папаўнялі парадзелыя ў няспынных баях часткі, каб заўтра ж пад шквальным нямецкім агнём падняцца ў атаку ды тут жа і ўпасьці долу. Камандзірам у стралковым ланцугу каштавала немалых высілкаў іх падняць, і нярэдка на полі бою можна было бачыць, як камандзір роты, бегаючы ўздоўж ланцуга, паднімае кожнага высьпяткам. Падняўшы аднаго, бяжыць да наступнага, і пакуль паднімае таго, задні зноў кладзецца долу — забіты ці зь перапуду. Бегаць так доўга пад агнём, вядома, ня мог і ротны, які таксама неўзабаве выбываў са строю. На некаторых участках фронту такіх бязглуздых, марных атак было мноства, яны ішлі чарадой; мяняліся байцы і камандзіры, але загад атакаваць заставаўся ў сіле. Калі дарэшты выбівалі палкі і батальёны, дывізію адводзілі ў тыл на перафармаваньне, а ўцалелых камандзіраў прадстаўлялі да ўзнагародаў: за няўхільнасьць волі ў выкананьні загаду — была такая ўзнагародная формула. Можна было толькі зьдзіўляцца, што ніхто не пярэчыў і не пратэставаў супраць такой яўнай бязглузьдзіцы. Але за тым, каб усе пакорліва маўчалі, пільна сачылі ня толькі вышэйшыя камандзіры, але і паліторганы, упаўнаважаныя асобых аддзелаў, вайсковыя трыбуналы, пракуратура. Загад камандзіра — закон для падначаленых, а на строгасьць начальніка ў арміі скардзіцца забаронена.

Вайна, аднак, вучыла. Не ранейшая, даваенная вайсковая навука, не вайсковыя акадэміі, тым больш, паскораныя курсы вайсковых вучэльняў, але асабісты вайсковы досьвед, які клаўся ў аснову баявога майстэрства камандзіраў. Пералом у вайне, калі пасьля першых разгромных месяцаў настала пэўная раўнавага сілаў, звычайна зьвязваюць з тым фактам, што кадравыя камандзіры канчаткова адцураліся ад свае вайсковае навукі, а мабілізаваныя з запасу, учарашнія інтэлігенты авалодалі ёю на практыцы. Вайсковыя дзеяньні пачалі набываць элемэнт разумнасьці. Вельмі хутка аказалася, што баявыя статуты, створаныя на падставе досьведу грамадзянскай вайны, мала адпавядаюць характару новай вайны і, у лепшым выпадку, бескарысныя, калі ня шкодныя ў сваім прымяненьні. На самой справе, чаго варта было толькі адно іх патрабаваньне аб месцы камандзіра ў баі — наперадзе ланцуга, што заўжды прыводзіла да хуткай пагібелі камандзіра, пасьля чаго падразьдзяленьне, застаўшыся без галавы, хутка страчвала якое-небудзь баявое значэньне. Паэшалённая будова пяхоты пры наступленьні заўжды выклікала занадта вялікія страты, асабліва ад мінамётнага агню ворага. Зразумеўшы тыя і шмат якія іншыя недарэчнасьці, Сталін вымушаны быў пайсьці на перапрацоўку статутаў, і ўжо ў ходзе вайны паявіліся новыя статуты пяхоты — частка I і частка II. У той час, як у войску жорстка караўся нават намёк на перавагу нямецкай тактыкі або нямецкае зброі, дзесьці наверсе, у генштабе, гэтая перавага ўсё ж улічвалася, і зь яе рабілі пэўныя высновы. Са згоды Вярхоўнага тое патроху ўкаранялася ў войску.